• Свабода інтэрнэту па-беларуску
  • Audio4.16 MB
  • 18.04.2011

Міжнародная праваабарончая арганізацыя „Freedom House”  прадставіла даклад „Аб стане свабоды карыстаньня інтэрнэтам у 2009-20010 гадох”. Даклад “Freedom on the Net 2011” адлюстроўвае сытуацыю ў 37 краінах сьвету. Беларусь апынулася ў шэрагу 11 краінаў, дзе карыстаньне інтэрнэтам акэсьлена ў якасьці несвабоднага.

У рубрыцы, прысьвечанай Беларусі, можна даведацца, што доступ да сеціва ў краіне мае каля 27%, ды й кошт карыстаньня сусьветым сецівам даволі высокі.

Аўтары публікацыі зьвяртаюць увагу на тое, што Беларусь зьяўляецца адной з краінаў, дзе існуе цэнзура ў сеціве, а некаторыя сайты зьяўляюцца нявыгаднымі для ўладаў.

Цэнтралізаваны кантроль за падключэньнем да міжнароднага інтэрнэт-трафіку таксама дазваляе ўладам абмяжоўваць доступ да нявыгадных ёй інтэрнэтрэсурсаў. У дакукмэнце зьвяртаецца таксама ўвага на масавыя кібэратакі на невыгодныя ўладам апазыцыйныя сайты.

Доказам вышэй сказанага зьяўляюцца блякады сайтаў „Беларускі партызан” і „Хартыя 97” на мінулым тыдні. Наступным крокам было даручэньне Генэральнай пракратуры  заблякаваць доступ да гэтых сайтаў дзяржаўным ворганам, а таксама навучальным і культурніцкім установам.

Камэнтуючы блякаду згаданых сайтаў начальнік упраўленьня па даглядзе за выкананьнем заканадаўства Гепракуратуры Павал Радзівонаў патлумачыў, што пастанова аб унясеньні згаданых рэсурсаў у сьпіс абмежаванага доступу была прынятая 23 сакавіка й цяпер была выкананая, паколькі гэтыя рэсурсы зьмяшчаюць інфармацыю, якая супярэчыць задканадаўтву й не зьяўляецца праўдзівай.

Варта зьвярнуць увагу на тое, блякада сайтаў зьбеглася ў часе з заявай генпракурора Рыгора Васілевіча аб патэнцыяльнай адказнасьці аўтараў некаторых публікацый у СМІ й інтэрнэце пра тэракт. Па словах генпракурора, гэта зьвязана з тым, што ў сеціве паявіліся камэнтары, якія дыскрэдытуюць Беларусь.

Рыгор Васілевіч: Гэтыя публікацыі мелі зьдзеклівы й зьняважлівы сэнс. Паявіліся розныя спэкуляцыі ды інсынуацыі. Я думаю, што некаторыя аўтары недапушчальных публікацыяў будуць выкліканыя на допыт у рамках сьледзтва па крымінальнай справе.  У залежнасьці ад таго, якія выпады былі імі зьдзейсьненыя, будзе вырашацца пытаньне аб іх адказнасьці.

Генпракуратура заяўляе аб неабходнасьці навядзеньня парадку ў сеціве. А тым часам у панядзелак у Страсбургу пачалася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная свабодзе інтэрнэту, якую зладзіла Рада Эўропы. Межы свабоды ў сеціве, абавязкі адміністратараў і роля дзяржавы – гэта толькі некаторыя тэмы, якія абмяркоўваюць удзельнікі канфэрэнцыі. А сярод іх прадстаўнікі Радаў, індывідуальныя прадпрымальнікі, навукоўцы й прадстаўнікі грамадзтва.

Анджэй Гэбэр: На думку арганізатараў, апошнія падзеі ў краінах Паўночнай Афрыкі й сьледзтва ў справе „WikiLeaks”  паказалі, як некаторыя структуры блякуюць доступ да сеціва, наколькі проста можна пазбавіць мільёны людзей магчымасьці свабоднай камунікацыі й выказваньня ўласных поглядаў – адным словам парушыць іх асноўнае права, гарантаванае канвэнцыяй. Дзе знаходзяцца межы ўмяшальніцтва, каб не парушаць правоў чалавека й прынцыпаў дэмакратыі? – гэта адно з пытаньняў, на якое паспрабуюць адказаць удзельнікі канфэрэнцыі.

Паколькі Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай Рады Эўропы, то наўрад ці прадстаўнікі афіцыйных уладаў прымаюць удзел у згаданай канфэрэнцыі. Аднак ім таксама варта прыслухацца да словаў, якія гучаць у Страсбургу. У прыватнасьці заклік генэральнага сакратара Рады Эўропу Турбёрна Яглянда імкнуцца да таго, каб свабоды ў інтэрнэце было як мага болей, а юрыдычных рэгуляцыяў неабходны мінімум.

Калі ж беларускія  ўлады надалей будуць заставацца „глухімі” на разумныя аргумэнты і ўсялякімі способамі абмяжоўваць доступ да свабоднага карыстаньня інтэрнэтам, Беларусь надалей будзе заставацца ў кампаніі Тайлянда, Бахрэйна, Этыёпіі, Туніса, Кітая, Кубы, Бірмы ды Ірану. Сябры, хаця й экзатычныя, але надта далёка.

Караліна Русіновіч