• "Паміж радкоў беларускіх СМІ"
  • 23.04.2011

Тое, што даводзяць да грамадзянаў незалежныя й прэзыдэнскія СМІ па справах выбуху й эканамічнага стану, стала настолькі розным, што выклікала з боку ўладатрымальнікаў рэпрэсіўныя рэакцыі. Штотыднёвік «Наша Ніва» паведамляе: “Белдзяржтэлерадыёкампанія судзіцца з «Народнай воляй».

Лукашэнкаўскі канал укрыўдаваў на публікацыю намесьніцы рэдактара газэты Сьвятланы Калінкінай «Гаворыць і паказвае «Гебэльс-ТВ», прысьвечаную фільму «Плошча. Жалезам па шкле». У ёй журналістка мэтафарычна ахарактарызавала дзяржаўны канал як «Гебэльс-ТВ». Справу «Народная воля» прадказальна прайграла. Як расказала «Нашай Ніве» Сьвятлана Калінкіна, аргумэнтацыя прадстаўнікоў БТ была анекдатычнай. Прадстаўнікі дзяржтэлебачаньня апэлявалі да таго, што афіцыйна іх структура называецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. А канал «Гебэльс-ТВ» у Беларусі не зарэгістраваны. 15 красавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі вынесла газеце папярэджаньне. Але афіцыйнага дакумэнта рэдакцыя яшчэ не атрымала.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі М. Кукліс вынес «Нашай Ніве» папярэджанне за публікацыю ў №14 артыкула «Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спэцслужбаў». Былы палкоўнік вайсковага спэцназа выказваў у ім сваё меркаваньне аб тым, што за тэрактам мог стаяць хтосьці ва ўладзе, зацікаўлены ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. На думку пракуратуры, такое меркаваньне неабгрунтаванае. «Артыкул утрымлівае... паклёпніцкія выдумкі пра дзеяньні праваахоўных органаў», - мяркуе пракурор. У артыкуле пракуратура пабачыла дзеяньні, «накіраваныя на дыскрэдытацыю беларускай дзяржавы». Інфармацыю ў артыкуле пракуратура разглядае як «недаставерную». Папярэджаньне можа быць абскарджана ў законным парадку. Вось тут важна зазначыць парадокс. Следства не скончана, суда яшчэ не было, а пракуратура ўжо ведае, што з уладатрымальнікаў ніхто не далучны да выбухавыканаўцы. Прадстаўнік пракуратуры прывёз папярэджанне ў Рэдакцыю 19 красавіка. Ягоная гутарка з рэдактарам прайшла ў карэктнай атмасфэры. Днём раней, 18 красавіка, галоўнага рэдактара газэты «Наша Ніва» выклікалі ў КДБ і папярэдзілі аб адказнасьці за разгалошваньне матэрыялаў следства па справе аб тэракце 11 красавіка. За апошнія чатыры месяцы гэта была ўжо сёмая сустрэча «Нашай Нівы» з КДБ — да гэтага прайшлі чатыры вобшукі, выманьне тэхнікі, адзін допыт і адно наведваньне для выманьня фота- і відэаматэрыялаў. Цяжка ўявіць сабе, каб у такім рэжыме працавала нейкае выданьне ў любой іншай эўрапейскай краіне. Папярэднія выклікі пераважна былі ў рамках расьсьледаваньня палітычна матываванай справы аб Плошчы. Адначасова Міністэрства інфармацыі накіравала ў адрас рэдакцыі папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня нормаў закона «Аб сродках масавай інфармацыі», паведамляе БЕЛТА. Сама Рэдакцыя яго яшчэ не атрымала. «Наша Ніва» забясьпечыла адно з самых поўных асвятленьняў падзей 19 сьнежня й 11 красавіка. Таксама «Наша Ніва» вычарпальна асьвятляе сытуацыю на фінансавым рынку Беларусі.

На гэтым тыдні аналітыкі падводзілі некаторыя вынікі выбуховых падзеяў апошняга часу. Так, у газэце-штотыднёвіку “Свабодныя новасьці плюс” Карбалевіч зрабіў такія падсумаваньні: “Тэракт выявіў масавы недавер да дзяржаўнага кіраўніцтва…адбылося маральнае непрыняцьце дзеяў улады шырокімі коламі насельніцтва… барацьбу з тэрарыстамі падмянілі барацьбой з апазыцыяй”. А я прывяду толькі адзін яскравы прыклад хлусьні й абалваньваньня насельніцтва. На мінулым тыдні кіраўнік Менска Ладуцька па ўсіх тэлеканалах абураўся панікай людзей з нагоды зьнікненьня ў крамах алея. Чыноўнік абураўся спробамі людзей закупаць алей вялікімі партыямі. Праз некалькі дзён алей зьявіўся на паліцах, але падаражэў на 50%. З гэтай нагоды ўзьнік анекдот НН:

Згодна з апошняй дырэктывай ЦБ РБ, з 01.05.2011 валютныя крэдыты можна пагашаць алеем, грэчкай альбо цукрам.

Гэты анекдот у шмат каго з нашых грамадзянаў выкліча ня сьмех, а сьлёзы. Бо людзі пабралі ў банках валютныя крэдыты. Аддаваць іх можна толькі ў валюце, але купіць валюту легальным спосабам немажліва. Валюты ў абменьніках няма. Пра гэта рэгулярна піша “Народная воля”, журналіст якой робіць пошуковыя. Нацбанк прыпыніў нават продаж цаглінак з золата за беларускія рублі, і тым самым заявіў, што беларускі рубель нічога ня варты. Людзям, каб разьлічыцца за валютныя крэдыты, застаецца прадаваць свае ўнутраныя ворганы замежнікам. Кожны са слухачоў можа на гэтую тэму сам скласьці анекдот.

У нядзелю хрысьціяне Беларусі сьвяткуюць Вялікдзень – дзень, калі Божы сын уваскрос, палякі - вельканоц, праваслаўныя - святкуюць пасху. Пра набліжэньне найвялікшага сьвята хрысьціянаў па прэзыдэнцкіх тэлеканалах практычна нічога ня кажуць. А набліжэньне гэтага сьвята хрысьціяне сьвяткуюць, адмыслова адзначаючы кожны дзень. Затое праваслаўныя атэісты па ўладарных тэлеканалах кожны дзень адзначаюць сьвята чарговага ўваскрэшаньня таго, хто вышэй за Бога. Шоў з уваскрэшаньнэм прэзыдэнта адбываецца кожны год падчас пасланьня беларускаму народу й парляманту. На гэты раз яно прайшло ў чацьвер, а ўсе папярэднія дні чыноўнікі рознага ўзроўню па прэзыдэнцкіх тэлеканалах натхнёна спрабавалі прадбачыць зьмест выступу свайго вышэй-за-Бога. А СТВ напярэдадні зладзіла сьвята-шоў, падчас якога цытаваліся часткі выступу з пасланьня Лукашэнкі год таму, і журналісты з прыдыханьнем зазначалі выкананьне ўсяго абяцанага ўладаром крызаў і напасьцяў. Асабліва цынічна гэта гучала адносна бізнэсоўцаў, якія быццам бы за год расквітнелі, а насамрэч з-за зьнікненьня валюты бізнэсоўцы спынілі працу й распусьцілі працоўныя калектывы на нявызначаны тэрмін.

Выступ уладара выбухаў і панікі – гэта асобная размова, і калі Бог дасьць, пагамонім пра яго асобна. А покуль жадаю вам, каб Вялікдзень адзначаўся ў нас два разы на год: традыцыйна - як узьнясеньне Божага сына да Бацькі, а другі раз як пазбаўленьне беларусаў ад лукавага й ягонае ўзьнясеньне на Божы суд.

уп