• Рэдакцыйная пошта
  • 07.05.2011

Добры дзень, шматпаважаныя слухачы!

Традыцыйна на пачатку перадаю словы шчырай падзякі за шматлікія лісты, якія цягам мінулага тыдня прыйшлі на абанэнцкую скрынку № 45.

Разглядаць гэтую карэспандэнцыю я буду сёньня й у найбліжэйшых перадачах.

Міхаіл Кобрын напісаў па электроннай пошце, што атрымаў ад мяне сакавіцкі нумар “Часопіса”, плян мерапрыемстваў Польскага інстытута ў Менску, чыстыя блянкі для рапартаў, анкету слухача ды некаторыя іншыя матэрыялы. Пры нагодзе наш баранавіцкі сябра нагадаў, што ня мае прымача, таму нашы перадачы ня слухае й ня можа складаць справаздачы аб чутнасьці. Напрыканцы спадар Кобрын дадаў: “Прышліце мне радыёпрыёмнік, і тады я буду вам дасылаць рапарты аб прыёме Польскага радыё”.

За апошнія паўгады гэта ўжо, здаецца, чацьвертая просьба такога кшталту. Раней іншыя слухачы прысылалі падобныя звароты. На жаль, аніводная радыёстанцыя ня мае магчымасьці проста так рассылаць прыёмнікі сваім рэальным і патэнцыйным слухачам. Ня хопіць аніякіх фінансавых рэсурсаў! Таму, калі ласка, прашу нашых паважаных прыхільнікаў болей не турбаваць па згаданай праблеме. Прыёмнікі можна заваяваць толькі ў выніку перамогі ў якім-небудзь сур’ёзным радыйным конкурсе.

Дарэчы, пра ўзнагароды. Ці, дакладней, пра іх атрыманьне. Берасьцеец Алег Панько ў адным са сваіх лістоў выказваецца аб працяглым маўчаньні аднаго са слухачоў пра дастаўку падарунка. Ён піша: “…нехта не паведаміў пра атрыманьне прыза – фірменнага прымача? Трэба падысьці зь іншага боку: калі ня скардзіўся, што не атрымаў радыё, значыць – атрымаў”.

У іншым лісьце берасьцеец закранае тэму праслухоўваньня радыё ў Інтэрнэце. Нагадаю, гэтае пытаньне двойчы абмяркоўвалася на нашых хвалях. Па згаданай праблеме выказаліся дасьведчаныя DX-істы Сяргей Балбасаў з Гомельшчыны і Сяргей Магонаў зь Берасьцейшчыны. Алег Панько мае адрозную ад іх думку. Паслухайма: “Некалі Вялікаму княству Літоўскаму належылі астравы Трынідад і Табага. Наўрад ці я змагу праслухаць Trinidad Broadcasting Corporation на кароткіх ці сярэдніх хвалях. А вось празь Інтэрнэт – гэта лепш”.

Адказваю. Думаю, што спадар Панько нідзе ня зможа паслухаць Trinidad Broadcasting Corporation: такога радыёвяшчальніка проста няма. Тымчасам існуе Trinidad Broadcasting Company (TBC). Гэты вяшчальнік валодае сеткай зь пяці станцый: адной – на сярэдніх хвалях і чатырма – у FM-дыяпазоне.

Між іншым, пра прыналежнасьць выспаў ВКЛ. Фармальна Трынідад і Табага былі тэрыторыяй курляндзкага герцага, які быў васалам Вялікага княства Літоўскага. Астравы належылі Курляндыі некалькі разоў. Але час латвійскай калянізацыі быў ня надта працяглы.

Аднак вернемся да радыйных спраў.
Слухаць TBC – гэта, канешне, цікава. Але тут ёсьць адно істотнае адрозьненьне ад выпадкаў, якія закраналі іншыя нашыя сябры. Яны пісалі пра замежнае вяшчаньне. TBC – нацыянальнае радыё. У тым і розьніца. Як правіла, унутранае радыёвяшчаньне ня рупіцца пра кароткахвалевы эфір. На КХ мала нацыянальных станцый. У кароткахвалевым дыяпазоне дамінуюць міжнародныя радыёканалы. Але некаторыя заходнія вяшчальнікі поўнасьцю ці часткова сышлі з КХ. Маўляў, мала хто слухае эфір на кароткіх хвалях, а Інтэрнэт – пэрспэктыўны для замежнага радыё.

Я лічу, што гэтая тэма зусім не вычарпана. Яна адчынена для далейшага грунтоўнага абмяркаваньня. Запрашаю ўсіх нашых слухачоў выказвацца па згаданай праблеме.

Дарэчы, наша дыскусія пакуль абмінала іншы шлях прыёму радыёперадачаў – праз спадарожнікавыя антэны. Калі ласка, напішыце пра вашае стаўленьне да гэтага сродку сувязі. Напрыклад, адкажыце на наступныя пытаньні: Ці ёсць у вас доступ да спадарожнікавай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь Польскае радыё для замежжа па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз спадарожнікавую антэну? 

Гэтыя пытаньні не ўвайшлі ў новую анкету. Я пачаў яе рассылаць на мінулым тыдні. Новы апытальнік складаецца з чатырох старонак. Анкета зьмяшчае некаторыя старыя пазыцыі й мноства дадатковых пытаньняў. Агулам – 35. Прашу тых, хто ўжо атрымаў гэты апытальнік, як мага хутчэй прыслаць яго на віцебскую скрынку нашага радыё. Яе дакладныя каардынаты прагучаць крыху пазьней.

А зараз важная абвестка. Па просьбе Алега Панько я адчыніў e-mail для апэратыўнай сувязі з усімі слухачамі. Насамрэч, некаторыя прыхільнікі нашага радыё ўжо дасылалі мне лісты й рапарты на два электронныя адрасы. Зараз будзе адзін на ўсе выпадкі. Вось новы e-mail для кантактаў: dopis@tut.by. Паўтараю: dopis@tut.by.

Я плянаваў разгледзець рапарты аб чутнасьці, якія прыйшлі з розных куткоў Беларусі. Але выглядае на тое, што аналіз прыёму будзе зроблены роўна праз тыдзень. Мяркую, што найбольшую ўвагу я прысьвячу сярэднехвалевым рэтрансьляцыям. З гэтай нагоды запрашаю вас, паважаныя слухачы, складаць рапарты аб чутнасьці на частотах 612 і 1386 кілягерц. У адказ на правільныя справаздачы вы атрымаеце QSL-карткі. 

Калі ласка, дарагія сябры, прысылайце лісты й рапарты на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Свае допісы вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае лісты на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, прашу вас, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце. Сардэчна запрашаю!

Ю. Сьцяпанаў