• Швэдзкі прэм’ер-міністар салідарызуецца з Анджэем Пачобутам
  • 30.05.2011

Швэцыя будзе дапамагаць Польшчы пры рэалізацыі праграмы „Ўсходняга партнэрства” падчас ейнага старшынства ў ЭЗ, запэўніў швэдзкі прэм’ер-міністар у Варшаве. Фрэдрык Райнфэльт прыбыў з працоўным візытам у Польшчу, каб сустрэцца з кіраўніком польскага ўраду Дональдам Тускам. „Усходняе партнэрства” зьяўляецца супольным праектам Польшчы і Швэцыі, мэта якога - пашырэньне сувязяў між Эўразьвязам і ягонымі ўсходнімі суседзямі.

Прэм’еры Польшчы й Швэцыі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі. Падчас брыфінгу для журналісаў Дональд Туск зазначыў, што Швэцыя заўсёды праяўляла зацікаўленасьць пытаньнямі, зьвязанымі з падтрымкай беларускай грамадзянскай супольнасьці.  Кіраўнік польскага ўраду дадаў, што разам з Фрэдрыкам Райнфэльтам яны салідарызуюцца з журналістам Анджэем Пачобутам - вязьнем рэжыму Лукашэнкі.

У сваю чаргу Фрэдрык Райнфэльт сказаў, што ягоная краіна будзе падтрымліваць Польшчу падчас ейнага старшынства ў ЭЗ у справах, зьвязаных з выхадам з крызысу. Швэдзкі палітык дадаў, што разам з польскім прэ’ерам маюць падобныя погляды ў справе выклікаў, якія стаяць перад ЭЗ.

Гэта чарговая сустрэча кіраўніка польскага ўраду з эўрапейскім калегам у рамках падрыхтоўкі да старшынства ў ЭЗ. Цягам апошніх месяцаў Доналд Туск сустрэўся, між іншым, з прэм’ерамі Галяндыі, Кіпру, Даніі й Вялікабрытаніі.

КР