• Прэзэнтацыя Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org
  • 27.04.2011

 Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org узьнікла ў 2000 годзе як прыватная ініцыятыва й празь некалькі гадоў існавала на грамадзкіх пачатках. Аднак на працягу больш чым 10-ці гадоў сьціплы збор публікацыяў беларусаў Беласточчыны перарос у буйную бібліятэку, якая сёньня зьяўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэкаў у сеціве. З 2007 году праект падтрымліваецца польскім Міністэрствам замежных справаў у рамках праграмы „Польская дапамога”, а зараз карыстаецца таксама падтрымкай у рамках праграмы «Зьмены ў рэгіёне» - RITA, фінансаванай Польска-Амэрыканскім фондам свабоды.

 Kamunikat.org – праект Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку – супрацоўнічае з рэдакцыямі многіх пэрыядычных выданьняў Беларусі й замежжа, з выдавецтвамі й аўтарамі, з навукоўцамі й дасьледчыкамі, з творцамі розных напрамкаў мастацтва.

 Па адрасе www.kamunikat.org знаходзяцца публікацыі як клясыкаў беларускай літаратуры, так і маладых пачынаючых аўтараў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры й кніг, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

 Kamunikat.org у рамках праекту «Беларускія аўтары» дае таксама магчымасьць ствараць пэрсанальныя сайты беларускіх пісьменьнікаў, публіцыстаў і дасьледчыкаў, кнігі якіх знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх сэрыяў.

 Падчас прэзэнтацыі ў Гародні й Берасьці, Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org пакажа сваё новае аблічча. Адначасова са зьменай вонкавага выгляду, што адбылося ў мінулым годзе, дадаліся таксама пэўныя магчымасьці і ў самую сыстэму бібліятэкі, якая сталася нашмат багацейшай і – што найважнейшае – нашмат зручнейшай. Цяпер кожны наведнік бібліятэкі без найменшага клопату адшукае ня толькі кнігу патрэбнага аўтара, але й асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку ці часопісе.

 Апрача кніг на паліцы бібліятэкі штораз часьцей трапляюць гукавыя запісы. Тут пачуеце і архіўныя запісы галасоў тых, каго ўжо няма з намі, і расповеды пра літаратуру, творчасьць і жыцьцё тых, хто плённа працуе на ніве беларушчыны.

 Пра ўсё гэта падчас прэзэнтацыяў у Гародні ды Берасьці распавядуць яе стваральнікі – Яраслаў Іванюк і Натальля Герасімюк.

 У сустрэчах прымуць удзел вядомыя беларускія аўтары (м.ін. Алесь Краўцэвіч у Гародні й Генадзь Праневіч у Берасьці). Адбудзецца таксама выстава-кірмаш кніг, выдадзеных беларусамі Беласточчыны, прэзэнтацыя праекту Беларусы Польшчы вачыма фатографа Андрэя Лянкевіча ды канцэрт беларускага барда Алеся Камоцкага.

Усё гэта й яшчэ больш можна будзе паглядзець 28 красавіка 2011 году ў Гародні (вул. Будзённага 48А, заля ва ўнутраным дворыку, пачатак а 18:30) ды 29 красавіка 2011 году ў Берасьці (Цэнтар ім. Уладзіміра Калесьніка, вул. Міцкевіча 28, аўдыторыя 315, пачатак а 11:40).

Уваход на абедзьве сустрэчы свабодны.