• Камэнтар ад У.Падгола
  • 28.05.2011

23 траўня ўрадавае інфармагенства БелТА паведаміла пра дэвальвацыю з 24 траўня й гэтую навіну данесьлі да грамадзянаў праз прэзыдэнцкія СМІ. Прычым гэтая навіна была пададзена на дзясятых месцах. Цэлы тыдзень людзі падлічвалі, колькі грошай згубілі. Шмат маіх суседзяў, якім я напрыканцы тыдня аддаваў свае газэты, заявілі: “Знайсьці б ракету ды шандарахнуць па гэтаму ўраду!”. Бо ляжала ў сям’і пару мільёнчыкаў на “чорны дзень”, а пасьля дэвальвацыі стала іх удвая менш, а калі падлічылі новыя кошты дык гэтых рублікаў значна паменшала. І вось што цікава. Мае суседзі – людзі апалітычныя. Газэты ім даваў і дзяржаўныя, і незалежныя. І вось пачуў ад іх, што “Нашу Ніву”, „Свободные новости”, “Народную волю” чытаць цікава, бо яны пішуць праўдзіва. А дзяржаўныя адразу ідуць на распальваньне печкі на лецішчы. 

“Народная воля” за пятніцу друкуе падрабязны рэпартаж пра стан спраў на Менскім трактарным заводзе ў кантэксьце адбыўшайся дэнамінацыі. На мінулым тыдні былі зьвесткі аб хваляваньнях на гэтым заводзе. Цікава, што заробкі ў ліцейным цэху на трактарным - да 4 мільёнаў, у звычайных цэхах – 2 млн. Завод больш чым у два разы павялічыў выпуск трактароў і шукае спэцыялістаў.

У гэтым жа нумары “Народнай волі” паведамляецца, што актывісты апазыцыі й лідары прафсаюзнага руху ды грамадзкай думкі рыхтуюць на 8 кастрычніка ўсенародны сход. Яго мэта, як патлумачыў кіраўнік РЭПа Генадзь Фядыніч, адзначыць Міжнародны дзень барацьбы за годную працу. Покуль вылучаюцца сацыяльныя лёзунгі: патрабаваньне спыненьня росту цэнаў, годныя заробкі й пэнсіі, спыненьне продажу прадпрыемстваў і іншыя. Арганізатары плянуюць правесьці сходы ў 48 гарадах і арганізаваць альтэрнатыву фіктыўнаму ўсенароднаму сходу дыктатара.

Сайт “Нашай Нівы” паведамляе, што «СБ» вярнулася да пікіровак з Расеяй. Газэта за чацьвер надрукавала рэдакцыйны артыкул. Павал Якубовіч у рэдактарскай калёнцы «Куды конь з капытом» раскрытыкаваў заявы міністра фінансаў Расеі. Рэдактару «СБ» не спадабаліся заявы Кудрына пра выдзяленне Беларусі крэдыту ў абмен на прыватызацыю шэрагу айчынных прадпрыемстваў. «Хай бы Кудрын забаўляў аўдыторыю карыснымі зьвесткамі аб дзейнасьці свайго ведамства. Не, яго чамусьці нястрымана цягне да апакаліптычных ацэнак іншых краін», піша галоўрэд. «Уявіўшы сябе бабай Вангай», паводле словаў Якубовіча, Кудрын да гэтых перамоў па крэдыце мае апасродкаванае дачыненне. «Ніхто не чакае, што міністр фінансаў Расеі павінен быць Санта Клаўсам і маці Тэрэзай. Але чаму далёка ня самая ключавая ў гэтых перамовах фігура паводзіць сябе як сатрап, які абвясьціў чужы горад сваёй здабычай?..» Рэдактар “СБ” адмаўляе эканамічныя праблемы ў краіне, назваўшы іх толькі «пожарчиком». Ён таксама раскрытыкаваў беларускі рэпартаж журналіста тэлеканала НТВ Георгія Грывеннага. Маўляў, рэпарцёр неаб’ектыўна, зь перабольшваньнем расказаў пра эканамічную сытуацыю ў нашай краіне. «Пры такой напружанай працы «на заказ» памперсы вам спатрэбяцца», — параіў Якубовіч Грывеннаму. У той жа дзень – піша сайт “Нашай Нівы” - дзяржаўныя тэлеканалы разгарнулі антырасейскую кампанію. Вось гэта не дакладнасьць... Прэзыдэнцкія тэлеканалы дзяўблі Кудрына! Цікава, колькі зараз дадуць грошай уладары Крамля свайму дыктатарчыку, калі той не зьбіраецца прадаваць сваю маёмасьць?

А тое, што Лукашэнка ня мае намераў выконваць плян Кудрына па выратаваньню Беларусі, дыктатар заявіў з Казахстана. Там, паводле яго словаў, Назарбаеў параіў яму паглядзець расейскія тэлеканалы, і ўбачанае яго абурыла. Версія Лукашэнкі: расейцы хочуць стварыць сытуацыю й пажывіцца беларускімі прадпрыемствамі. Нагадаю, што некалькі тыдняў таму Лукашэнка ўпэўнена заяўляў пра намеры Расеі выдзяліць Беларусі 6 мільярдаў даляраў крэдыту.

Усе незалежныя сайты, а таксама прэзыдэнцкія тэлеканалы паведамілі, што Міколу Статкевіча пакаралі (судзьдзя Людміла Грачова) 6 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Дзьмітрыя Вуса — 5,5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. А вось прысуды астатнім паведамілі толькі незалежныя СМІ. А гэта: Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Аляксандру Квяткевічу — 3,5 годы калёніі, Дзьмітрыю Буланаву – 3 гады, Арцёму Грыбкову — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня, яго вызвалілі ў зале суда. Пракурор па прэзыдэнцкіх тэлеканалах паведаміў, што максымальны прысуд па дадзеным артыкуле – 15 гадоў. Усе СМІ растыражавалі словы Лукашэнкі з Казахстана, дзе той да прысуду Статкевічу заявіў, што зьняволеных у Беларусі толькі пару чалавек і тых хутка выпусьцяць.

Усе незалежныя сайты распаўсюдзілі інфармацыю пра намер Мін’юста ўвесьці абмежаваньні на працу для тых дзяржслужачых, якія маюць Карту паляка. Ім у хуткім часе можа быць прапанавана пакінуць дзяржслужбу ці пакінуць Карту паляка. З гэтай нагоды першы сакратар амбасады Польшчы Павал Марчук выказаў меркаваньне пра тое, што ў дзяржаве павінны быць рады з таго, што яе грамадзяне будуць мець перавагі ў іншай краіне.


Уладзімір Падгол

Ад Рэдакцыі: артыкул зьяўляецца аўтарскім меркаваньнем камэнтатара й не заўсёды адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю АТ "Польскае радыё".