• „Дама з гарнастаем” трапіць на замежныя выставы
  • 21.04.2011

Вядомaя карціна аўтарства Леанарда да Вінчы „Дама з гарнастаем” трапіць на выставы ў Бэрліне й Мадрыдзе.

Дакумант аб супрацы надоечы ў Кракаве падпісалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Фундацыі князёў Чартарыйскіх, Нацыянальнага музэю ў Кракаве й Ваяводзкага кансэрватара помнікаў архітэктуры ды гісторыі. Паводле дакумэнту, пасьля заканчэньня замежнай прэзэнтацыі гэты найбольш вядомы твор мастацтва ды адзіная карціна Леанарда да Вінчы ў Польшчы вернецца ў Кракаў.

Нагадаем, карціна „Дама з гарнастаем” Леанарда да Вінчы зьяўляецца ўласнасьцю Фундацыі князёў Чартарыйскіх, але пакуль ён знаходзіцца ў дэпазыце Нацыянальнага музэю. 

Нашым суразмоўцам зьяўляецца Марыя Астэрва-Чэкай, віцэ-старшыня ўправы Фундацыі князёў Чартарыскіх.

Скажыце, калі ласка, як Вы ўспрынялі рашэньне Міністэрства культуры, якое дазволіла паказаць карціну за межамі краіны?

Марыя Астэрва-Чэкай: Зразумела, мяне вельмі абрадавала гэтая навіна, тым больш, што мінуў год з моманту, калі мы пачалі афармляць дакумэнты, каб атрымаць згоду на выезд карціны на тры замежныя выставы. Нагадаю, што апрача Бэрліна й Мадрыду, карціна трапіць таксама ў лёнданскую Нацыянальную галерэю – гэта будзе найважнейшая выстава ў будучым годзе. На гэтую выставу мы атрымалі згоду без праблемаў. У сваю чаргу трэба было аформіць масу дакумэнтаў і атрымаць шматлікія дазволы для таго, каб карціна магла трапіць у Бэрлін. Гэта вельмі цікавая выстава, можна сказаць, зладжаная адмыслова для «Дамы з гарнастаем».  Выстава прадстаўляе сабой экспазыцыю партрэтаў эпохі Рэнэсансу. Ейныя арганізатары хочуць паказаць, што  менавіта „Дама з гарнастаем” - гэта найпрыгажэйшы партрэт, паўстаньнем якога пачалася новая эпоха. Менавіта таму мы былі вельмі зацікаўленыя бэрлінскай выставай.

Чаму Міністэрства культуры патрабавала столькі часу, каб згадзіцца на вываз карціны па-за межы Польшчы?

Марыя Астэрва-Чэкай:  Гэтага я няведаю. Зразумела, гэта няпростае рашэньне, паколькі кансэрватары помнікаў гісторыі заўсёды супраць гэткіх дзеяньняў. Мы гэта разумеем – гэта іх праца. Тым больш, што гэта асабліва каштоўны твор мастацтва - другога такога ў Польшчы няма. Аднак з другога боку, калі б  творы мастацтва не маглі перамяшчацца, то не было б ніякай выставы.

Ці ўплыў на рашэньне Міністэрства культуры мог аказаць факт, што з асабістай просьбай у ведамства зьвярнуўся фундатар Фундацыі князёў Чартарыйскіх, Адам Караль Чартарыйскі?

Марыя Астэрва-Чэкай:  Трэба дадаць, што папярэднія выпадкі, калі карціна вывозілася за мяжу праходзілі са згоды Адама Чартарыйскага і ўправы фундацыі. Такім чынам адбывалася больш за дзесяць разоў, пры нагодзе розных выставаў. Выстава ў Мадрыдзе мае выключны характар, паколькі Адам Караль Чартарыйскі зьяўляецца бліскім сваяком караля Гішпаніі Хуана Карласа. У іх адна бабуля– каралева Гішпаніі, і таму выстава будзе праходзіць у Каралеўскім палацы ў Мадрыдзе. Выстава важная таксама для самога партрэту, паколькі ён ўпрыгожыць выставу пад назовам: „Залатое стагодзьдзе І Рэчы Паспалітай”. Магчыма, што міністар культуры сваім рашэньне хацеў выказаць пашану Адаму Чартарыйскаму .

Кансэрватары пераконваюць, што ў бліжэйшым часе карціна будзе патрабаваць грунтоўнай рэстаўрацыі. У якім яна стане, паводле Вас?

Марыя Астэрва-Чэкай: 19 гадоў таму карціна была дэталёва праверана пры выкарыстаньні сучасных мэтадаў. Гэта адбылося ў Нацыянальнай галерэі ў Вашынгтоне. «Дама з гарнастаем» ўпершыню ў гісторыі свабоднай Польшчы прысутнічала на замежнай выставе з нагоды 500-годзьдзя адкрыцьця Амэрыкі Хрыстафорам Калюмбам. Падчас гэтай праверкі экспэрты сьцвердзілі, што карціна ў дасканалым стане. Можна сказаць, што гэта адзіны жаночы партрэт аўтарства Леанарда да Вінчы, які так дасканала захаваўся. Гэта, зразумела, вельмі добра сьведчыць пра кансэрватараў Нацыянальнага музэю ў Кракаве, якія пра яго вельмі клапоцяцца. Беручы пад увагу лёс твору, які вытрываў войны, захоўваўся ў розных дзіўных месцах, стан «Дамы...» дасканалы. Зразумела, трэба было б правесьці комплексныя дасьледваньня, як, напрыклад, карціны «Мона Ліза» ў Парыжы, паколькі каштоўнасьць згаданых карцін параўнальная. Трэба публікаваць таксама вынікі такіх дасьледаваньняў, бо людзі гэтым вельмі цікавяцца.  

- заявіла Марыя Астэрва-Чэкай, віцэ-старшыня Ўправы Фундацыі князёў Чартарыйскіх.

го/кг/аз