• Ці не забыўся Эўразьвяз пра візы для беларусаў?
  • Audio3.65 MB
  • 19.05.2011

Прадстаўнікі Эўразьвязу некалькі разоў заяўлялі пра мажлівасьць увядзеньня санкцыяў супраць некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта казала кіраўнік эўрапейскай дыпляматычнай службы Кэтрын Эштан, да кропкавых санкцыяў заклікае нядаўняя рэзалюцыя Эўрапейскага парлямэнту. Пры гэтым у афіцыйных заявах ня згадваецца пра пазытыўныя крокі ў бок грамадзтва, такія як адмена візаў. Ці не забылася Эўропа пра звычайных беларусаў?

Каб патрапіць, напрыклад, у Польшчу, беларускі грамадзянін павінен чакаць на візу каля 4 тыдняў . Шэнгенскія візы, як і раней, абыходзяцца беларусам у 60 эўра. Недахоп стыпэндыяў па-ранейшаму перашкаджае беларускім студэнтам і дасьледчыкам вучыцца за мяжой.

У апошнія месяцы ўвага ўладаў Эўразьвязу прыцягнута да палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Небясьпека таго, што пра візавую праблему забудуцца, сапраўды ёсьць – лічыць дырэктар брусэльскага Офісу за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская.

В. Стужынская: Усе, сапраўды, сканцэнтравалі ўвагу на прысудах, таму ў рэзалюцыі няма ані слова пра візы. У той жа час атрымліваецца, што пра беларускае грамадзтва забываюцца. Акрамя таго, трэба памятаць, што візавае пытаньне не зьяўляецца простым, і шэраг дзяржаў па-ранейшаму непрыхільна ставіцца да скасаваньня візаў у стасунку да краінаў Усходняга партнэрства.

У Эўразьвязе пра візы для беларусаў не забыліся – лічыць  палітоляг Алесь Лагвінец. У папярэдняй студзеньскай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту візавая праблема прыгадваецца. А апошняя заява – гэты выключна рэакцыя на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, лічыць палітоляг.

А. Лагвінец: Рэзалюцыя ад 11 траўня – сытуацыйная. Гэта рэакцыя на прысуды, рэакцыя на пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека. Сапраўды, яна можа падацца аднабаковай. Аднак я думаю, што ў Эўрапейскім Зьвязе разумеюць важнасьць спрашчэньня візавага рэжыму ды павелічэньня стыпэндыяў для студэнтаў. 

Перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю распачаліся яшчэ некалькі месяцаў таму. Але калі стасункі паміж Беларусьсю ды Эўразьвязам варожыя, то прагрэсу чакаць цяжка, зазначаюць камэнтатары.

У лютым і сакавіку эўракамісар Штэфан Фюле абяцаў, што Эўразьвяз павялічыць дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі й выдзеліць грошы на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў. Ці дапамога сапраўды прыйшла? Падтрымка студэнтаў, выключаных за палітычныя погляды, сапраўды павялічылася – кажа старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных Іна Кулей.

І. Кулей: Адкрытыя новыя студэнцкія праграмы. Нашыя студэнты цяпер могуць навучацца ў Эстоніі, выдзеленыя дадатковыя месцы ў рамках Вышаградзкай праграмы, праграмы навучаньня ў Чэхіі. Працягваецца набор на праграму Каліноўскага. Літаральна пару дзён таму зьявіліся абвесткі пра набор на новы акадэмічны год.

Эўразьвязаўскія праграмы дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў, сем’ям палітзьняволеных, а таксама стыпэндыяльныя праграмы для студэнтаў будуць зацьверджаныя ўжо ў бліжэйшыя тыдні – кажа дырэктар Офісу за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская.

В. Стужынская: На пачатку наступнага месяца ў беларускіх СМІ зьявіцца інфармацыя пра тое, як беларускія студэнты змогуць выкарыстоўваць гэтыя стыпэндыі. Праз так званы Інструмэнт для стабільнасьці будзе ісьці дапамога пацярпелым ад рэпрэсіяў і сем’ям палітзьняволеных. Аднак я пакуль ня ўпэўненая, ці мэханізм гэтай дапамогі выпрацаваны дастаткова добра, каб пачаць рэалізацыю гэтай праграмы.

Інфармацыя пра мажлівасьці вучыцца ў Эўразьвязе, а таксама дапамогу сем’ям палітзьняволеных зьявіцца ў беларускіх СМІ і на сайце прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі ўжо ў чэрвені – мяркуе Вольга Стужынская.


Аляксандар Папко