• Рэдакцыйная дыскусія
  • 18.05.2011

Вітаю, дарагія слухачы. Сёньня вашай увазе я прадстаўлю ліст ад спадарыні Дануты Крупіцы зь Ліды. Я думаю, што яе разважаньні можна аднесьці да нашага конкурсу пра важныя падзеі 21 стагодзьдзя, праўда, гэта ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе веку, а другое, але нашу слухачку дадзеная падзея моцна закранула. А пра што ідзе гаворка? Пра трагедыю ў Японіі, якую наведалі нядаўна магутнейшы землятрус і цунамі. Вось што піша Данута Крупіца:

“Я лічу, што аднак сьвет чэрствы й абыякавы да гэтай неймавернай таргедыі. І мне вельмі прыкра, што Мікіта Міхалкоў папікнуў японцаў за іх прэтэнзіі да 4 паўночных астравоў. Я лічу, што гэта правамернае й абгрунтаванае права Японіі на ўласнасьць гэтых 4 астравоў. Таму што, па-першае, кожны чалавек мае права жыць там, дзе ён жадае, а па-другое, у Японіі элемэнтарна бракуе тэрыторыі на пражываньне яе насельніцтва. Гэта як перапоўнены транспарт. На падставе атласу-даведніка палітычнай мапы сьвету вось якія дадзеныя для гэтых краін: Японія мае менш за 380 тыс. квадратных кілямэтраў тэрыторыі й 127 млн. жыхароў, а ў Расеі на звыш 17 тысячах квадратных кілямэтраў пражывае ненамнога больш – 143 млн. асобаў.

Напрошваецца выснова. Якое ж нутро ў гэтых расейцаў?! Як гавораць, якім ты быў, такім ты й застаўся. Рукі заграбушчыя, вочы завідушчыя. Я лічу, што яны даўным-даўно былі абавязаны, па-першае, аддаць Японіі яе астравы, каб краіна не будавала свае АЭС у сэйсьмічна небсьпечнай зоне й наогул магла палепшыць сваю жыцьцёвую прастору, а па-другое, падзяліцца неабжытымі неабсяжнымі прасторамі, якіх у яе ў 50 разоў болей, чым у такога высокаінтэлектуальнага народа. Чаму яны Сібір заваявалі (захапілі) і вызначылі як тэрыторыю для катаржнікаў і насільных перасяленцаў?

Вось такое параўнаньне далёка не на карысьць Расеі. Гэтая складаная сытуацыя існуе ў Японіі шмат гадоў. А цяпер, пасьля страшнай трагедыі, як Японіі вырашыць свае надзённыя праблемы? Сама справа падказвае, што Расея, як бліжэйшая суседка, павінна адклікнуцца па ўсіх агульналюдзскіх паняцьцях і правілах.

Усе краіны заўсёды прымалі й прымаюць уцекачоў з пацярпелых краін і з зонаў канфліктаў. Вось у нас у Беларусі хваліліся, што прынялі пару соцен з Афганістану й з Кыргызстану. На маю думку, прапанаваць жытло для японскіх жыхароў і сам Бог казаў.

Яшчэ адносна будаўніцтва АЭС у нас – я да гэтага стаўлюся адмоўна, таму што ў нас і так натуральны фон перавышаны. Напрыклад, 18 млрн. замест 12 па сусьветных нормах. І ўвогуле ўсе дадзеныя засакрэчаныя. Ёсьць некаторыя дадзеныя ў падручніках па экалёгіі, якія мала канкрэтныя й без камэнтароў.”

Вось такія роздумы паступілі да нас зь Ліды, ад Дануты Крупіцы. Я з Вамі цалкам згодная, што пачуцьцё справядлівасьць наказвала б расейцам перадаць 4 спрэчныя выспы назад японцам. Калі параўнаць колькасьць тэрыторыі на душу насельніцтва ў Японіі ды ў Расеі, то ніхто не павінен сумнявацца, што расейцам не патрэбна столькі зямлі, яны яе ніколі ня выкарыстаюць, у вялікай ступені сібірскія тэрыторыі – гэта цаліна, а тым больш непатрэбныя Расеі тыя некалькі невялікіх выспаў, на якія прэтэндуе Японія. Гэта па лёгіцы й паводле элемэнтарнага пачуцьця справядлівасьці. Але хто сказаў, што на Зямлі ёсьць справядлівасьць...

Справядлівасьці няма, таму адны краіны бедныя, іншыя багатыя, адны маюць шмат карысных выкапняў, іншыя ня маюць іх зусім. І г.д. Праблема заключаецца перш за ўсё ў кіруючых колах. У расейцаў вельмі моцнае пачуцьцё магутнасьці ўласнай дзяржавы, і таму, калі б хтосьці з уладных колаў гэтай краіны хаця бы выступіў з такой прапановай, каб перадаць выспы Японіі, то яго палітычная кар’ера была бы закончана. Звычайныя грамадзяне гэтага б не зразумелі – як гэта так, дабраахвотна адмаўляецца ад кавалка зямлі. Праўда, некалькі гадоў таму прэзыдэнт Расеі прапанаваў Японіі 2 спорныя выспы, але гэта толькі 6% усёй тэрыторыі, японцы адмовіліся, патрабуючы ўсіх 4 выспаў. Яшчэ ў народзе жыве памяць пра жэст цара Аляксандра ІІ, які прадаў Амэрыцы Аляску... Таму расейскае кіраўніцтва баіцца паказаць сваю слабасьць перад уласным народам. А шкада, бо гэта магло б значна палепшыць адносіны Расеі й Японіі - двух блізкіх суседак, якія надалей не падпісалі мірнага дагавору менавіта з-за курыльскіх выспаў.

А наконт АЭС – сапраўды, самая вялікая праблема ў выпадку Беларусі – гэта адсутнасьць праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі. Яна засакрэчана, а нават тая, якая паяўляецца, не выклікае даверу. Таму людзі баяцца, што ў выніку будаўніцтва станцыі іх жыцьцё зноў будзе пад пагрозай, паколькі АЭС будзе пабудаваная без захаваньня адпаведных нормаў бясьпекі. Але трэба сказаць, што, здаецца, няма ўжо альтэрнатывы ядзернай энэргетыцы. Праўда, некаторыя краіны закрываюць свае АЭС, стараюцца разьвіваць гэтак званыя зялёныя тэхналёгіі, але й так экалягічнай энэргіі ня хопіць на ўсе патрэбы, тым больш, што яны пастаянна растуць. Атамных электрастанцый нямала ў Заходняй Эўропе – і ў Францыі, і ў Нямеччыне, і там яшчэ не здарылася ніводная сур’ёзная аварыя. Але важна, паводле якой тэхналёгіі збудаваная станцыя, а вось пра гэта вельмі мала інфармацыі ў Беларусі – хто будзе будаваць і як. 

нг