• Лукашэнка загнаў сябе ў пастку?
  • 27.04.2011

З самага пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка не спыняўся грэбліва выказвацца пра сваіх унутраных апанэнтаў ды даваць зьневажальныя акрэсьленьні зьнешнім партнэрам. Ягоны палітычны лексыкон здаўна поўніцца выразамі накшталт “вашывыя блохі”, “петухі”, “адмарозкі”. Цяпер сюды дадаліся “казлы” ды “быкі”. Так учора Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра старшыню Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу. “...Я не жадаю казаць аб усякіх Барозу, іншых казлах, быках і іншых”. Учора дасталося таксама і ўкраінскаму кіраўніцтву, якое беларускі кіраўнік абвінаваціў у пошасьці. Ён сказаў, што “вашывасьці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны” за тое, што яго не запрасілі ў Кіеў на канфэрэнцыю, прысьвечаную Чарнобылю. Па словах аглядальніка Ўладзімера Падгола – гэта псыхалягічны прыём, каб “расчалавечыць” сваіх апанэнтаў.

Уладзімер Падгол: З пункту гледжаньня палітычнай псыхалёгіі, той, хто хоча дэідэалягізаваць асобу ў сьвядомасьці людзей, выкарыстоўвае прынцып расчалавечваньня, гэта значыць атаясамліваньня асобы з жывёлай. На пачатку прэзыдэнцтва ў Лукашэнкі былі “вашывыя блохі” прадпрымальнікі, дэпутаты “петухі”. Ён заяўляў, што “я да гэтых петухоў у парлямэнт не пайду”. У дадзеным выпадку ён дайшоў да эўрапейскіх казлоў. Маўляў, ад іх як “з казла малака”. 

Гэта асаблівасьць ня толькі Лукашэнкі, але й іншых аўтарытарных кіраўнікоў, якія нэгатыўна ставяцца да любой крытыкі. Міжнароднай нормай гэткія паводзіны не зьяўляюцца, - тлумачыць палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Зірніце на тое, хто робіць такія выказваньні. Ні Абама, ні Мітэран, ні нямецкія ды брытанскія кіраўнікі такіх заяваў ніколі не рабілі. А хто робіць? Пуцін, Чавэс – людзі, якія адчуваюць, што іх крытыкуюць, і ня могуць стрымлівацца. Гэта раней было, але не было нормай. На сёньняшні дзень гэта нормай не зьяўляецца.

Ва Ўкраіне гэтыя заявы заўважылі, ды актыўна камэнтуюць. На думку Вадзіма Карасёва, дырэктара Інстытуту глябальных стратэгіяў, гэтым крокам Лукашэнка паказаў сваю зайздрасьць у дачыненьні да Януковіча.

Вадзім Карасёў: Сёньня Лукашэнка загнаны ў кут. У яго дрэнныя адносіны з Масквою ды цалкам зьнішчаныя адносіны з ЭЗ. У Януковіча някепскія адносіны з Расеяй і роўныя стасункі з ЭЗ. Магчыма, Лукашэнка зайздросьціць Януковічу, у яго агонія пачалася. Насамрэч, Януковіч прапанаваў карэктную формулу прысутнасьці Лукашэнкі на мерапрыемствах, прысьвечаных чарнобыльскай катастрофе. Лукашэнка пакрыўдзіўся й палічыў, што Януковіч яму здрадзіў.

У сваю чаргу абразьлівыя выказваньні Лукашэнкі не зьдзівілі расейскіх экспэртаў. Беларускі кіраўнік выказваўся падобным чынам і пра расейскіх палітыкаў. Учорашнімі выказваньямі Лукашэнка паказаў сваё банкруцтва ў галіне зьнешняй палітыкі, - лічыць палітоляг Андрэй Суздальцаў з Вышэйшай школы эканомікі ўМаскве.

Андрэй Суздальцаў: Лукашэнка вельмі нястрыманы, нявыхаваны чалавек. Асоба, якая так заяўляе, сьведчыць пра тое, што ягоная зьнешняя палітыка правалілася й збанкрутавала. Ён становіцца неўязным ня толькі на Захад, але і на Ўсход. Галоўны раздражняльнік не Барозу ды не Януковіч. Лукашэнка не паехаў сустракацца з прэзыдэнтам Расеі, які ня супраць даць яму фінансавую дапамогу. Самае галоўнае, што ён імкнуўся пакрыўдзіць і Мядзьведзева.

Іншы расейскі дасьледчык Кірыл Коктыш мяркуе, што за гэтымі эмацыйнымі выказваньнямі можа хавацца эканамічны разьлік.

Кірыл Коктыш: Гэта выбух эмоцыяў, гістэрыка. Лукашэнка адчуваў сябе абражаным, што яго запрасілі, а потым папрасілі не прыязджаць. Тут упершыню запрацавалі санкцыі ды ізаляцыя. Да гэтага трэба дадаць грошы. Беларусь ня мае грошай на пакупку новых аб’ёмаў вэнэсуэльскай ды азэрбайджанскай нафты. Мазырскі НПЗ паставілі на два месяцы на рамонт. Гэтая сварка можа стаць добрым тлумачэньнем спыненьня супрацы. Прэзыдэнт абразіўся.

Скандальны характар Лукашэнкі добра ведаюць і ў Польшчы. На думку прафэсара Лодзінскага ўнівэрсытэту Пшэмыслава Жураўскага-вэль-Граеўскага, сёньня ў Эўропе ніхто ня зьвяртае ўвагі на гэтыя словы Лукашэнкі, ён не прадстаўляе ніякага інтарэсу для краін ЭЗ.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі: Калі Эўразьвяз або нейкая краіна ЭЗ палічыць, што трэба вырашыць нейкую справу зь Беларусьсю, ці зьявіцца эканамічны інтарэс, тады пры гэтыя заявы хутка забудуць. Але ў Беларусі няма нафты, як, напрыклад, у Лібіі, таму мне цяжка ўявіць, што каштоўнае можа мець Лукашэнка, каб нейкая эўрапейская краіна забыла пра гэтыя абразы й пачала займацца зь ім бізнэсам. Мне цяжка ўявіць такі сцэнар. Аднак галоўным тут ня будуць маральныя катэгорыі ці памяць пра абразу.

Эўрапейская камісія ўжо заявіла, што ня мае звычаю камэнтаваць заявы шэраговых грамадзянаў, таму што Брусэль не прызнае Лукашэнку дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч