• Рэдакцыйная пошта
  • 16.04.2011

Шчыра вітаю ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!

Я сардэчна ўдзячны за вашу карэспандэнцыю. У прыватнасьці, надоечы свае допісы прыслалі Сяргей Балбасаў з Гомельшчыны, Алесь Шустоўскі з Барысава Менскай вобласьці, Мікалай Волчык зь Берасьцейшчыны, Яўгенія Цюркіна з Магілёва, Валяр’ян Здановіч з Горадні, Сяргей Магонаў з Кобрына Берасьцейскай вобласьці, Канстанцін Праватораў з Украіны.

У карэспандэнцыі закранаюцца разнастайныя тэмы. Але ёсьць і дамінуючая. Усе аўтары допісаў, за выключэньнем Алеся Шустоўскага, закранулі праблематыку прыёму нашай станцыі ў новым вяшчальным сэзоне.
Таму дзьве перадачы “Рэдакцыйнай пошты” будуць прысьвечаны гэтай тэме.
Сяргей Балбасаў, наш пастанны слухач зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласьці, прыслаў вялікую колькасьць рапартаў і аналіз чутнасьці на ўсіх частотах у каротка- і сярэднехвалевым дыяпазоне. Я перакажу гэтыя занатоўкі.
612 кГц. Сыгнал ідзе зь перашкодамі ад іншых вяшчальнікаў. Часьцей за ўсё гэта маскоўскі перадатчык радыё “Голас Расеі”.
1386 кілягерц. Пакуль перадачу чутно цягам усёй гадзіны. Аднак зьяўляюцца шумы і заміраньні, у выніку якіх чутнасьць можа зьнікнуць на дзьве – тры хвіліны.
11760 кГц. Чутнасьць добрая. Асаблівых перашкод не ўзьнікае.
11955 кілягерц. Быў прыемна зьдзіўлены, што ў гэтым сэзоне ня чутна “Голасу Турцыі”, які летась перашкаджаў з частаты 11965 кГц. Сытуацыя на гэтай хвалі стабільная. Толькі зрэдчас тут бываюць вельмі невялікія шумы і заміраньні.
15480 кілягерц. Сыгнал тут таксама стабільны. Перашкод няма.   
Магіляўчанка Яўгенія Цюркіна склала рапарты аб прыёме. 30 сакавіка на 15480 кілягерцах чутнасьць была выдатнай. Такая ж карціна назіралася на гэтай жа частаце 4 красавіка. 9 красавіка чутнасьць на 11760 кГц была на адны “пяцёркі”.

Сяргей Магонаў прыслаў 7 справаздач аб прыёме. Кобрынец маніторыў нашы перадачы з 31 сакавіка да 3 красавіка на некалькіх частотах. Начны эфір 2 красавіка чуўся на 612 кілягерцах на 34333 паводле SINPO. 1 красавіка вечаровая рэтрансьляцыя на частаце 1386 кГц прымалася наступным чынам: 34233. Двойчы 11760 кілягерц лавіліся на стабільную “чацьверку”. Частата 11955 кГц таксама характарызуецца добрым прыёмам. Пра гэта сьведчаць рапарты за 31 сакавіка, 1 і 3 красавіка.
Гарадзенец Валяр’ян Здановіч піша, што на хвалі 19 мэтраў добрая чутнасьць: назіраецца ўстойлівы сыгнал, атмасфэрных шумоў няма, інтэрфэрэнцыя адсутнічае. У Горадні не ўдаецца прыняць 25 мэтраў і СХ. Тымчасам у Шчучыне прыём на 1386 кілягерцах добры.

Канстанцін Праватораў з Украіны інфармуе, што “зь пераходам на новыя частоты чутнасьць зьмянілася з добрай на выдатную”. Словы запарожскага DX-іста пацьвярджаюць ягоныя рапарты. У прыватнасьці, прыём 27 сакавіка на частаце 11760 кГц і 28 сакавіка на частаце 15480 кГц так ацэнены паводле SINPO: 55455.    

Нагадваю, што рапарты аб прыёме можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Справаздачы таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Рапарты пра чутнасьць магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі і віцебскі адрасы нашай станцыі. Я назаву іх напрыканцы агляду радыйнай пошты.
Нагадваю, што працягваецца конкурс у межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Калі ласка, азнаёмцеся з ягонымі ўмовамі.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны і разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Меркаваньні прагучаць у перадачы “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Я шчыра запрашаю ўсіх вас, паважаныя сябры, прысылаць заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”. Кожны тыдзень па нядзелях гэтая рубрыка цешыць слухачоў добрай польскай і беларускай музыкай. Калі вы хочаце атрымаць блянк для складаньня віншаваньняў ці прывітаньняў, пішыце на адрас віцебскай паштовай скрынкі. Я апэратыўна адпраўлю вам фармуляр заяўкі.

Калі ласка, прысылайце новыя пісьмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце. Сардэчна запрашаю!

Юрась Сьцяпанаў