• Ці застанецца Менск без Чэмпіянату сьвету па хакеі?
  • Audio6.15 MB
  • 12.05.2011

Сьпікэр Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк разам з чатырма іншымі эўрадэпутатамі выслаў ліст прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі хакея з прапановай адкласьці правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Менску, пакуль беларускія ўлады ня выпусьцяць усіх палітвязьняў.

Разам са старшынём Эўрапарлямэнту ліст падпісалі кіраўнік парлямэнцкага камітэту па міжнародных справах Габрыэле Альбэртыні, старшыня камітэту па правах чалавека Хэйдзі Хаўтала, старшыня парлямэнцкай дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч. Зварот падпісаў таксама хакеіст Пэтэр Шцястны – сябра Залі славы Міжнароднай фэдэрацыі хакея.

Ліст не зьяўляецца афіцыйнай заявай Эўрапейскага парлямэнту, аднак яго аўтары маюць вялікі ўплыў – кажа прэс-сакратар Ежы Бузэка Робэрт Галяньскі.

Р. Галяньскі: Гэты ліст быў высланы менавіта на гэтым тыдні, таму што заўтра пачынаецца кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакея. Адзін зь яго падпісантаў – знакаміты славацкі хакеіст Пэтэр Шцястны. Усе аўтары лісту патрабуюць вызваленьня палітычных вязьняў. Гэта абсалютная ўмова правядзеньня сусьветных спаборніцтваў у Беларусі. Ліст падпісалі пяць асобаў. Чатыры зь іх вельмі прыстальна займаюцца беларускай праблематыкай і іх меркаваньне мае вялікі ўплыў на пазыцыю Эўрапарлямэнту ў стасунку да Беларусі.

Аўтары лісту не спадзяюцца неадкладнай адмены спаборніцтваў, але лічаць, што зварот такіх аўтарытэтных асобаў павінен схіліць кіраўніцтва спартыўнай арганізацыі да роздуму, кажа прэс-сакратар Ежы Бузэка:

Р. Галяньскі: Несумненна, рашэньне аб правядзеньні Чэмпіянату сьвету па хакеі належыць да Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Вырашаць будзе яна. Аднак ліст, падпісаны такімі важнымі эўрапейскімі палітыкамі, а таксама спартоўцамі павінен ініцыяваць дыскусію наконт таго, ці варта такім прэстыжным мерапрыемствам узнагароджваць дзяржаву, якая настолькі жорстка ставіцца да ўласных грамадзянаў. Падпісанты лісту лічаць, што ўзнагароджваць такую краіну ня варта.

Адмена Чэмпіянату сьвету па хакеі пакарае перадусім ня ўлады, а звыклых грамадзян – лічыць шэф аддзела хакею газэты “Прэсбол” Вячаслаў Федарэнкаў.

В. Федарэнкаў: З усёй павагай ставячыся да спадара Бузэка, я лічу, што ён абсалютна не ўяўляе, хто будзе пакараны ў выпадку адмены спаборніцтваў. Пад удар трапяць ня ўлады, а беларусы. Я магу зразумець лёгіку старшыні Эўрапарлямэнту, але, на мой погляд, зрабіў ён гэты зварот неабдуманна. У хакейным сьвеце няма палітыкі. Нашыя гульцы й трэнэры знаходзяцца па-за палітыкай у поўным сэнсе гэтых словаў. Ці бачылі вы на плякатах “За Беларусь!” хоць аднаго хакеіста?

Міжнародная фэдэрацыя хакею наўрад ці адменіць чэмпіянат у Беларусі – лічыць спартыўны камэнтатар Вячаслаў Федарэнкаў. Фэдэрацыя  прытрымліваецца безканфліктнай пазыцыі й ніколі ня ўмешваецца ў палітычныя спрэчкі. Байкот з боку вялікіх хакейных дзяржаваў, такіх як ЗША ці Чэхія, таксама мала праўдападобны – лічыць камэнтатар. За непрыбыцьцё на чэмпіянат сьвету хакейная фэдэрацыя можа сурова пакараць зборную. Адзіны спосаб, якім могуць адрэагаваць спартоўцы – гэта выставіць ня самы зорны склад – кажа Вячаслаў Федарэнкаў.

В. Федарэнкаў: Я дапускаю толькі, што можа быць схаваны байкот. У чым гэта можа праяўляцца? Некаторыя хакейныя зборныя могуць прыслаць менш моцны склад, абрунтоўваючы гэта тым, што ім трэба рыхтаваць моладзь да Алімпіяды 2018 года. І ўсё. Гэта самы жорсткі варыянт, які можа адбыцца.

Зь меркаваньнем Вячаслава Федарэнкава пра тое, што адмена чэмпіянату ўдарыць па грамадзтву, а не па ўладах, не згаджаецца палітоляг Алесь Лагвінец. Беларускія ўлады заўсёды выкарыстоўваюць спорт для самапраслаўленьня – кажа палітоляг.

А. Лагвінец: Спартовыя камэнтатары – гэта заангажаваная аўдыторыя. Яны відавочна зацікаўленыя ў тым, каб чэмпіянат прайшоў менавіта ў Беларусі. Беларускія ўлады абсалютызуюць спорт і заўсёды падаюць спартовыя перамогі як пераканаўчы доказ жыцьцяздольнасьці існуючай мадэлі. Такая легітымізацыя беларускім уладам вельмі патрэбная. Калі ёсьць магчымасьці мінімізаваць нагоды для самапраслаўленьня рэжыму, то эўрапейскія палітыкі будуць такімі нагодамі карыстацца.

Адмена Чэмпіянату сьвету па хакеі, як і байкот, малаверагодныя. Таму дыскусія наконт таго, каго яна закране больш, ня мае падставаў – лічыць палітоляг Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: У адрозьненьне ад футболу, у які гуляе ўвесь сьвет, у хакей гуляюць у асноўным заходнія дэмакратычныя краіны. Таму магчымасьць байкоту можна было б разглядаць. Але зыходзячы з тых рухаў, якія пакуль робяць эўрапейцы, мне падаецца, што гэта больш пагроза, чым рэальны намер. У грамадзтваў і палітыкаў заходніх краінаў адсутнічае рэальная палітычная воля для байкоту.

У гісторыі былі выпадкі, калі за дрэнныя паводзіны ўрадаў караліся спартовыя зборныя  - кажа Валер Карбалевіч. У 1980 з-за вайны ў Афганістане заходнія краіны байкатавалі Алімпіяду ў Маскве. У 1992 годзе з Чэмпіянату Эўропы па футболе за вайну ў Босьніі была выдаленая зборная Югаславіі. Але тады гаворка ішла пра вайсковыя канфлікты. Думка байкатаваць Беларусь з-за палітычных вязьняў у хакейных фэдэрацыяў наўрад ці ўзьнікне – мяркуе Валер Карбалевіч.

 
Аляксандар Папко