• Велікодныя традыцыі й звычаі ў розных рэгіёнах Польшчы
  • Audio7.09 MB
  • 22.04.2011

Вялікдзень або Пасха - гэта найстарэйшае й самае важнае сьвята ў хрысьціянскім сьвеце. У розных рэгіёнах Польшчы людзі па-рознаму адзачаюць Вялікдзень. Але перад тым, як пачаць сьвяткаваньне, трэба адпаведным чынам падрыхтавацца. Падрыхтавацца ня толькі дзеля таго, каб прыйшоў добры настрой у хату ды на стол, але й у душу.

У пятніцу, паводле хрысьціянскай традыцыі, Хрыстос быў расьпяты на крыжы. Таму гэты дзень зьяўляецца днём жалобы й смутку. У сучаснай рэчаіснасьці было б складана поўнасьцю адызалявацца ад усяго сьвету, каб разважаць пакутніцтва й сьмерць Божага Сына. Але ёсьць спосаб, каб адпаведным чынам перажыць Вялікую пятніцу, - распавядае Бася, якая паходзіць з Сылезіі.

Бася: Вялікая пятніца - гэта дзень без тэлевізара. Гэта дзень разважаньняў, вечарам мы ідзем у касьцёл памаліцца. Мы стараемся правесьці гэты дзень разам у сям’і, абмяркоўваем тэмы, пра якія мы ня мелі часу паразмаўляць раней.

У Вялікую пятніцу ў касьцёлах няма эўхарыстыі, людзі прыходзяць памаліцца ля гроба Гасподняга. Гэтае своеасаблівае набажэнства альбо рытуал таксама мае сваю традыцыю ў розных рэгіёнах. Пра традыцыю, зьвязаную з ганаровай вартай ля гробу Гасподняга, распавядае Марцін з Прыкарпацьця ў паўднёва-усходнім рэгіёне Польшчы.

Марцін: У Вялікую пятніцу ля гробу, альбо такога традыцыйнага ў выглядзе пячоры, куды было пакладзена цела Хрыста, альбо такога мэтафарычнага, стаіць варта. У залежнасьці ад парафіі на варце стаяць розныя асобы. Гэта альбо пажарнікі ў сваіх сьвяточных мундзірах, альбо касьцельныя міністранты ў касьцюмах рымскіх жаўнераў. Гэтыя варты мяняюцца раз на нейкі час аж да Рэзурэкцыйнай імшы. Бывае так, што калі ў касьцёле пачынаецца Рэзурэкцыя, яны выбягаюць з касьцёла на знак, што Хрыстос змёртвыхпаўстаў.

Зазвычай у кожным доме ў Вялікую суботу, як у вульлі – шмат працы, усе занятыя. У гэты дзень асьвячаюцца стравы, якія паявіцца на стале ў Вялікую нядзелю.

Неад'мным сымбалем Вялікадня зьяўляецца пісанка - аздобленае яйка. У некаторых дамох спакон вякоў на сьвяточным стале валадараць традыцыйныя крашанкі (аднатонна афарбаваныя яйкі), і многія гаспадыні прытрымліваюцца менавіта гэтага спосабу афарбоўкі. Ёсць і сапраўдныя шэдэўры. Пра тое, як у некаторых дамох на Мазовіі ўпрыгожваюць сьваточныя яйкі, распавядае спадарыня Ёля.

Спадарыня Ёля: калі гаварыць пра ўпрыгожваньне яек, то мы карысталіся розным зернем, напрыклад, маку, ячменя ды льняным семенем. Мы бралі яйкі, клеем маляваўся нейкі ўзор, а пасьла гэты фрагмэнт абсыпваўся семенем. Калі ён высыхаў, аздаблялася іншая частка іншым зернем і такім чынам атрымлівалісі разнародныя яйкі.

Такія ды іншыя яйкі траплялі ў сьвяточны кошык, які трэба было занесьці асьвяціць у касьцёл.  А што традыцыйна можна знайсьці ў такім сьвяточным кошыку? Гэта таксама залежыць ад рэгіёну.

Бася: Мама кладзе кавалачак каўбаскі, афарбаваныя ў лупінках цыбулі яечкі, заўсёды 12, для кожнага чальца сям’і. Кладзе цёрты хрэн у келішку, масьліца, баранікі з цукру. А ўсё гэта прыкрывае прыгожая сурвэтка й коцікі зь Вялікоднай вярбы. З кошыкам хаджу я з маёй сяброўкай. Мы разьехаліся па сьвеце, але заўсёды раз у год сустракаемся ў Вялікую суботу й ідзем асьвяціць стравы. Я адкрыю такі сакрэт: каб абараніць сям’ю ад хваробаў, трэба зьесьці асьвечаныя коцікі.

Спадар Мар’ян успамінае, што калісьці на вёсках, дзе не было касьцёла, каб мець асвечаныя стравы, людзі прывозілі ў вёску ксяндза.

Мар’ян: Асьвячалася соль, каўбаса, вэндліна, канешне ж, яйка. Бацькі ўсё пеклі самі – і хлеб, і пірагі. Хлеб пяклі з жытняй мукі на заквасе. Гэты хлеб не чарствеў нават 2 тыдні. Да асьвячэньня страваў у вёскі прыяжджаў ксёндз з парафіі. У даўнія часы ксяндза прывозілі фурманкай, пазьней ужо машына. На вёсцы былі 2-3 месцы, дзе асьвячаліся стравы. А мы, як усе дзеці, бегалі, чакалі - калі 1 гадзіну, калі й 2. Усе чакалі ксяндза. Ксёндз асьвяціў, а пасьля яго трэба было адвезьці.

Доўгачаканая недзеля пачынаецца ўрачыстай Рэзурэкцыйнай імшой у касьцёле, а пасьля:

Спадарыня Ёля: Рана езьдзілі ў касьцёл, вярталіся вярхом альбо на фурманках, і былі гонкі, хто першы даедзе дадому. Гаспадар, які першы даедзе, будзе мець лепшыя плёны. Яшчэ перад велікодным сьнеданьнем было какао й пірог, пасьля была малітва й асьвечаныя стравы, віншаваньні. Вечарам хадзілі па вёсцы «па выкупе» - ад хаты да хаты.  Сьпявалі прыпеўкі й за гэта людзі давалі яйкі, грошы, а дзецям цукеркі.

Марцін: На Вялікдзень гаспадар бярэ асьвечаную ваду й ідзе асьвячаць сваё поле. Вясна, усё прабуджаецца да жыцьця. Поле пачынае прыносіць плёны. Каб гэтыя плёны былі вялікія, дзядуля пасьля рэзурэкцыі ішоў на поле й асьвячаў зямлю.

 Звычаі звычаямі, стравы стравамі, а дзеці маюць сваю сьвяточную радасьць.

Бася: Бацькі хавалі зайца. Купілі такі спэцяльны заплечнік у выглядзе зайчыка й гэтага зайчыка да верху напаўнялі рознымі цукеркамі й салодкім ды хавалі ў нашым двары. А мы шукалі вялікоднага зайчыка.

Зь Вялікаднем зьявана шмат гульняў і забаваў. На Падляшшы гэта катаньне яек, але ня толькі. Распавядае Ўладзіслаў з Гайнаўкі.

Уладзіслаў: Цікавая традыцыя, якую я памятаю, гэта выбіваньне яек. Адразу пасьля сьвяточнага сьнеданьня мы з братамі бралі асьвечаныя яйкі й выбівалі. Трэба было  ўзяць яйка й стукаць у яйка брата. Зразумела, перамагаў той, у каго засталася цэлая шкарлупінка. Калі мы былі маленькія, то гулялі яшчэ ў іншую забаву - катаньне яек з горкі. Каля нашай хаты ёсць такі невялікі ўзгорак, можна сказаць, горка, і пасьля сьнеданьня мы хадзілі туды катаць яйкі. Цяпер неяк ня бачна, каб малодшыя такім чынам бавіліся.

А ў Велікодны панядзелак паўсюль вельмі мокра, нават калі на небе сьвеціць сонейка. Вялікі панядзелак - гэта мокры панядзелак. З хрысьціянствам гэтая традыцыя мае няшмат супольнага, затое заўсёды вельмі весела, вось толькі аблітай асобе неяк не да сьмеху. Зазвычай хлопцы аблівалі дзяўчат, праяўляючы такім чынам сваю сымпатыю.

Мар’ян: Лёталі па вёсцы зь вёдрамі вады. Памятаю, як яшчэ бацькі распавядалі, а мы мелі сваякоў у Варшаве, калі прыяжджалі дзяўчаты на сьвяты, то іх аблівалі ў хаце альбо пры калодзежы.

Вось такія й іншыя сьвяточныя традыцыі й звычаі пануюць у розных кутках Польшчы, а вы, шаноўныя слухачы, прыміце ад нас і нашых суразмоўцаў самыя шчырыя сьвяточныя пажаданьні.

 Хрыстос Зьмёртвыхпаўстаў !!!