• Сардэчна вітаю ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!
  • 23.04.2011

Я шчыра ўдзячны за лісты, якія прыйшлі на віцебскую абанэнцкую скрынку на мінаючым тыдні. Іх частковы агляд будзе зроблены празь некалькі хвілін.

А зараз я нагадваю, што працягваецца конкурс у межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Калі ласка, азнаёмцеся з ягонымі ўмовамі.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку й трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны й разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Найбольш цікавыя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Даўно завяршыўся апошні кашубскі конкурс, падведзены ягоныя вынікі, разасланыя ўзнагароды ўсім пераможцам. Аднак ня кожны зь іх пацьвердзіў атрыманьне прызоў. А вось жыхар Берасьця Алег Панько дык увогуле скардзіцца, што ніякай узнагароды не атрымаў. Што ж, я паўторна адпраўлю падарунак за перамогу ў конкурсе. Але толькі ў якасьці выключэньня.
Напамінаю, што выдатныя адказы ў кашубскай віктарыне дзьве ўдзельніцы выйгралі флэш-карты, а 8 іншых пераможцаў заваявалі кніжную ўзнагароду – цудоўна ілюстраваны “Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. X–XXI стст.”.

Вось як гэтае выданьне характарызуе адзін зь пераможцаў кашубскай віктарыны гарадзенец Валяр’ян Здановіч: “Вельмі ўдзячны за прысланы прыз. Такая самая кніга дапамагла мне ў адказах пра польскі ўдзел у Другой сусьветнай вайне ў пытаньні пра даты заняцьця польскіх гарадоў савецкімі войскамі. Тады такая кніга была зь бібліятэкі. Цяпер маю ўласную. Вялікі дзякуй”.

Трэба адзначыць, што пасьля конкурсаў некаторыя нашы прыхільнікі ня рупяцца пра тое, каб паведамляць пра атрыманьне ўзнагарод – часта вельмі каштоўных. Напрыклад, адзін зь пераможцаў леташняга спаборніцтва радыёаматараў дагэтуль не напісаў пра дастаўку прыза – фірменнага прыёмніка. Мінуў амаль год, а згаданы DX-іст дагэтуль маўчыць.
Я прашу вас, шаноўныя сябры, апэратыўна рэагаваць на дастаўку вашых прызоў за той ці іншы конкурс. Інфармацыя пра атрыманьне падарункаў мае істотны характар. Яна важная для арганізацыі чарговых конкурсаў. Нават скажу адкрыта: ня будзе актыўнай зваротнай рэакцыі – стане менш радыёгульняў.    

Шчыра запрашаю ўсіх вас, паважаныя сябры, прысылаць заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”. Кожны тыдзень па нядзелях гэтая рубрыка цешыць слухачоў добрай польскай і беларускай музыкай. Калі вы хочаце атрымаць блянк для складаньня віншаваньняў ці прывітаньняў, пішыце на адрас віцебскай паштовай скрынкі. Я хутка адпраўлю вам фармуляр заяўкі.

На гэтым тыдні прыйшлі новыя рапарты аб прыёме. У прыватнасьці, справаздачу аб чутнасьці прыслаў берасьцеец Алег Панько. Аднак пацьвердзіць гэты рапарт няма магчымасьці: няверна пазначаны час UTC. 13 красавіка перадача на частаце 612 кілягерц не магла ісьці ў прамежку з 22.20 да 22.50. Як ведама, у новым вяшчальным сэзоне начная рэтрансьляцыя нашага радыё пачынаецца з 21.00 UTC і завяршаецца а 22.00.

Таксама з-за няправільнай інфармацыі не магу выслаць QSL-картку нашаму іншаму прыхільніку Мікалаю Волчыку з Пружанскага раёна Берасьцейскай вобласьці. У сваім рапарце ён неаднаразова памылкова падаваў частоты, на якіх быццам бы прымаў нашы выпускі 29, 30 і 31 сакавіка ды 3 і 7 красавіка. Атрымлівалася, што нас чутно на 11905 і 15245 кілягерцах. Тымчасам мы вядзем перадачы на 11955 і 15480 кГц. Апроч таго, у рапартах прастаўлены час UTC, які быў актуальны ў зімовым вяшчальным сэзоне.

У сваю чаргу, пацьверджаньні высланы Сяргею Балбасаву з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласьці, Аляксандру Мазго зь Віцебска, Сяргею Магонаву з Кобрына Берасьцейскай вобласьці, Яўгеніі Цюркінай з Магілёва, Віталю Якаўлеву зь Петрыкава Гомельскай вобласьці, Аляксандру Ендзе зь Ліды Гарадзенскай вобласьці.

Апошні зь пералічаных слухачоў прыслаў рапарт аб чутнасьці перадачы 16 красавіка. Спадар Ендза прымаў нас уначы з 21.00 да 22.00 UTC на частаце 612 кілягерц. DX-іст так апісаў прыём: “Сыгнал Польскага радыё для замежжа моцны, але напрацягу ўсёй  рэтрансьляцыi назiралiся перашкоды ад некалькіх станцый: ад “Голасу Расеi”, які працуе на той жа частаце 612 кГц, ад працуючага на суседняй частаце 603 кГц “Radio România Actualităţi”. З 21.50 UTC пачаліся нязначныя парашкоды ад арабскай станцыі”. Наш сябра не пазначыў, якое ўсходняе радыё можа перашкаджаць Варшаве. Я мяркую, што назіралася інтэрфэрэнцыя ад эгіпецкай станцыі “Голас арабаў”, якая вяшчае на частаце 621 кілягерц або ад ярданскага перадатчыка на 612 кГц. Аляксандар Ендза паставіў наступныя адзнакі па сыстэме SINPO: 53433.

Нагадваю, што рапарты аб прыёме можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Справаздачы таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Рапарты пра чутнасьць магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі й віцебскі адрасы нашай станцыі. Я назаву іх праз кароткі час.

Апроч QSL, многім слухачам высланы друкаваныя матэрыялы нашай рэдакцыі, у тым ліку й расклады вяшчаньня ў летнім сэзоне.

Калі ласка, прысылайце новыя лісты на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце. Сардэчна запрашаю!

юс