• Рэдакцыйная дыскусія
  • 11.05.2011

Усё яшчэ знаходжу сярод лістоў, прысланых у рэдакцыю, адказы на рэдакцыйны конкурс, прысьвечаны пытаньню ўдзелу жанчын у палітыцы. Вось перада мною допіс ад Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы. Ён піша:

“Ох, уж гэтыя дыскусіі... Усё гэта напамінае пэрсанаж у творы Ільфа й Пятрова: калі бальшавікі ламавой думкай і ў спрэчцы ставілі свой чырвоны крыж на лёсах у грамадзтве. Ну, праўда, цяпер іншы час, і здаровы сэнс у павазе да апанэнта існуе. У чым праблема? Паскорыцца грамадзкае разьвіцьцё? Гэта будзе спрыяць станаўленьню грамадзкай сьвядомасьці, грамадзянскай супольнасьці? Палітыка – майстэрства кіраваць, а калі роля жанчын узмоцніцца, то хто павінен сумнявацца ў пазітыве? Дык ніхто! Спрэчкі – рух у гісторыі, але ў цывілізаваных краінах, а не ў “сінявокай”.

Пачнем зь гісторыі. Напрыканцы 19-га стагодзьдзя грамадзтва чакала зь нецярплівасьцю надыход 20-га стагодзьдзя, таму што 19 ст. вызначыла шляхі руху наперад, пачалі дынамічна разьвівацца прыродазнаўчыя навукі, назіраўся прагрэс у грамадзкай сьвядомасьці. Усе будуць жыць дэмакратычна, нават жанчыны. Так наступіла асмысьленьне й гэтага: жанчыны будуць мець права голасу й браць удзел у выбарах дэпутатаў. Крок зроблены.

Яны (жанчыны) атрымалі права голасу ў 1906 годзе ў Фінляндыі, у 1913 у Нарвэгіі, у 1915 у Даніі й г.д. Усё больш зь іх хацела вучыцца, атрымліваць дыплёмы, займацца палітыкай, бо дзяржава – гэта грамадзкі дагавор на пэўнай тэрыторыі, калі кіраваньне й ствараньне заканадаўства насельніцтва дэлегуе абраным. Так павінны максымальна рэалізавацца прыродныя правы. Тады былі й іншыя погляды – некаторыя не згаджаліся з новай роляй жанчын і лічылі, што жанчыны добра спраўляюцца зь сямейнымі абавязкамі й працай у гаспадарцы, а мужчыны лепш разьбіраюцца ў арганізацыі грамадзтва, маюць лепшае абстрактнае мысьленьне й пачуцьцё калектывізму, лепш умеюць наладзіць і кіраваць вытворчасьцю. Ужо тады ў некаторых дэмакратычных дзяржавах быў прыняты закон, што ў парлямэнце павінна быць аднолькавая колькасьць жанчын. Але! Некаторая частка жанчын самі казалі, што гэта недэмакратычна, бо яны (жанчыны) іншыя ў чымсьці!

Няправільна, каб яны толькі нараджалі дзяцей і чакалі, калі муж прынясе заробак. З цягам часу жанчыны змаглі дасягнуць эканамічнай незалежнасьці й сталі з большым посьпехам прэтэндаваць на важныя пасады. Такім чынам, традыцыйная мадэль жанчыны ў эўрапейскай цывілізацыі пераадолена ў пазытыў – эмансіпацыю. Але парадокс свабоды – жанчыны маюць чым далей, тым большыя абавязкі й нясуць большую адказнасьць.

У эўрапейскай цывілізацыі створана грамадзянская супольнасьць: аднолькавыя правы, дэмакратычнае заканадаўства, што дазваляе на роўных умовах удзельнічаць у выбарах. Нейкія парытэты ствараць ня варта: роўнасьць перад заканадаўствам ёсьць. Парытэт жанчынам – гэта мінус, гэта недэмакратычна. Альтэрнатывы тут няма: усе грамадзяне (менавіта грамадзяне, гэта замацавана ў канстытуцыях) маюць права выбаршчыка – вырашаць, хто будзе ў парлямэнтах. І гэта менавіта дэмакратычнае права.”

Гэтак заканчвае свае разважаньні на тэму ўдзелу жанчын у палітыцы наш слухач зь Беларусі Мікалай Волчык. Гэта чарговы голас ад слухачоў на карысьць таго погляду, што парытэты – заканадаўчая гарантыя роўнага ўдзелу жанчын у палітычным жыцьці – абсалютна непатрэбныя ў дэмакратычных грамадзтвах, дастаткова такога права, якое дае роўныя магчымасьці выбару ўсім грамадзянам.

На першы погляд гэта цалкам лягічна – навошта надзяляць некага выключнымі правамі, калі ён і так мае поўнае права выбіраць і быць абраным. Але сам спадар Мікалай заўважае ў сваім допісе, што парадаксальна жанчыны маюць цяпер, хоць больш свбаоды, але таксама больш працы й абавязкаў. Справа ў тым, што яны спалучаюць абавязкі, зьвязаныя з роляй маці й жонкі, з прафэсійнай працай. Цяпер мала прыкладаў сем’яў, дзе абавязвала бы традыцыйная мадэль: муж працуе, зарабляе грошы, а жонка займаецца толькі домам і дзецьмі. Па-першае, самі жанчыны не зьбіраюцца аддаваць той абшар, за які яны так доўга змагаліся – права вучыцца й зарабляць на сябе й сям’ю, а па-другое, у чыста эканамічным пляне сям’і цяжка было бы пражыць за адну зарплату. А пераважная большасьць мужчын з ахвотай прынялі такую мадэль, а ня вельмі сьпяшаюцца разьдзяляць з жонкамі цяжар хатняй работы.

Такім чынам, калі жанчыны маюць з аднаго боку больш абавязкаў – і праца, і дом, то лягічна, каб яны мелі й больш правоў у некаторых галінах. І такой менавіта галінай, дзе жанчыне цяжэй заваяваць высокую пазыцыю, зьяўляецца палітыка. Дзеля таго, каб самі жанчыны маглі прадстаўляць палову насельніцтва – іншых жанчын, і створаны парытэты, якія ствараюць жанчынам больш лёгкі старт у палітыку.

На сёньня дзякую вам за лісты, дарагія слухачы, і нагадваю пра наш новы конкурс – дасылайце свае разважаньні пра першыя 10 гадоў новага 21 стагодзьдзя – якім было яно для вас, што ўразіла, што засталося ў памяці. Пішыце нам!                            

нг