• Мы гэта ўсё ўжо праходзілі...І эфэкту не было.
  • Audio4.42 MB
  • 19.05.2011

Чыноўнікі ў белаpускіх рэгіёнах пачалі на практыцы выконваць даручэньне Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніць працоўную дысцыпліну. Беларускія СМІ ўжо расказваюць пра аблавы на прагульшчыкаў, пісьмовы ўлік знаходжаньня людзей на працы, а таксама праверкі ідэалягічнага выхаваньня ў школах. Ці дапамогуць андропаўскія мэтады выйсьці з гаспадарчага крызысу?

У віцебскіх школах уводзяць спэцыяльныя сшыткі, дзе настаўнікі павінныя распісвацца, калі яны прыходзяць  на працу і калі сыходзяць зь яе - перадае “Радыё Свабода”. Акрамя гэтага, школы перажылі праверку выхаваўчай працы й захоўваньня зброі.

У Рэчыцы міліцыя зачыніла краму “Юбілейны”разам з пакупнікамі й правярала, хто ходзіць на закупы ў працоўны час. Праверкі прысутнасьці людзей на працы прайшлі таксама ў Гомелі – перадае “Беларускі партызан”.

Чарговае “закручваньне гаек” не дапаможа выйсьці з эканамічнага крызысу,  бо патэнцыял такіх сродкаў ўжо вычарпаны – кажа сустрашыня Прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў.

А. Бухвостаў: Мне падаецца, з адміністрацыйнага рэсурсу Лукашэнка ўжо выціснуў усё. На прадпрыемствах усьлед за скарачэньнем аб’ёму вытворчасьці ідзе скарачэньне людзей. Дысцыпліна і так робіцца больш жорсткай. П’яных і прагульшчыкаў адразу звальняюць. Таму ў дадатковых захадах я ня бачу сэнсу.

Праверкі ня сталі пакуль масавай зьявай. Да Салігорскага калійнага камбінату яны пакуль што не дайшлі. Калі нават і дойдуць, то эфэктыўнасьць працы гэта не павысіць – лічыць сябра незалежнага прафсаюзу гарнякоў Іван Пермікаў.

І. Пермікаў: Мы гэта ўсё ўжо праходзілі ў часы Савецкага Саюзу...І эфэкту не было.  Што тычыцца нашага прадпрыемства, то мы працуем у нармальным рэжыме. Ніякіх новаўвядзеньняў няма.

Эфэктыўнасьць працы павышае эканамічнае заахвочваньне, а не адміністрацыйны прымус – кажа палітоляг Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Галоўны элемэнт эфэктыўнасьці – гэта зацікаўленасьць працоўных, а не адміністратыўныя мэтады. Яны і ў андропаўскія часы, на якія спасылаецца Лукашэнка, дрэнна працавалі, а цяпер увогуле не працуюць.  За 17 гадоў кіраваньня Лукашэнкі былі вычарпаныя ўсе сродкі зацісканьня. Яны проста ня дзейнічаюць.

Чаму ж беларускія ўлады вырашылі ў часы крызысу ўзмацніць праверкі? Гэта савецкая традыцыя – лічыць прафсаюзны дзеяч Аляксандар Бухвостаў. Калі прадпрыемства працуе дрэнна, віну лягчэй за ўсё скінуць на працоўных, а не на дырэктара.

А. Бухвостаў: Гэта звычайны мэтад савецкіх часоў: як прадпрыемства не працуе, дык вінаваты рабочы. Нічога новага тут няма. Лукашэнка выкарыстоўвае самыя прымітыўныя мэтады кіраваньня прадпрыемствамі, якія выкарыстоўваліся на найгоршых савецкіх фабрыках.

Беларускія ўлады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сягаюць па андропаўскія мэтады  з-за састарэласьці свайго мысьленьня, разгубленнасьйі й любові да папулізму – перакананы палітоляг Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Гэта інэрцыя мысьленьня. Тыя людзі, якія кіруюць краінай, маюць толькі савецкі досьвед. Гэта таксама праява разгубленасьці перад тымі праблемамі, якія паўсталі. Ёсьць тут і элемэнт папулізму. Сярод электарату Лукашэнкі такія мэтады папулярныя: парадак, дысцыпліна... Гэта, ў пэўным сэнсе, гульня на публіку.

Як на ўзмацненьне праверак адрэагуюць працаўнікі? Прыхільнікі Лукашэнкі аднясуцца ад іх пазытыўна, толькі пакуль кантроль не кране іх саміх – лічыць палітоляг Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Я думаю, што пэўная частка людзей рэагуе добра, калі глядзіць па тэлебачаньні, як наводзіцца парадак. Калі ўжо праверкі датычацца непасрэдна чалавека, ён рэагуе дрэнна. Думаю, што цьвёрды электарат Лукашэнкі такія захады падтрымае. А апазыцыйны электарат, зразумела – не.

Рабочыя ў большасьці сваёй абураюцца бессэнсоўнаму “закручваньню гаек”, але пратэставаць баяцца  – кажа Аляксандар Бухвостаў.

А. Бухвостаў: Тэрор, які Лукашэнка развязаў супраць апазыцыі, перасьлед іншадумцаў, кантрактная сыстэма, увядзеньне “ідэалягічнай вэртыкалі” на прадпрыемствах адыгралі сваю ролю й нібы заціснулі рабочага ў ціскі, прыдушылі яго.  Цяпер каб пратэставаць супраць таго, што адбываецца ў краіне, працоўнаму трэба пераадолець ціск рэпрэсіўнага мэханізму, які створаны на прадпрыемствах.

Узмацненьне кантролю не дапаможа краіне змагацца з крызысам – лічыць Аляксандар Бухвостаў. Калі ўзровень жыцьця ўпадзе яшчэ  больш, ня выключаныя стыхійныя пратэсты рабочых – кажа прафсаюзны лідар.

Аляксандар Папко