• Ці прывядзе беларускі валютны крызыс да палітычных пераменаў?
  • Audio4.86 MB
  • 19.04.2011

 

Беларусь сутыкнулася з самымі вялікімі за апошняе дзесяцігодзьдзе эканамічнымі праблемамі. Якія перамены чакаюць беларускую гаспадарку й ці трэба чакаць палітычных пераменаў?

Стан беларускай гаспадаркі сапраўды выклікае заклапочанасьць. Галоўныя праблемы, зь якімі сутыкнулася краіна – гэта недахоп валюты, неабходнай для  падтрымкі курсу беларускага рубля, вялікая зьнешняя запазычанасьць ды хранічны дэфіцыт гандлёвага балянсу – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Праблемы ўзьніклі з-за таго, што Нацыянальны банк і ўрад не змаглі адмовіцца ад жорсткай прывязкі беларускага рубля да даляра, эўра ды расейскага рубля. Яны не змаглі прадставіць плян памяншэньня дэфіцыту гандлёвага балянсу. Сытуацыю пагоршыла зьнешняя запазычанасьць, якая ўзьнікла з-за крэдытаў, якія брала апошнім часам Беларусь. Акрамя таго ўрад ня змог (альбо не захацеў) прыстасаваць эканоміку да новых цэнаў на эгнэрганосьбіты, асабліва на газ, які мы ўжо купляем па цане 240 даляраў за 1000 кубічных мэтраў.

Звычайныя грамадзяне стаяць у чэргах ля абменьнікаў, а прадпрыемствы ня ведаюць, па якіх коштах прадаваць тавары. У гаспадарцы пануе нэрвовасьць, але крахам гэта назваць нельга. Беларускі ўрад яшчэ мае дастаткова мажлівасьцяў, каб рэфармаваць эканоміку – перакананы Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Сярод усіх эканамічных суб’ектаў пануе нэрвовасьць, але гэта яшчэ не крах. Урад вельмі добра разумее, што дзеля таго, каб залатаць дзірку ў бюджэце ды рэзэрвах Нацыянальнага банку, трэба прадаваць актывы. Расея таксама кажа, што дапаможа нам разам з МВФ, калі мы пачнем рэформы. Па-старому кіраваць беларускі ўрад ужо ня можа, па-новаму – пакуль ня хоча. Таму ў падвешаным стане знаходзяцца беларускія прадпрыемствы, банкі, а таксама тыя людзі, якія хацелі б набыць валюту па афіцыйным курсе, але ня могуць гэта зрабіць. 

Аднак пакуль што ўлады спрабуюць вырашыць усё выпрабаванымі адміністрацыйнымі мэтадамі. Агенцтва БелаПАН перадае, што ўрад зьбіраецца ўвесьці два курсы валюты – адзін пераважна для дзяржпрадпрыемстваў і абменьнікаў, другі – для прыватных фірмаў. Такім чынам, беларускае кіраўніцтва стараецца захаваць твар – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. 

Л. Злотнікаў: Яшчэ месяц ці паўтара таму старшыня Нацбанку й прэзыдэнт заяўлялі, што дэвальвацыі ня будзе, што валюта для насельніцтва ў абменьніках будзе заўсёды. На самой справе выканаць сваіх абяцаньняў яны сёньня ня могуць. Калі яны гэта прызнаюць, то згубяць твар. Здавалася б дробязь – але для палітыкаў гэта важна.

Урад ўводзіць двайны курс валюты таксама каб захаваць кантроль над эканомікай і падтрымліваць дзяржаўныя прадпрыемствы – лічыць Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Дзяржава ня хоча выпускаць стратэгічна важных пытаньняў з-пад свайго кантролю. Частку валюты яна пакне ў сябе й будзе вырашаць, каму гэтую валюту даваць. Па нізкім курсе яна будзе будзе абслугоўваць стратэгічны імпарт –закупку лекаў, аплату энэрганосьбітаў, продаж валюты для пакрыцьця пазыкаў прадпрыемстваў.  Дзяржава будзе падтрымліваць буйныя прадпрыемствы, зразумела, дзяржаўныя. За бртам падтрымкі застанецца бізнэс.

Аднак доўга такі двайны курс утрымліваць ня ўдасца – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Такую палітыку ўлады ўжо праводзілі ў 1996-2001 гадах, і ніякіх вынікаў, акрамя розквіту чорнага рынку, яна не прынесла – кажа эканаміст.

Я. Раманчук: І Расея, і МВФ кажуць, што гэта недапушчальна й пад гэта Беларусь крэдытаў не атрымае. А насельніцтву трэба прызвычайвацца да думкі, што іх рублёвыя ашчаднасьці ды ўклады трэба пералічваць паводле курсу 3800-4000 рублёў за даляр, а не 3100. Гэта плата за тое, што ў 2010 годзе мы “гналі” даходы да 500 даляраў, штучна падтрымлівалі курс рубля, тады калі яго трэба было рабіць вольным яшчэ ў другой палове 2010 году. 

Ці прывядзе крызыс да палітычных пераменаў? Зьмены ўлады ці дэмакратызацыі чакаць ня трэба – лічыць палітоляг Андрэй Казакевіч. Сапраўды, сёньня больш людзей стала цікавіцца эканамічнымі навінамі ды ўвогуле падзеямі ў краіне. Аднак у грамадзтве па-ранейшаму пануе інэрцыя – тлумачыць палітоляг.

А. Казакевіч: Зразумела, пагоршылася эканамічная сытуацыя – людзі пачалі цікавіцца падзеямі. Але так адрэагавалі толькі пэўныя сэгмэнты грамадзтва – тыя, каго гэта зачапіла, тыя, хто ведае, што сытуацыя ўжо ня будзе паляпшацца. Частка людзей усё яшчэ чакае, што сытуацыя нармалізуецца, што Расея дасьць грошы, улады разьбяруцца з валютнымі пытаньнямі і краіна вернецца да свайго звычайнага функцыянаваньня – можа, ня вельмі эфэктыўнага, але стабільнага.

Грамадзяне пачнуць ставіць палітычныя патрабаваньні толькі ў тым выпадку,  калі крызыс зацягнецца прынамсі на год – лічыць Андрэй Казакевіч. Зь іншага боку, Лукашэнка стаў залежны ад фінансавай дапамогі Эўропы й Расеі. Праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў яму не дазволіць Эўразьвяз. А марудзіць з рынкавымі рэформамі яму ня дасьць Масква – лічыць палітоляг.


Аляксандар Папко