• Ці ўвядзе Эўразьвяз "кропкавыя эканамічныя санкцыі"?
  • Audio4.61 MB
  • 13.05.2011

12 траўня Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Эўрадэпутаты рашуча асудзілі прысуды ўдзельнікам пратэстаў 19 сьнежня й заклікалі ў адказ увесьці кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў. Ці эканамічныя санкцыі сапраўды будуць уведзеныя ? – спрабавалі мы высьветліць у экспэртаў.

У сваёй рэзалюцыі Эўрапарлямэнт назваў незаконнымі й нелегальнымі суды над былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ды ўдзельнікамі маніфэстацыі 19 сьнежня. Эўрадэпутаты асудзілі грубае парушэньне свабоды сходаў, працэсы супраць незалежных газэтаў і дэпартацыю зь Беларусі замежных праваабаронцаў.

Парлямэнтары заклікалі ўлады Эўразьвязу ўвесьці “кропкавыя эканамічныя санкцыі” супраць некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў. Дэпутаты таксама заклікалі знайсьці шляхі для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, каб “захаваць палітычную альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі”.

Вось як наконт санкцыяў ваказаўся польскі эўрадэпутат  Яцэк Пратасевіч.

Я. Пратасевіч: У Беларусі мы назіраем абсалютна абуральныя суды супраць галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Назіраем таксама рэпрэсіі супраць незалежных СМІ [...]. Аляксандар Лукашэнка губляе кантроль ня толькі над сытуацыяй у краіне, але й над уласнымі паводзінамі, пра што сьведчаць яго абразьлівыя заявы ў адрас прэзыдэнта Ўкраіны й старшыні Эўракамісіі. Час скончыць са словамі! Трэба ўвесьці эканамічныя санкцыі! Толькі тады мы будзе мець надзею, што скончацца гэтыя скандальныя працэсы, скандальныя рэпрэсіі. Лукашэнка разумее толькі такую мову. Таму трэба перайсьці да рашучай рэакцыі на тое, што адбываецца ў Беларусі! 

“Рэжым Лукашэнкі падтрымліваюць даходы ад экспарту прадуктаў хіміі, цяжкай індустрыі ды тэкстыльнай прамысловасьці,” – заявіла эстонская эўрадэпутатка Крыстына Оюланд. На думку палітыка, санкцыі павінны быць скіраваныя менавіта супраць такіх прадпрыемстваў.

Ці будуць санкцыі сапраўды ўведзеныя? Эўрапарлямэнт заўсёды займаў больш жорсткую пазыцыю ў стасунку да беларускіх уладаў, чым Эўракамісія ды Рада ЭЗ. Малаверагодна, што галоўныя эўрапейскія інстытуцыі, якія прымаюць рашэньні па зьнешняй палітыцы, вырашаць зрабіць рашучы крок – лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Тэарэтычна, гэтая рэзалюцыя можа даць такі рэзананс, але я мяркую, што гэта наўрад ці адбудзецца. Магчыма, з-за таго, што санкцыі вельмі цяжка рэалізаваць на практыцы. Эўракамісія й Рада Эўразьвязу могуць выконваць рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, але зусім не абавязаныя гэтага рабіць. Я мяркую, што яны наўрад ці зробяць штосьці істотнае.

Беларускім уладам можа й ня варта было б непакоіцца наконт рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, калі б не кантэкст, у якім яна была прынятая. Пра санкцыі зусім нядаўна казалі міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт і шэф эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан. Так што яны могуць быць уведзеныя – лічыць аналітык Сяргей Богдан.

С. Богдан: Безумоўна, Эўрапарлямэнт – ня самая ключавая інстанцыя ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. Але калі мы прыгадаем выказваньні іншых асобаў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да фармаваньня эўрапейскай палітыкі ў стасунку да Беларусі, то ўбачым, што гэтая рэзалюцыя зьяўляецца чарговым кавалкам мазаікі, якая можа кепска скончыцца для беларускага ўраду.

Як могуць выглядаць “кропкавыя санкцыі”? На думку Сяргея Богдана, некаторым беларускім прадпрыемствам проста забароняць пераводзіць грошы праз заходнія банкі, што балюча ўдарыць па іх бізнэсе. Пры гэтым зусім ня важна, дзе гэтыя прадпрыемства працуюць – у Эўропе, Азіі ці Лацінскай Амэрыцы.

Фінансавыя страты ад таго, што Лукашэнка разарваў стасункі з Захадам, могуць быць нашмат важнейшыя за кропкавыя санкцыі супраць некалькіх ппрадпрыемстваў -  лічыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

А. Ляховіч: Ужо бачна, што рэжым Лукашэнкі не атрымае ніякіх крэдытаў ад Міжнароднага валютнага фонду, на якія ён раней разьлічваў. Ня будзе таксама крэдытаў ад эўрапейскіх фінансавых структураў, якія кантралююцца Эўрапейскай камісіяй.

Ці вызваліць Аляксандар Лукашэнка палітычных зьняволеных, асьцерагаючыся ўвядзеньня санкцыяў? Сяргей Богдан лічыць, што не. Лідараў апазыцыі кінулі ў турму не для таго, каб гандлявацца з Эўразьвязам, а для таго, каб ніхто ня змог пратэстваць супраць нечаканага падзеньня ўзроўню жыцьця ў Беларусі – кажа Сяргей Богдан.

С. Богдан: Такія прысуды даюць не для гандлю з Эўразьвязам! На дадзены момант у Беларусі складваецца клясычная рэвалюцыйная сытуацыя. Гэта рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця пасьля дзесяці гадоў адноснага росту дабрабыту. Падкрэсьлю, гэтага фактара недастаткова для таго, каб рэвалюцыя здарылася, але гэта абявязковая ўмова, для кожнага сацыяльна-палітычнага пералому.

Што ж у такой сытуацыі будзе рабіць кіраўніцтва Беларусі? Яно зойме “кругавую абарону”, будзе скарачаць дзяржўныя выдаткі ды імпарт. А калі раптам Менск атрымае сродкі з Масквы, ён зойме яшчэ больш жорсткую пазыцыю ў стасунку да Эўразьвязу – лічыць палітоляг Андрэй Ляховіч. 


Аляксандар Папко