• ЭП заклікае вызваліць Пачобута
  • Audio3.12 MB
  • 13.05.2011

Дэпутаты Эўрапарлямэнта заклікалі ў чацьвер  беларускія ўлады вызваліць журналіста польскага выданьня „Gazeta Wyborcza” Анджэя Пачобута й зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні. Журналісту пагражае да чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня за „абразу” й „ паклёп” на прэзыдэнта.

Справа журналіста, які больш за месяць знаходзіцца ў гарадзенскай турме, разьнеслася рэхам амаль па ўсёй Эўропе. Апошняе пленарнае паседжаньне ЭП, на якім была прынятая рэзалюцыя па Беларусі, зьбеглася ў часе з прадстаўленьнем Пачобуту абвінавачаньняў па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу.

У актах сьледзтва знаходзіцца аналіз тэкстаў журналіста зь ягонага блёгу, сайта „Беларускі партызан” і выданьня „Gazeta Wyborcza” , аналізаваных нанятымі пракуратурай экспэртамі. А на  іх думку, нават ня згадваючы ў тэкстах непасрэдна пра кіраўніка дзяржавы, Пачобут мог яго абразіць. Пра падобнага роду абсурды гаварылі ўчора падчас парлямэнцкай сэсіі дэпутаты ЭП, пераважна ад Польшчы. У прыватнасьці эўрадэпутат ад Польшчы Міхал Каміньскі падкэсьліў, што Анджэй Почобут знаходзіцца за кратамі, паколькі прэзыдэнт Лукашэнка ня разумее прынцыпаў асноўных людзкіх правоў.

Міхал Каміньскі: Мы размаўляем пра правы чалавека ў кантэксьце Беларусі. Я хацеў бы крыху неканвэнцыянальна падысьці да гэтай тэмы. Асобай, да вызваленьня якой заклікаю я разам з сотнямі тысяч палякаў, зьяўляецца Анджэй Пачобут - журналіст адной зь вядучых польскіх штодзёнак. Ён знаходзіцца ў арышце й церпіць перасьлед толькі таму, што рэжым Лукашэнкі баіцца свабоды слова, якая зьяўляецца фундамантам кожнай дэмакратыі. Я думаю, што мы - эўрапейцы, ня маем іншага выхаду, як толькі ўголас з гэтай салі заявіць: „ Так - для свабоднай Беларусі, так - для дэмакратыі ў Беларусі, так - для беларускага народу ў Эўропе!”

Старшыня дэлегацыі ЭП па пытаньнях Беларусі Яцэк Пратасевіч дадаў, што Лукашэнка разумее выключна рыторыку санкцыяў і толькі яны змогуць схіліць яго да нейкіх дзеяньняў.

Яцэк Пратасевіч: Сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца з дня на дзень. Мы назіраем за працэсамі лукашэнкаўскіх апанэнтаў, якія вядуцца скандальным вобразам. Мы сочым за рэпрэсіямі ў дачыненьні незалежных СМІ, у прыватнасьці за шматдзённым арыштам Анджэя Пачобута. Больш за тое, Аляксандар Лукашэнка губляе кантроль ня толькі над сытуацыяй у краіне, але й над сваімі ўласнымі паводзінамі, пра што сьведчылі абразьлівыя выказваньні ў адрас прэзыдэнта Ўкраіны ці старшыні ЭК Жазэ Мануэля Барозу. 

Раней вызваленьня журналіста й зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў партабавалі, між іншым, высокі прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан, старшыня ЭП Ежы Бузэк, а таксама шэраг вядучых эўрапейскіх палітыкаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя „Amnesty International” прызнала Анджэя Пачобута вязьнем сумленьня.
Беларускія ўлады не рэагуюць на гэтыя заклікі й заявы. Праўдападобна, дата судовага працэсу над журналістам будзе вызначаная на наступным тыдні.


Караліна Русіновіч