• Чарговая прыватызацыя ў Беларусі? Ці дапаможа?
  • 20.05.2011

У Беларусі плянуецца чарговая прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў. На гэты раз пра патрэбу прыватызацыі загаварыла расейскае кіраўніцтва, для ягога гэта абавязковая ўмова выдзяленьня крэдытаў. Менск доўгі час адмаўляўся ад прыватызацыі. Ці на гэты раз прыватызацыя будзе й ці яна дапаможа?

Два гады таму афіцыйны Менск нечакана пайшоў на супрацоўніцтва зь Міжнародным валютным фондам. Адной з умоваў аздараўленьня беларускай эканомікі экспэрты гэтай арганізацыі называлі прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Беларускае кіраўніцтва нават зрабіла шэраг крокаў у гэтым накірунку: быў створаны сьпіс выстаўленых да прыватызацыі дзяржпадрыемстваў, створана Агенцтва замежных інвэстыцыяў. Зь іншага боку, падкрэсьліваюць экспэрты, прыватызацыйныя працэсы засталіся моцна бюракратызаванымі. У выніку прыватызацыя так і не пайшла.
Цяпер Расея спрабуе прымусіць Менск правесьці прыватызацыю. Учора міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын сказаў, што ўмовай выдзяленьня Беларусі крэдыту будзе зацьвярджэньне трохгадовай праграмы прыватызацыі, каб дапоўніць праграму крэдытаваньня. На думку расейскага экспэрта Кірыла Коктыша, сёньня Расея такім чынам гарантуе сабе вяртаньне крэдытаў, выдзеленых беларускім уладам. 

Кірыл Коктыш: Беларускае кіраўніцтва будзе вымушана прадаць Белтрансгаз. Ніякіх іншых сродкаў разьлічыцца за расейскую дапамогу ня будзе. Больш за тое, Масква была б шчасьлівая ўвогуле ніякую дапамогу не аказваць. За апошняй тры тыдні з Расеі выведзена недзе каля 170 мільярдаў даляраў. Масква была б шчаслівая, каб беларускае кіраўніцтва даказала б сваю здольнасьць быць эфэктыўным мэнэджарам ды прадэмастравала сваю здольнасьць кіраваць краінай у складаных эканамічных умовах. Тут, на жаль, нічога не выходзіць. Калі Расея будзе вымушана вырашаць не свае праблемы, чаму яна павінна рабіць гэта са стратай для сябе? Хай беларускае кіраўніцтва думае, што й як яно будзе прадаваць, каб разьлічыцца.

Зь беларускіх актываў расейцаў цікавяць толькі некаторыя рэчы: Белтрансгаз як адзіны сродак пастаўкі газу ў Калінінград, нафтаперапрацоўка, Гроднаазот, беларускі кавалак нафтаправоду “Дружба” й Беларуськалій. Паводле падлікаў эскпэртаў, гэтыя прадпрыемствы давалі большую частку даходаў беларускага буджэту. Менск іх не прадасьць, лічыць незалежны экспэрт Сяргей Чалы, хутчэй пойдзе ў зямлянкі.

Сяргей Чалы: Я ня думаю, што ім гэта дастанецца. У такім выпадку найбольш рэальнай рэакцыяй улады будзе “пойдзем у зямлянкі, але сувэрэнітэту не аддамо”. Лепш адразу ў труну класьціця, чым аддаваць такія актывы. Хутчэй за ўсё мы неўзабаве пачуем заявы пра тое, што расейскія ўмовы крэдыту становяцца для нас непрымальнымі й нам гэтыя грошы ня трэба. Тым больш, што нам гэтыя грошы насамрэч не трэба, калі будзе прынята рашэньне пераходзіць на рынкавае рэгуляваньне.

У дадзеных умовах продаж прадпрыемстваў расейцам эканамічную сытуацыю ў Беларусі не палепшыць -- лічыць эканаміст Міхась Залескі. Пры наяўнасьці палітычнай волі, Беларусь можа выйсьці сама зь сёньняшніх цяжкасцяў.

Міхась Залескі: Спачатку зьмена ўласніка не паўплывае на паляпшэньне ці пагаршэньне сытуацыі. Затое ў доўгатэрміновай пэрспектыве – гэта вялікая пагроза для ўсёй нацыі. Я не стамляюся казаць, што мы страцілі веру ў Бога, страцілі мову, зараз страчваем маёмасьць і нарэшце страцім сябе. Усё таму, што мы не захацелі пайсьці за цывілізаванай Эўропай. Цяпер мы, як у таго Дантэ, раптам апынуліся ў цёмным лесе. Усё гэта выклікана выключна папулізмам кіруючых колаў. Маўляў, гэта ўсё наша, захаваем, не аддамо гадам, пятай калёне! У якой цяпер яны калёне? Выхады ёсьць разнастайныя й стандартныя, спэцыялістаў у краіне хапае. Яны здольныя рэалізаваць любыя патрэбныя захады, пры наяўнасьці палітычнай волі. Яе бракуе.

З-за палітычных прычынаў афіцыйны Менск адкладваў увесь час прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў. Сёньня ва ўмовах эканамічнага крызысу знайсьці пакупнікоў на беларускія актывы складана. Беларускае кіраўніцтва шукае ратунку, просячы грошы ў Маскве. А Расея гатова іх выдзяліць пры ўмове прыватызацыі прадпрыемстваў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч