• Навукоўцы: Падводзіць вынікі Чарнобыля рана
  • 26.04.2011

Навукоўцы, мэдыкі ня згодныя з тым, што праз чвэрць стагодзьдзя пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, можна супакоіцца і запэўніваць людзей – праблема вырашаная.

«Мы толькі пачынаем, а не завяршаем назіраць наступствы аварыі на ЧАЭС», -- гаворыць загадчык кафедры радыяцыйнай гігіены й эпідэміялёгіі Міжнароднага ўнівэрсытэта імя Сахарава прафэсар Аляксей Акіянаў.

Аляксей Акіянаў: Высновы, якія былі зробленыя міжнароднымі арганізацыямі на дваццацігодзьдзе Чарнобыля, уключалі дадзеныя за 15-20 год максымум. І саматычных эфэктаў ад злаякасных утварэньняў яшчэ проста не было. Яны пачынаюць зьяўляцца толькі праз 15 год. Таму цяпер мы мусім гаварыць, што эфэкты Чарнобыля мы толькі пачынаем назіраць. А не сканчваецца гэтая праблема праз 25 год, як многія любяць падводзіць вынік. Нібыта ўсё прайшло, нічога няма, і далей можна жыць спакойна.

Разам з тым прафэсар Акіянаў заклікае не паддавацца паніцы й не адмаўляцца ад ядзернай энэргетыкі.

Аляксей Акіянаў: Існуе й другая група людзей, якія гавораць, што нічога страшнага не адбылося. Горш за ўсё, калі гэта адбываецца з-за карпаратыўных інтарэсаў абароны ядзернай энэргетыкі. Яе ня трэба абараняць. Мы з вамі ўсе карыстаемся аўтамабільным транспартам. Калі разьбяром колькасьць ад аўтакатастроф, то пабачым, што колькасьць загінуўшых большая, чым ад Чарнобыльскай аварыі. Гэта ня значыць, што пачнём крычаць, каб спынілі выпуск аўтамабіляў. Тое ж і з атамнай энэргетыкай. Ня трэба гаварыць, што атамная энэргетыка такая кепская, і яе трэба закрываць. Трэба навучыцца ёй карыстацца.

Цягам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў сталі больш частымі спадчынныя хваробы, узрасла колькасьць хворых на дыябет, паражэньні мозга, не ракавыя захворваньні шчытападобнай залозы. Асабліва гэта тычыцца ліквідатараў -- адбываецца хуткае старэньне клетак, людзі паміраюць на 10 год раней, старэюць і зношваюцца сасуды, што вядзе да хваробаў сэрца, паражэньняў ЦНС. Цяпер дыягнастуецца ў 12 разоў больш злаякасных новаўтварэньняў, лейкозаў, асабліва гэта тычыцца ліквідатараў-мужчын.

Але ў навукоўцаў ёсьць цяжкасьці з доступам да статыстычных матэрыялаў, бракуе сродкаў для правядзеньня рэгулярных замераў, навуковых досьледаў.

Аляксей Акіянаў: У нас вялікія праблемы з аднаўленьнем доз абпраменьваньня. Бо гэта не аднаразовыя дозы, як тое было ў Японіі. Калі можна было памераць адлегласьць ад эпіцэнтру выбуху й палічыць колькі атрымаў чалавек. Усе людзі езьдзяць, усе перамяшчаюцца, працягваюць жыць на гэтых тэрыторыях. Вясковае насельніцтва зьмяшалася з гарадзкім, эвакуіраваныя людзі трапілі на чыстыя тэрыторыі, і таму пытаньняў – вялікая колькасьць.

Радыяцыя назапашваецца ў арганізьме, пранікае ў генэтычную сыстэму, што прыводзіць да зьменаў у ёй.

Уся тэрыторыя Эўропы забруджаная чарнобыльскімі выпадамі. Уся тэрыторыя Беларусі забруджаная выпадамі вышэйшымі за натуральны фон, але афіцыйна прызнана забруджанымі 23 % тэрыторыі краіны, дзе пражывае прыкладна 1, 5 млн насельніцтва, -- абмалёўвае маштабы праблемы загадчыца лябараторыі генэтычнай бясьпекі Інстытута генэтыкі й цыталогіі НАН Беларусі, прафэсар Роза Ганчарова.

Роза Ганчарова: Многія дасьледаваньні, у тым ліку й маёй лябараторыі выяўленыя й даказаныя генэтычныя эфэкты нізкіх дозаў апраменьваньня для млекакормячых і чалавека. За мінулыя гады выяўленыя і даказаныя новыя радыяцыйныя індукаваныя эфэкты. Яны ўключаюць геномную нестабільнасьць, байстэнд-эфэкт (эфэкт сьведкі), транскрыпцыйны адказ і іншае... Мы мелі магчымасьць вывучаць генэтычныя пашкоджаньні ў жывёл на працягу шэрагу пакаленьняў.

Прафэсар Ганчарова папярэджвае, што атрыманыя дадзеныя могуць з пэўнай перасьцярогай выкарыстоўвацца й для ацэнкі рызыкі генэтычных адхіленьняў у чалавека.

Клаўдзія Буланава, супрацоўніца  Міжнароднага ўнівэрсытэта імя Сахарава:  Па Смаленскаму раёну: там таксама выпалі радыёактыўныя асадкі. У многіх дзяцей была пашкоджаная шчытападобная залоза, у 15 год у падлеткавым узросьце шчытападобная залоза пачынае актыўна разьвівацца і ёд даў найбольшае паражэньне. Калі гэтым дзяўчатам стала 25 год, то ўжо ў многіх іх дзяцей былі выяўленыя паталёгіі шчытападобнай залозы. Складана ўявіць, што на генэтычным узроўні быў парушаны гэты ген. Відаць, тут іншыя мэханізмы, што ўплываюць на спадчыннасьць гэтай паталёгіі. Што ўзьнікаюць паталягічныя зьмены ў генатыпе, вядома, што на гэтым заснаваная і сэлекцыя. Некаторыя эфэкты магчыма карэктаваць. Я думаю, што гэта дасягненьне. Бо сытуацыя атрымліваецца не настолькі безнадзейная, што мы ўсе будзем гінуць.

Можна дадаць, што толькі ў Беларусі ў 2011-2015 гадах на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС будзе напраўлена 6,8 трлн. рублёў.

Марыя Кароль