• Асяродзьдзе ЛГБТ рыхтуецца да VII Менскага гей-прайда
  • Audio5.67 MB
  • 19.05.2011

Польская партыя Саюз левых дэмакратычных сілаў перадаў учора ў Сэйм праект, які дае магчынасьць афіцыйнай рэгістрацыі гомасэксуальных параў.

Паводле праекту, дамова можа быць заключаная ў пісьмовай форме ў натарыюса, а пазьней зарэгістраваная ў ЗАГСе. Дамовы анулявалася б пасьля сьмерці аднаго з партнэраў альбо пасьля адмысловай супольнай заявы дзьвюх асобаў. Калі б ануляваць дамову вырашыла толькі адна асоба, то гэта адбылося б пасьля 6 месяцаў ад моманту перадачы заявы адным з бакоў. Згаданы праект датычыць ня толькі гомасэксуальных, але таксама гетэрасэксуальных параў, якія ня хочуць браць грамадзянскага ці касьцельнага шлюбу.

Пра гэткія вырашэньні асяродзьдзе ЛГБТ у Беларусі ня можа нават марыць, а пакуль яны змагаюцца за талерантнасьць і выцясьненьне агрэсіі з боку грамадзтва. 

Праходзіць інтэнсыўная падрыхтоўка да правядзеньня VII Менскага гей-прайда. Надоечы аргкамітэт зацьвердзіў даты правядзеньня мерапрыемстваў фэстывалю ў падтрымку талерантнага стаўленьня да геяў, лесьбіянак, бісэксуалаў і трансгендэраў у Беларусі. Працягваецца праца над арганізацыяй мерапрыемстваў і рэгістрацыяй замежных удзельнікаў.
 
Як падкрэсліваюць арганізатары, Менскі гей-прайд-2011 будзе праходзіць ва ўмовах, калі ААН рэкамэндавала Рэспубліцы Беларусь уключыць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці ў працэс прыняцьця рашэньняў на дзяржаўным узроўні й палепшыць бачнасьць ЛГБТ ў Беларусі.

20 красавіка б.г. ААН, пасьля працяглых дапрацовак і ўзгадненьняў, апублікавала выніковыя рэкамэндацыі найбуйнейшай міжнароднай кансультацыі па пытаньнях мужчын, якія практыкуюць аднаполы сэкс, якая праходзіла ў канцы мінулага года ў Кіеве для краін Усходняй Эўропы, Балтыі, Цэнтральнай Азіі й Закаўказьзя.

Як тлумачыць арганізатар Менскага гей-прайда й кіраўнік праваабарончага ЛГБТ-праекта „ГейБеларусь” Сяргей Андросенка, дата мерапрыемства вызначана невыпадкова, але з мэтай прыцягнуць як найбольш увагі менчукоў.

Сяргей Андросенка: Дата мерапрыемства, гэта з 30 жніўня па 12 верасьня. Само шэсьце адбудзецца ў другую суботу верасьня – 10 верасьня. У гэты ж дзень у Менску будуць праходзіць сьвяточныя мерапрыемствы Дня горада. Такім чынам мы хочам прыцягнуць дадатковую ўвагу СМІ, а таксама паказаць іншым менчукам, што геі, лесьбіянкі, бісэксуалы й трансгендэры такія ж самыя менчукі ды нічым не пашлейшыя ў сваім мерапрыемстве, чым тыя, якія будуць гуляць, напівацца й непрыстойна сябе весьці на мерапрыемствах Дня гораду.

Шэсьцье гэта не адзінае мерапрыемства, якое пройдзе ў рамках гей-прайда.

Сяргей Андросенка: Мы плянуем таксама правядзеньне VI Нацыянальнай ЛГБТ канфэрэнцыі, вялікага шэгару грамадзкіх, праваабарончых і культурна-асьветніцкіх акцыяў. Гэта, між іншым, кінапаказы, праваабарончыя сэмінары, выстава, багата рознага роду вечарынаў. У гэты ж пэрыяд мы плянуем правядзеньне конкурсу Містэр- гей Беларусі: мы выбярэм самога прыгожага гея й пакажам, наколькі разнастайнай зьяўляецца гэй-супольнасьць і прадэманструем розныя бакі жыцьця геяў.

У ацэнцы кіраўніка праваабарончага ЛГБТ-праекта „ГейБеларусь”, плянаванае мерапрыемства, гэта свайго роду тэст як для гарадзкіх уладаў, так і для жыхароў беларускай сталіцы.

Сяргей Андросенка: Канешне, шмат залежыць, як пройдзе фэстываль менскі гей-прайд, і ад саміх менчукоў, беларусаў, так і беларускіх уладаў. Таму што мерапрыемствы беларускага гей-прайда безумоўна могуць падвяргацца розным няпрыемным умяшальніцтвам. Гэта могуць быць і гамафобная агрэсія, агрэсія з боку ўладаў, зрыў мерапрыемстваў па прычыне адмовы ў памяшканьнях, як гэта адбываецца ў Беларусі. Канешне, Менск можа паказаць сябе як горад талерантны й цярплівы альбо ўкараніць вось гэты кепскі імідж, які мае зараз Беларусь. Менскі гей-прайд і шэсьце адбудзецца ў любым разе, і якім пакажа сябе горад, альбо талерантным (хаця б часткова) і сьвяточным, альбо сапсуе сьвята і ўсё закончыцца разгонам мерапрыемства й хапуном.

Сяргей Андросенка нагадвае, што менскі гей-прайд мае выключна праваабарончы характар. Арганізатараў цікавіць роўнасьць, раўнапраў’е й талерантнае стаўленьне да розных людзей, а таксама магчымасьць карыстацца сваімі правамі. Аднак жа асноўная справа - атрымаць дазвоў гарадзкіх ўладаў, - нагадвае Андросенка. 

Сяргей АндросенкаПачнем ад Менгарвыканкаму. На пачатку чэрвеня, тры месяцы да мерапрыемства, пачнем абмяркоўваць фармат і магчымы маршрут мерапрыемства.Будзем пераконваць улады ў важнасьці мэрапрыемства: знойдзем ня толькі адмоўныай бакі, але й станоўчыя. Будзем старацца быць негаласлоўнымі, нягледзячы на вядомы рэпрэсіўны характар гарвыканкаму. Магчыма, мы аптымісты, але мы паспрабуем пераканаць Менгарвыканкам у важнасьці фэсту для ЛГБТ Беларусі й Менска.

Андросенка перакананы, што калі ўлады дадуць сапраўдны дазвол, то мерапрыемствам не пагражае ніякая правакацыя.

Сяргей Андросенка: Мы будзем рады бачыць на ўсіх нашых мерапрыемствах - на вечарынах, на канфэрэнцыі, на сэмінарах і на шэсьці - людзей розных палітычных поглядаў, людзей рознага стаўленьня да ЛГБТ-супольнасьці. Я хачу сказаць, што мы ня супраць прысутнасьці гамафобаў на нашых імпрэзах, але хочацца, каб людзі паводзіліся ў межах прававога беларускага поля й не чынілі шкоду іншым людзям, не абражалі іх годнасьць. Я перакананы, што калі яны прыйдуць і хаця б адным бокам паглядзяць на гэтых людзей, якія зьбяруцца, іхныя меркаваньні абсалютна зьменяцца.

- лічыць Сяргей Андросенка, арганізатар Менскага гей-прайда й кіраўнік праваабарончага ЛГБТ-праекта „ГейБеларусь”.

Агранізатарамі Гей-прайда, апрача згаданага праваабарончага праекта „ГейБеларусь”, зьяўляюцца таксама „Гей-Альянс Беларусі”, „Лабрыс”, „Валанцёры бязь межаў”. Вядуцца перамовы зь Беларускім Xэльсінскім камітэтам, маладымі сацыял-дэмакратамі - „Маладой Грамадой”, беларускай партыяй „Зялёныя” й шэрагам іншых арганізацыяў.

Прайд у Менску плянуюць наведаць госьці з краін Эўропы, СНД, а таксама з Амэрыкі. Мерапрыемства будзе праходзіць пад лёзунгам „Любові! Свабоды! Пераменаў!”

Нагадаем, што публічная акцыя, заплянаваная ў рамках Славянскага гей-прайда-2010 у Менску, была разагнаная спэцназам, у выніку 12 чалавек былі затрыманы, пяцёра на трое гадзін, а сямёра - на двое сутак.

У сваю чаргу ў аўторак каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі ў Менску былі часова затрыманыя ўдзельнікі акцыі, прысьвечанай барацьбе супраць гамафобіі. У суме 15 чалавек. Усіх затрыманых адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Размаўляла Анна Задрожна