• Рэдакцыйная дыскусія
  • 20.04.2011

Запрашаю на перадачу “Рэдакцыйная дыскусія”, якая рыхтуецца на падставе вашых лістоў у рэдакцыю. Назьбіралася ў нас шмат лістоў ад слухачоў, не заўсёды ўдаецца іх выкарыстоўваць без пратэрміноўкі. І вось перада мною ліст ад нашага слухача зь Менску Міхаіла Шавеля, які быў актыўным удзельнікам конкурсу, прысьвечанага роўнасьці жанчын і мужчын. Праўда, конкурс ужо завершаны, але працы яшчэ ёсьць, і шкада іх не прадставіць увазе нашых слухачоў, таму сёньня я працытую фрагмэнт працы спадара Міхаіла. Ён піша, што шмат часу прысьвяціў пошукам адказаў на конкурсныя пытаньні, часта езьдзіў у бібліятэку, дзе карыстаўся рознымі друкаванымі матэрыяламі, а таксама інтэрнэтам, паколькі дома кампутара няма. І вось што піша спадар Міхаіл:

“Розныя меркаваньні на тэму парытэтаў у палітычным жыцьці прагучалі ў вашым эфіры. У Беларусі лічаць, што жанчын тут не дыскрымінуюць. У беларускім парлямэнце яны займаюць больш чым адну трэцюю ўсіх крэслаў. Але палітычнай актыўнасьцю яны, на жаль, не вылучаюцца. І гэтыя пытаньні ў нас не дыскутуюцца.

У суседняй Польшчы гэтае пытаньне актыўна абмяркоўваецца. Частка палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў лічаць, што полькі менш актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці краіны, і каб ліквідаваць гэты недахоп, неабходна прыняць на дзяржаўным узроўні закон, які замацоўваў бы становішча жанчын. Напрыклад, прапаноўваюць у выбарчыя сьпісы зьмяшчаць пароўну кандыдатаў мужчын і жанчын. А некаторыя лічаць, што для жанчын і 30-35% хопіць. Ёсьць і праціўнікі гэтай ідэі, якія выступаюць супраць папяровай роўнасьці жанчын з мужчынамі.

У Беларусі, як і ў суседніх краінах, лічылася, што роля жанчыны заключаецца ў паўсядзённым даглядзе хаты, дзяцей і хатняй гаспадаркі. У нас добра ведаюць прымаўку: “У бабы дарога ад пячы да парога”. Але на пачатку 20-ага стагодзьдзя грамадзтва абудзілася й жанчыны сталі праяўляць актыўнасьць, патрабаваць правоў. У гэтым імкненьні іх падтрымліваюць і мужчыны-рэвалюцыянеры(...)

Яшчэ ў старажытнасьці многія жанчыны зарэкамэндавалі сябе як выдатныя арганізатары. Умела кіравалі сваімі краінамі егіпецкая ўладарка Клеапатра, грузінская царыца Тамара. І ў царскай Расеі шмат часу на троне былі жанчыны. Напрыклад, пры Кацярыне Другой, за кошт суседзяў, значна пашырылася расейская імперыя, была зьнішчана польская дзчяржава, залітая крывёю Беларусь. За гэтыя “подзьвігі” Аляксандру Сувораву падаравалі горад Кобрын і землі вакол яго. У гэтай царыцы-распусьніцы было многа кавалераў, якія мелі вялікі ўплыў на яе палітыку.

Вялікая залежнасьць ад фаварытаў назіралася й сярод жанчын каралеўскага роду на Захадзе. Шмат беззаконьня й несправядлівасьці зьдзейсьнілі ў Гішпаніі каралева Марыя ды яе дачка Ізабэла. І зрабілі яны гэта пад вялікім уплывам сваіх сквапных і жорсткіх палкаводцаў, а таксама фанатыкаў-інквізытараў. Усё гэта закончылася крахам каралеўскай улады ды інквізыцыі. Цяпер Гішпанія – адна з самых дэмакрытчных краін сьвету.

У наш час на Захадзе выдатна зарэкамэндавалі сябе выдатныя палітычныя дзеячы-жанчыны. У былым СССР, нягледзячы на штодзённыя запэўніваньні ўлады аб роўнасьці мужчыны й жанчыны, высокія пасады займалі ў асноўным асобы мужчынскага полу. Жанчынам адводзіліся пераважна другарадныя ролі. У Беларусі, напрыклад, сакратарамі ЦК КПБ былі толькі мужчыны. Амаль такая ж карціна назіралася на абласным і раённым узроўні. Толькі некалькі жанчыны у Беларусі былі сакратарамі райкамаў партыі.(...)

У савецкі час усе пасады разьмяркоўваліся. Крэмль прызначаў начальнікаў у рэспублікі, а рэспубліканскія ўлады сваіх правераных людзей слалі кіраваць абласьцямі й раёнамі. Дэпутатаў розных узроўняў выбіралі не народныя масы, а кабінетныя чыноўнікі. Каго яны прызначылі, той і станавіўся “слугой народа”. Паседжаньні дэпутатаў праходзілі сумна. Нярэдка ў прэзыдыюмах драмаў або нават і засынаў выдатны беларускі паэт Максім Танк. Канфуз здарыўся з адным маладым дэпутатам-студэнтам, які падчас сэсіі аднойчы пры галасаваньні ўстрымаўся. Журналісты закідалі яго пытаньнямі: а чаму ён устрымаўся? А той бедалага, праслухаўшы нудныя даклады, задрамаў. А калі сталі галасаваць, то спазьніўся, і выйшла, што ён устрымаўся.”

Вось такія разважаньні пра невясёлую, хаця часам анекдатычную савецкую палітыку прыводзіць наш слухач зь Менску Міхаіл Шавель. Гэта яшчэ ня ўвесь допіс нашага прыхільніка. Праз тыдзень я працягну чытаць яго ліст – у другой частцы допісу аўтар пераходзіць да разважаньняў пра сучасную палітыку, ці неабходна спрасьціць шлях на палітычныя вярхі прадстаўніцам жаночага полу.   

 
нг