• "Паміж радкоў" - камэнтар ад У.Падгола
  • 16.04.2011


Выбух на станцыі мэтро ў цэнтры Менску стаў асноўнай падзеяй тыдня. Кожны дзень амаль па дзьве гадзіны асноўныя прэзыдэнцкія тэлеканалы вядуць ідэялягічную апрацоўку грамадзянаў Рэспублікі, фармуючы ў іхных душах нянавісьць да забойцаў і… апазыцыі.
Усё часьцей гучыць пытаньне: “Як стала мажліва трагэдыя?”

Газэта “СБ” за 14 красавіка ў рэдакцыйным артыкуле піша: “Вельмі падобна, што Шарамет указаў правільны адрэс, дзе высьпявалі забойцы – апазыцыйнае асяродзьдзе!” Тут трэба патлумачыць, што на сваім сайце Павал Шарамет напісаў, што мажліва тэрарыст, які ўзарваў бомбу, ёсьць апазыцыянэр-адзіночка. Гэтую цытату растыражавалі ў СМІ шматлікія ідэалягічныя паслугачы дыктатара, і вось Якубовіч і зрабіў выснову, пра асяродзьдзе для забойцаў – апазыцыю.
Газэта “СБ” за 15 красавіка прысьвяціла цэлы артыкул крытычнаму аналізу рэакцыі асобных апазыцыйных партыяў на выбух у занатоўцы “Хата з краю”. Такой увагі партыі ня мелі вельмі даўно. Чаму ўзьнік гэты тэкст? Справа ў тым, што Лукашэнка на нарадзе з сілавымі міністрамі 11 красавіка пасьля выбуху заявіў наступнае: “Мы сёньня шукаем саўдзельнікаў і заказчыкаў. Можа быць, гэтыя так званыя палітыкі ад пятай калёны нам раскрыюць карты й пакажуць, хто заказаў? Можа хто з уладаў? Усіх дапытаць. У рамках крымінальнай справы ўсіх прыцягнуць і дапытаць, нягледзячы ні на якую дэмакратыю, вой і стогны замежных “страдацелей”. Матэрыялы ёсьць: бярыце, і хай тлумачаць, адкуль у іх гэта інфармацыя. Апазыцыя можа існаваць у нашай дзяржаве, але пятай калёны ў краіне ня будзе”.

Гэтае выказваньне паказалі ўсе прэзыдэнцкія тэлеканалы 11 красавіка й паказвалі кожны дзень апасьля.
І раптам у сераду паслугачы Лукашэнкі, высокія чыноўнікі Радзькоў і Рубінаў па тэлебачаньні пачалі тлумачыць, што меў на ўвазе іхны гаспадар. Яны казалі, што апазыцыя мусіць існаваць і ніхто ня будзе праводзіць рэпрэсіяў супраць яе актывістаў.

У сваю чаргу “Народная воля” за пятніцу дае свой погляд на прычыну трагедыі. У занатоўцы “У 2005 годзе “віцебскіх падрыўнікоў ужо знаходзілі” пішацца падрабязна, як пасьля двух выбухаў у Віцебску, якія зьдзейсьніў спайманы зараз маньяк, затрымалі абсалютна недатычных да выбухаў братоў Мурашкаў, пратрымалі іх у турме поўгады, катавалі, зьбівалі, патрабуючы прызнаньняў, потым арыштавалі актывіста “Маладога фронту” з Жодзіна, афіцэра КДБ Дзямідава. А сапраўдны злачынца заставаўся на свабодзе й ўдасканальваў сваё майстэрства. Ён жа зьдзейсьніў выбух на Дзень незалежнасьці 2008-га года. І зноў за краты кінулі дзясятак апазыцыйных актывістаў - амаль усё кіраўніцтва АГП. І зноў выбухоўшчык ня трапіў у сілкі тых, хто абавязаны бараніць спакой людзей. Дык хто вёў злачынцу да забойства людзей у Менску? Хто бараніў яго свабоду й мажлівасьць рыхтаваць масавае забойства? Апазыцыянэры, якіх ні за вошта кідалі за краты? Ці паслугачы дыктатара?

Дарэчы, трагедыя на час засланіла ў сьвядомасьці эканамічныя праблемы, пра што піша ў “Народнай волі” публіцыст Класкоўскі. Па тэлебачаньні мэр Менска Ладуцька супакоўвацў грамадзянаў, якія скупалі цукар і алей, ганьбіў панікёраў. А на наступны дзень алей у Менску падаражэў на 50%. І гэта стала яшчэ адным маленькім выбухам хлусьні ўладатрымальнікаў.

Праўладныя СМІ паведамляюць пра салідарнасьць, якая ўзьнікла ў грамадзтве падчас і пасьля трагедыі. Да нас прыляцелі спэцыялісты (урачы й спэцы антытэрору) з розных краінаў сьвету, нават зь Ізраілю. Сьвятары праваслаўнай царквы й каталіцкай Філарэт і Кандрусевіч зладзілі малебны на месцы трагэдыі

Але вось што цікава. Той, хто пільна глядзеў, як пасажыры выносілі ахвяраў тэракту з мэтро, аказвалі ім першую дапамогу, хаця шмат хто з іх быў паранены, маглі зазначыць, што сярод тых, хто дапамагаў, не было бачна ніводнага міліцыянта. А на станцыі ля палаца Адміністрацыі Лукашэнкі дзяжурыць каля 10 міліцыянтаў. Што рабілі яны, калі людзі паміралі?

Дарэчы, наконт мэнталітэта беларусаў. Дыктатаравы тэлеканалы кожны дзень паказваюць заклікі жыхароў Менска жорстка пакараць забойцаў. Але гітом застаецца меркаваньне аднаго народнага артыста Беларусі, які сказаў літаральна наступнае: “Дарэмна некаторыя крытыкуюць Максіма Горкага, які казаў, што калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць!” Трэба чацьвертаваць гэтых забойцаў і паказаць гэта людзям”. Падобная ідэя пакутлівага, расьцягнутага ў часе катаваньня й забойства злачынцаў з паказам па тэлебачаньні гучыць з тэлеэкранаў Лукашэнкі амаль кожны дзень.

Пройдзе тыдзень-другі й грамадзяне пераключацца на пабытовыя праблемы. Адсутнасьць валюты ўжо прывяла да скачка коштаў. Цэны стануць яшчэ большымі. Да людзей можа дайсьці тое, што менавіта ўладатрымальнікі давялі тэрарыстаў за масавага забойства, бо замест злачынцаў у 2005 годзе і 2008 зьнявольвалі апазыцыянэраў. І тады нянавісьць людзей можа абрынуцца на ўладазахопніка. Але для гэтага мусіць працаваць апазыцыя.
“Комсомольская правда в Беларуси” за пятніцу піша пра тое, што амбасадар Летувы Эдмінас Багдонас паведаміў пра тэлефонную размову міністраў аховы здароўя Летувы й Беларусі, падчас якой летувіскі міністар прапанаваў беларускаму аздараўліваць ахвяраў тэракту ў санаторыях Друскенік і Палангі за кошт Літвы. Пра гэта лукашэнкаўскія тэлеканалы Беларусі не паведамляюць.

Уладзімір Падгол

Ад Рэдакцыі: Тэкст зьяўляецца ўласным поглядам аўтара й не адлюстроўвае пазыцыі АТ “Польскае радыё”.