• На Случчыне забароняць продаж таннага віна
  • Audio4.01 MB
  • 17.04.2011

Пачынаючы з 1 чэрвеня гэтага году на Случчыне ўводзіцца забарона на продаж таннага пладова-ягаднага віна. Ці забарона такога кшталту напояў зьяўляецца эфэктыўным сродкам у барацьбе з алькагалізмам? – спрабавалі даведацца карэспандэнты Польскага Радыё ў лекараў.

З 1 чэрвеня бутэлькі з пладова-ягадным віном, гэтак званым “чарнілам”, зьнікнуць з прылаўкаў у Слуцку. Пра мэты экспэрымэнту нам распавядае намесьнік старшыні Слуцкага райвыканкаму Ала Русак.

А. Русак: У нашым горадзе будзе праводзіцца двухмесячны экспэрымент па скарачэньні спажываньня пладова-ягаднага віна. Робім мы гэта дзеля цьвярозага ладу жыцьця. Мы тлумачым нашыя дзеяньні людзям, і яны нармальна гэта ўспрымаюць. Пладова-ягадныае віно п’е толькі вельмі спэцыфічная катэгорыя людзей. Вінаграднае ж віно на прылаўках застанецца. Як і каньяк, і гарэлка.

Мясцовыя ўлады лічаць, што эканамічныя страты ад такой забароны будуць нязначныя. Продаж пладова-ягадных вінаў на Случчыне ў апошнія гады пастаянна падаў – кажа  Ала Русак.

А. Русак: Рэалізацыя пладова-ягаднага віна зьніжалася. А наш віна-гарэлкавы завод “Колас” нядаўна мадэрнізаваўся, паставіў новую італьянскую лінію й цяпер вырабляе не пладова-ягаднае, а вінаграднае віно й каньячныя напоі.

Чым таннае пладова-ягаднае віно адрозьніваецца ад вінаграднага віна й гарэлкі? Перадусім, ступеньню ачысткі ад сівушных алеяў - кажа нам Алена Аляксандраўна, дасьведчаны лекар, які працуе ў адным з участковых шпіталёў.

Алена Аляксандраўна: Уплыў алькагольных напояў на здароўе чалавека напрамую залежаць ад таго, колькі ў іх утрымліваецца ацэтальдэгідаў ды іншых прымесяў, якія папулярна называюцца сівушнымі алеямі. Чым менш такіх рэчываў у этылавым сьпірце, тым вышэйшая якасьць напояў. Працэс прадукцыі пладова-ягаднага віна выглядае так, што ў ім застаецца вельмі шмат сівушных алеяў. Гэтым яно й адрозьніваецца ад гарэлкі ці вінаграднага віна. Гэтым жа адрозьніваюцца ад якаснай алькагольнай прадукцыі разнастайныя падробкі гарэлкі, сьпірту ды каньняку. Чаму гэтае віно таннае? Таму, што яно дрэнна ачышчанае ад ацэтальдэгідаў.

Тыя, хто вынаходзіў тэхналёгію вырабу пладова-ягаднага, зразумела, ня ставілі сабе за мэту ствараць прыладу забойства й масавай алькагалізацыі насельніцтва. Яны стваралі таннае сталовае віно. У малых дозах яно абсалютна няшкоднае. Але ў вялікіх ператвараецца ў яд – кажа лекар. Сівушныя маслы разбураюць печань, ныркі, мозг. Праблема заключаюцца не ў самім віне, а ў тым, што п’юць яго алькаголікі й п’юць у велізарных колькасьцях. Забарона гэтак званага “чарніла” ня вырашыць праблему алькагалізму - пераканана Алена Аляксандраўна.

Алена Аляксандраўна: Беручы пад увагу тое, што культуры спажываньня алькаголю ў нас няма, я можа б і падтрымала забарону пладова-ягаднага віна. Але ў гэтым выпадку за вырашэньне праблемы бяруцца не з галавы, а з хваста. Людзі пачнуць гнаць самагонку, таму што алькагольная залежнасьць – гэта хвароба. Хто п’е гэтую сівуху бутэлькамі?  Алькаголікі жа й п’юць! Яны не пяройдуць на віно па 30 тысячаў і гарэлку.

Людзей пасьля сарака вылячыць ад алькагалізму вельмі цяжка. Таму, каб перамагчы алькагалізацыю насельніцтва, трэба асаблівую ўвагу зьвярнуць на моладзь ў малых гарадах і вёсках – кажа лекар. Іх можна ўратаваць.

Алена Аляксандраўна: Трэба працаваць з моладзьдзю. Ня проста ім лекцыі чытаць. Трэба рабіць так, каб у іх зьявіліся пэрспэктывы ў гэтым жыцьці, каб яны не сьпіваліся. Чаму сьпіваюцца людзі? Таму што гэта адзіны спосаб ўцекчы ад рэчаіснасьці. Адзіны даступны для іх спосаб уцекчы ад рэчаіснасьці! Значыць, трэба мяняць рэчаіснасьць – хоць бы трошкі...

Лекары й настаўнікі  ў вёсках ужо даўно працуюць з сем’ямі, дзе бацькі злоўжываюць алькаголем. Але гэтага мала. Перадусім у правінцыі трэба ствараць магчымасьці працы для моладзі. Каб супрацьстаяць алькагалізацыі насельніцтва, ня трэба забараняць пладова-ягаднае віно. Замест гэтага неабходна забараніць рэкламу піва – перакананы лекар.

Напэўна, ня ўсе нашыя слухачы ведаюць, што Амэрыканская асацыяцыя мэдыкаў занесла алькагалізм да сьпісу цяжкіх хваробаў яшчэ ў 1956 годзе. Алькагалізм – гэта цяжкая хранічная хвароба, прычым сьмяротна небясьпечная.


Аляксандар Папко