• Рэдакцыйная дыскусія
  • 27.04.2011

Сёньня ў “Рэдакцыйнай дыскусіі” я працягну прадстаўляць вашай увазе ліст нашага слухача зь Менску Міхаіла Шавеля. Нагадаю, тыдзень таму я чытала першую частку допісу, прысьвечанага парытэтам у палітыцы – роўнаму ўдзелу ў палітычным жыцьці жанчын ды мужчын.

“Даўно няма СССР, але правілы гульні ў палітыку ў нас, у Беларусі, засталіся амаль савецкія. На выбарах у рэспубліканскія й мясцовыя ворганы ўлады перамагаюць, як правіла, тыя кандыдаты, якіх прапануюць чыноўнікі.

У беларускім парлямэнце прыкладна адна трэць – жанчыны. І амаль усе яны адзінагалосна адабраюць рашэньні, прынятыя вышэйшай уладай. Былыя дэпутаты палаты прадстаўнікоў – Людміла Гразнова, Вольга Абрамава, Натальля Машэрава час ад часу выказвалі нязгоду з большасьцю палатнікаў. У выніку іх даўно там няма. Усе астатнія дэпутаты галасуюць адзінагалосна.

У польскім сэйме такога няма. Там пастаянна ідуць гарачыя спрэчкі, выказваюцца розныя думкі. Ды й польскі народ адрозьніваецца ад беларускага. Палякі больш патрыятычныя й самаахвярныя за нас, беларусаў. Многія мае землякі жывуць па прынцыпу “Мая хата з краю. Я нічога ня знаю”. І калі начальства каго прысылае, то большасьць людзей становяцца абыякавымі. У Польшчы інакш. Пры камуністычнай уладзе грамадзкую актывістку – прыбіральшчыцу з Гданьска Ганну Валентыновіч за арганізацыю забастоўкі звольнілі з працы. У абарону мужнай жанчыны падняліся многія рабочыя краіны. Спэцслужбы спрабавалі фізычна зьнішчыць актывістку, але іх спробы закончыліся няўдачай. Гэта моцна абурыла польскае грамадзтва. Перасьлед уладамі Ганны Валентыновіч даў штуршок для стварэньня незалежнага прафсаюзу Салідарнасьць, які распачаў барацьбу з камуністычным рэжымам.

Зараз Польшча – свабодная эўрапейская краіна, дзе пануюць дэмакратычныя парадкі, праходзяць адкрытыя ўсенародныя выбары, падчас якіх выбіраюцца найлепшыя прадстаўнікі нацыі. Інтарэсы жанчын абараняюць шматлікія грамадзкія арганізацыі й некалькі жаночых партый. Вядома, ня ўсё гладка й у палякаў. Але мы, беларусы, па-добраму зайздросьцім сваім заходнім суседзям. Наша краіна апынулася ў нейкай палітычнай яме, з якой ніяк ня выбрацца.

Прааналізаваўшы палітычныя падзеі ў Расеі, Беларусі, Украіне ды іншых суседніх краінах, я прыйшоў да высновы, што ніякі парытэт у палітыцы не патрэбны. У народзе кажуць “Лес няроўны, і людзі няроўныя”. Ня кожны чалавек можа быць арганізатарам, а тым больш кіраўніком.

Калісьці мудрэц Піфагор сказаў: “Аднолькава небясьпечна й вар’яту ўручаць меч, і несумленнаму ўладу”. Народы сьвету не прыслухаліся да гэтай разумнай парады, і заплацілі вельмі дарагую цану. Вар’яты – Гітлер, Сталін ды іншыя – забілі сотні мільёнаў нявінных жыцьцяў.

Кастуць Каліноўскі казаў: “Не народ для ўлады, а ўлада для народа”. Дзе гэта дэвіз ажыцьцяўляецца на справе, там мір і парадак. Прыкладам могуць служыць Нарвэгія, ЗША, Летува, Латвія, Эстонія, некаторыя краіны былога сацыялістычнага лагеру. Там няма дыктатуры выканаўчай улады. Самастойна працуюць парлямэнт і СМІ, а ў нас гэтага няма.

Безумоўна, жанчынам павінна быць адкрыта дарога ў палітыку нароўні з мужчынамі. Але трэба браць пад увагу, што прырода надзяліла жанчыну шматлікімі абавязкамі. Гэта, па-першае – быць маці, на што траціцца шмат сілаў і часу. Нарадзіць дзяцей, правільна іх выхаваць – нялёгкая справа. І цяпер у эўрапейскіх краінах насельніцтва пастаянна зьмяншаецца, у большасьці сем’яў 1 або 2 дзяцей. А што будзе, калі жанчыны стануць актыўна займацца палітыкай, тады дэмаграфічны крызыс яшчэ больш абвострыцца.

Калі ў парлямэнт пасадзіць палову жанчын, дык нічога гэта грамадзтву ня дасьць. Многія жаночыя крэслы будуць часта пуставаць, паколькі жанчыны бяруць адпачынкі на сябе, пасьля родаў, і па дагляду за дзецьмі. Затое многім ініцыятыўным мужчынам шлях у палітыку будзе закрыты. Таму на кіруючыя пасады трэба вылучаць актыўных жанчын, якія ня маюць сямейных абавязкаў.” – такія думкі выказвае Міхаіл Шавель, наш слухач зь Менску.

У вашых разважаньнях усе выглядае лагічна, але практыка паказвае, што там, дзе жанчыны могуць актыўна прымаць удзел у палітычным і грамадзкім жыцьці, расьце нараджальнасьць. Тут магу прывесьці прыклад скандынаўскіх краін. Дарэчы, у Беларусі сытуацыя з дэмаграфіяй таксама вельмі дрэнная, а жанчын ня так ужо й шмат у палітыцы. Дарэчы, у палітыку пераважна ідуць жанчыны ў сталейшым узросьце, калі дзеці ўжо практычна дарослыя, і не патрабуюць столькі ўвагі, колькі маленькія. Важна, каб жанчына ведала, што дзяржава дапаможа ён па даглядзе за дзецьмі, тады яна не баіцца брацца за важныя для яе краіны справы, на чым выйграе й яна сама, і ўсё грамадзтва.

нг