• Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане 40 гадоў
  • Audio5.25 MB
  • 14.05.2011

Лёнданскай беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны спаўняецца 40 гадоў. Ідэя стварэньня ўласнага кніжнага цэнтру ў Брытаніі нарадзілася ў асяродзьдзі трох беларускіх сьвятароў.

Сярод тых, каму належыць гэтая ідэя, былі сьветлай памяці біскуп Часлаў Сіповіч і айцец Леў Гарошка. Трэцім ініцыятарам стварэньня беларускай бібліятэкі ў Англіі быў Аляксандар Надсан.

А. Надсан: І вось я памятаю як цяпер: мы выйшлі на шпацыр з біскупам Сіповічам і айцом Гарошкам. І тут біскуп Сіповіч кажа: “Давайце будзем закладаць беларускую бібліятэку”. І калі мы вярталіся з парку дадому, то мы ўжо тады пачалі аглядацца, які ж гэта дом купіць пад бібліятэку. Гэта было ў 1969 годзе.

Сьвятары падрыхтавалі заклік да беларускай эміграцыі ва ўсім сьвеце з просьбай ахвяраваць грошы на будаўніцтва бібліятэкі. Нямала сродкаў на набыцьцё будынку было выдаткавана з царкоўных грошай. Але больш за ўсё сродкаў было сабрана сярод беларускай дыяспары.

А. Надсан: Прынамсі мы ўжо маглі купіць дом, а паколькі ня трэба было плаціць адразу, а можна было пакінуць задатак, то мы акурат маглі яго даць, а пасьля шукаць далей грошы. Потым, калі паміралі старэйшыя беларусы, то яны пакідалі нам свае ашчаджаныя грошы. Людзі разумелі важнасьць такой установы для Беларусі. На руках у беларусаў было шмат кнігаў, але жыцьцё на эміграцыі такое, што жонкі шмат у каго былі небеларускі. І калі наш чалавек паміраў, то жонка, ня ведаючы, што там за кнігі такія, проста выкідала іх на сьметніцу. І часам страчваліся вельмі важныя кнігі.

Ад самага пачатку бібліятэка задумвалася ня толкі як месца збору беларускіх кніг. Як кажа айцец Надсан, пра Беларусь у тыя часы вельмі мала ведалі ў сьвеце, і таму неабходны быў цэнтар, своасаблівае “вакно на Захад”, каб у сьвеце ўрэшце даведаліся пра беларусаў. Цікава, што нават у часы “халоднай вайны” у гэтай справе беларусам замежжа дапамагалі дзяржаўныя ўстановы з БССР.

А. Надсан: Нам удалося ўсталяваць супрацоўніцтва зь бібліятэкай Акадэміі навук. І гэта было вельмі добрае супрацоўніцтва. Мы ім дасылалі кнігі, якія ім былі патрэбныя, якія выдаваліся на Захадзе. А яны нам высылалі прыктычна ўсё, што выходзіла тады ў Беларусі.

Скарынаўская бібліятэка мае статус навуковай. Чытачы могуць карыстацца кнігамі на месцы, пазычаць іх дадому нельга.

А. Надсан: Большасьць карыстальнікаў прыязджае з па-за Лёндану, нават з па-за Англіі. Нашыя чытачы прыязджалі ня толькі з усіх краінаў Эўропы, але й з ЗША, Канады, Аўстраліі, Ізраіля. Гэта непублічная бібліятэка, а навуковая. Ёй цікавіліся навукоўцы, якіх цікавіла беларускае пытаньне. У нас тут шмат і беларускай літаратуры, але найбольш кнігамі цікавяцца замежныя славісты. Іх у нас былі ўжо сотні.

Сёньня ў Скарынаўскай бібліятэцы захоўваецца каля 30 тыс. кнігаў. Мы спыталіся ў айца Аляксандра, якія зь іх для яго найбольш дарагія й важныя.

А. Надсан: Для бібліятэкара кожная кніга каштоўная. У нас ёсьць і беларускія старадрукі 16-17 ст. Маем нават найстарэйшы рукапіс на беларускай мове з канца 15 ст. Ёсьць таксама экзэмпляр Літоўскага статуту.

Кнігамі ў беларускай бібліятэцы карысталіся вядомыя славісты Энтані Фрэнч, Арнольд Макмілін і Джым Дынглі. Пасьля працы ў Скарынаўскай бібліятэцы яны друкавалі ўласныя дасьледаваньні пра Беларусь. Было ў бібліятэцы нямала гісторыкаў, мовазнаўцаў, этнографаў, выкладчыкаў эўрапейскіх унівэрсытэтаў. 

На пытаньне, ці хапае бібліятэцы сродкаў пасьля сыход у ў іншы сьвет старэйшай беларускай эміграцыі, айцец Аляксандар адказвае аптымістычна: “Бог дапамагае. Праіснавалі 40 гадоў, будзем жыць і далей”.

дг