• ЭўрAзЭС як Эўразьвяз?
  • 20.05.2011


На днях у Менску адбылася сустрэча ў рамках ЭўрАзЭС. Размова ішла пра новы ўзровень інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Гэта дазволіць больш шчыльна супрацоўнічаць зь іншымі рэгіянальнымі аб’яднаньнямі, у тым ліку ЭЗ.

19-га траўня ў Беларусі адбылося паседжаньне Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў. Прысутны ў Менску расейскі прэм’ер міністар Уладзімір Пуцін заявіў, што за апошнія два гады адбыўся пералом у інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы.

Уладзімір Пуцін: Я вельмі добра памятаю, як некалькі год таму мы ўвесь час размаўлялі, размаўлялі ды размаўлялі, а нічога не адбывалася. Сёньня сытуацыя зьмянілася, выйшла на якасна новы ўзровень.

Такім чынам, расейскі палітык характарызаваў стварэньне Мытнага зьвязу паміж Расеяй, Беларусьсю ды Казахстанам і падрыхтоўку да стварэньня Эўразійскага эканамічнага зьвязу, якая павінна завершыцца ў 2013-м годзе. Пуцін зазначыў, што да гэтага ўтварэньня могуць далучыцца іншыя постсавецкія рэспублікі, а ў будучыні магла б паўстаць адзіная эканамічная прастора паміж ЭўрАзЭС ды ЭЗ.

На думку расейскага экспэрта Кірыла Коктыша, у Маскве даўно абмяркоўваюць мэханізмы супрацы з Эўразьвязам. У гэтым бачыцца адзін з варыянтаў пераадоленьня наступстваў сёньняшняга эканамічнага крызысу. ЭўрАзЭС – гэта адзін з дадатковых элемэнтаў гэтай стратэгіі.

Кірыл Коктыш: Такія праекты даволі даўно абмяркоўваюцца. Прыкладам такога эўразійскага эканамічнага супрацоўніцтва была здзелка паміж Бі-Пі й Роснафтай, якая сарвалася. Цяпер усплываюць розныя мэханізмы, бо эканамічны крысыс паглыбляецца й дзяржавы шукаюць розныя камбінацыі, каб перабудаваць існуючую эканоміку. Постсавецкую прастору даволі цяжка збудаваць як інтэграваную прастору. Калі ж працэсы выйдуць на ўзровень інтэграцыі паміж Эўразійскай прасторай ды ЭЗ, гэта можа стаць адным з варыянтаў выхаду зь сёньняшняга цяжкага эканамічнага становішча.

Нягледзячы на размовы пра супрацоўніцтва, Расея заўсёды супрацьпастаўляла сябе Захаду. Дзеля гэтага ствараліся такія арганізацыі, як АДКБ. На постсавецкай прасторы пад маскай інтэграцыйных утварэньняў ішлі дэзінтэграцыйныя працэсы, як, напрыклад, СНД. Ці ЭўрАзЭС будзе больш эфэктыўны чым СНД ці АДКБ? Ці Расея зможа эфэктыўна выкарыстаць гэта ў кантактах з Захадам? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да беларускаг палітоляга-міжнародніка Андрэя Фёдарава.

Андрэй Фёдараў: Калі Расея будзе не адна, а будзе ўзначальваць нейкую зь яе пункту гледжаньня істотную структуру, гэта нібыта дазволіць ёй быць на роўных з Захадам, дазволіць наладзіць роўнае ўзаемадзеяньне. Іншая справа, як у яе атрымаецца? Тут у мяне ёсць сумневы. Раней ці пазьней ўзьнікнуць супярэчнасьці, а агульных прынцыпаў насамрэч няма, рэальных, а не дэкляраваных. Вынік будзе адпаведны. Расея можа шмат чаго жадаць, наколькі ёй удасца дасягнуць сваіх мэтаў – гэта пытаньне.

У адрозьненьні ад свайго расейскага калегі, беларускага прэм'ера Міхаіла Мясьніковіча хвалявалі іншыя менш стратэгічныя аспэкты постсавецкай інтэграцыі. Ўсю сустрэчу ён дзякаваў Ўладзіміру Путіну за дапамогу ў супрацьдзеяньні „спэкуляцыйным патрэбам на валюту”. Такім чынам беларускі кіраўнік ураду прасіў не зацягваць з абяцаным крэдытам з антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС.

Міхаіл Мясьніковіч: Мы перакананыя, што ў бліжэйшы час у Беларусі зноў зьявіцца рэальны курс нацыянальнай валюты, абгрунтаваны на балянсе попыту й запатрабаваньня, ачышчаны ад спэкуляцыйных чаканьняў.

Якім будзе «ачышчаны» курс, беларускі прэм'ер не паведаміў. Расейскі крэдыт чакаецца 4 чэрвеня. Такім чынам, на прыкладзе гэтай сустрэчы мы бачым, якія сапраўдныя інтарэсы й чаканьні паасобных краінаў.

Падрыхтавў Юры Ліхтаровіч