• Сьвяточнае шэсьце як рытуал улады
  • Audio4.64 MB
  • 10.05.2011

Культуролягі кажуць, што кожнае дзяржаўнае сьвята – гэта рупліва падрыхтаваны рытуал. Праз урачыстасьці ды цырымоніі дзяржава ў сымбалічнай форме хоча перадаць грамадзянам нейкае пасланьне. На Дзень Перамогі ў Менску традыцыйна адбываецца шэсьце з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Як яго можна прааналізаваць і расшыфраваць? – запыталіся мы ў аналітыкаў.

Ужо шмат гадоў сьвяточнае шэсьце на Дзень Перамогі праходзіць у Менску па адным і тым жа сцэнары. Аляксандар Лукашэнка спускаецца з прыступак ля  Аляксандраўскага скверу, абдымае дзяцей у касьцюмах піянераў, як клапатлівы апякун размаўляе з вэтэранамі, затым ў першым шэразе вэтэранаў ідзе да плошчы Перамогі. Заўсёды побач –  яго сыны. На плошчы удзельнікі сьвяточнага шэсьця ўскладаюць кветкі да манумэнту Перамогі.

На 9 траўня ў Менску, у адрозьненьне ад Кіева ці Масквы, амаль ніколі не праводзіцца ваенных парадаў. Тэхніка паказваецца на вуліцах беларускай сталіцы толькі ў “круглыя” гадавіны заканчэньня вайны.

Галоўны сэнс кожнага рытуалу з удзелам Аляксандра Лукашэнкі – зрабіць з кіраўніка дзяржавы палітычнага куміра, лічыць палітоляг Ўладзімар Падгол.

У. Падгол: Галоўная мэта – зрабіць зь яго сацыяльна-палітычнага ідала. Якога ўсе мусяць любіць, прыхіляцца да яго, адчуваць энэргетыку ад яго дзеяньняў, спадзявацца тое, што ён зробіць цуд.

9 траўня, становячыся ў адзін шэраг з вэтэранамі, Аляксандар Лукашэнка надзяляе сябе функцыямі пераможца над гітлераўскім фашызмам – кажа Уладзімер Падгол.

У. Падгол: Ён ідзе побач з вэтэранамі, паціскае ім руку, фамільярна зь імі размаўляе, загадвае ім быць здаровымі, трымацца. Ён узвышаецца нават над жывымі ветэранамі, тымі хто меў раны й ахвяраваў жыцьцём. Той самы сэнс маюць урачыстыя прамовы. Кветкі да помніка ўскладаюць дарослыя сыны Лукашэнкі, побач стаіць яго малы сын. Тут уся сям’я Лукашэнкі прыватызавала перамогу над гітлераўскім фашызмам.

Атаясамліваньне сёньняшніх беларускіх уладаў зь пераможцамі нацызму бачна й ва ўрачыстых прамовах  – кажа палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: У рыторыцы высокага начальства адразу зьяўляецца слова “мы”, нібыта яны штурмавалі Бэрлін ды ім Эўропа мусіць быць за гэта ўдзячная. Дзеля чаго гэта робіцца? Ня проста дзеля таго, каб пацешыць сваё самалюбства, а каб адбіць такім чынам усе прэтэнзіі дэмакратычнай Эўропы наконт таго, як душыцца іншадумства ў Беларусі. Груба кажучы, “вы нам абавязаныя за тое, што мы перамаглі фашызм, таму маўчыце ў анучку”.

На 9 траўня кіраўнік Беларусі часта прыраўнівае Эўразьвяз ці ЗША да новых гітлераўцаў.

А. Класкоўскі: Прыводзяцца аналёгіі: тады быў фашызм, сёньня – пагроза Захаду. Робяцца намёкі на апэрацыю ў Лібіі. Лукашэнка кажа, што некаторыя краіны зноў прэтэндуюць на сусьветнае валадарства, кідаюць бомбы на мірныя гарады. Мэта такой рыторыкі – аб’яднаць грамадзтва вакол бацькі-камандзіра й змусіць людзей зачыніць вочы на нягоды, закручваньне гаек і ўціск палітычных апанэнтаў. Так сказаць, “Усё дзеля фронту, усё дзеля перамогі!”

Чаму на 9 траўня ў Менску не адбываецца вайсковага параду? Таму што такі дарагі сродак сёньняшнія беларускія ўлады пакінулі, каб замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці іншае сьвята – імі жа прыдуманы Дзень незалежнасьці 3 ліпеня – кажа аналітык Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Гэта вельмі дарагое шоў. Таму, калі ўзважвалі, вырашылі аддаць перавагу такой дастаткова штучнай як дзень незалежнасьці даце 3 ліпеня. Вы ж, напэўна, памятаеце, што ў свой час Дзень незалежнасьці сьвяткаваўся ў іншы дзень. Дзеля таго, каб 3 ліпеня падмацаваць, выпрашылі у гэты дзень праводзіць як парад, так і вялікія пампэзныя канцэрты.

Дзень Перамогі ня трэба падмацоўваць танкамі й гарматамі, бо гэта й так любімае ды шанаване ўсімі ўсімі сьвята – кажа Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: 9 траўня – гэта сямейнае сьвята, сьвята кансэнсуснае. Ва ўладаў узьнікае жаданьне згуляць на гэтых нотках, паказаць, што "бацька нацыі" ідзе разам з вэтэранамі, вітае моладзь і дзяцей, паказаць ідылічнае яднаньне пакаленьняў.

Парадаксальна, але сьвяткаваньні 3 ліпеня нават больш адсылаюцца да падзеяў вайны, чым Дзень Перамогі. “Вынік урачыстых рытуалаў адзін – складваецца ўраджаньне, што Гітлера перамог Лукашэнка і Беларусь вызваліў таксама Аляксандар Лукашэнка. І ён нікому гэтую перамогу не аддасьць,” – падсумаваў разважаньні Ўладзімер Падгол.

Аляксандар Папко