• Рэдакцыйная дыскусія
  • 01.06.2011

Захаваўся яшчэ ў нашым архіве цікавы ліст наконт парытэтаў – роўнага ўдзелу жанчын і мужчын у палітычным жыцьці дэмакратычных краін. На гендэрны конкурс нейкі час таму прыслала нам разважаньні Сьвятлана Шавель зь Менску. Яна піша:

“У многіх краінах сьвету ў апошнія дзесяцігодзьдзі значна актывізаваўся грамадзкі рух за раўнапраўе жанчын. І ў гэтым кірунку дасягнута нямала посьпехаў. Шмат жанчын выдатна зарэкамэндавала сябе ў палітыцы. Так, прэзыдэнтамі былі абраны жанчыны ў эўрапейскіх, амэрыканскіх ды азіяцкіх краінах.

Цікавыя весткі прыйшлі са Швайцарыі. Там нядаўна большасьцю чальцоў кіруючага органа ўлады краіны сталі жанчыны. Чацьвёра з іх атрымалі пасады міністраў, а ўсяго міністраў 7.

І ў Беларусі фармальна ўсё выглядае вельмі добра. У парлямэнце прыкладна трэць дэпутатаў – жанчыны. Перад выбарамі прэзыдэнта ў Рэспубліканскі Цэнтрвыбаркам пададзены дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзвыдэнты санітаркі з Гомеля Натальлі Старыкавай. А на другі дзень гэтыя дакумэнты былі адкліканы самой кандыдаткай. Дарэчы, на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах спрабавала балатавацца дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Натальля Машэрава. Але гэта й для яе скончылася паразай.

Вось такая беларуская рэчаіснасьць. А вось у суседняй Польшчы справы выглядаюць крыху інакш. Частка палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў лічаць, што полькі менш актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці краіны, і, каб выправіць гэты недахоп, прапануюць прыняць на дзяржаўным узроўні закон, які замацоўваў бы становішча жанчын. Напрыклад, прапануюць у выбарчыя сьпісы кандыдатаў у дэпутаты ўключыць пароўну мужчын і жанчын. Напрыклад, 50 на 50. А некаторыя лічаць, што для жанчын і 30% хопіць. Ёсьць і праціўнікі гэтай ідэі. Яны выступаюць супраць роўнасьці ў палітыцы мужчын і жанчын.

Я лічу, што жанчынам павінна быць адкрыта дарога ў палітыку нароўні з мужчынамі. Але трэба мець на ўвазе, што прырода надзяліла жанчын многімі абавязкамі. Гэта быць маці, прадаўжаць род людзкі. Цяпер і так у шматлікіх эўрапейскіх краінах колькасьць насельніцтва пастаянна зьмяншаецца, у бальшыні сем’яў па адным дзіцяці або па двое. Калі жанчыны стануць актыўна займацца палітыкай, яны забудуць пра сваю асноўную функцыю – працягваць наш род. Ды і жанчыны-маці ня змогуць удзяляць столькі ўвагі  палітыцы й грамадзкім справам, колькі змогуць мужчыны.

Калі ў парлямэнце будзе палова мужчын і жанчын, нічога добрага для прагрэсу гэта ня дасьць. Жанчыны часта ня будуць паяўляцца на паседжаньнях. Ды й пасіўных кабет пры такіх абcтавінах можа трапіць шмат у палітыку. Затое многім актыўным мужчынам туды будзе перакрыты шлях. Галоўнае – не колькасьць жанчын на кіруючых пасадах, а іх дзелавая актыўнасьць.

Польскае радыё падрабязна паведамляла пра рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Сярод кандыдатаў не было аніводнай жанчыны. А гэта яскрава сьведчыць аб стане сапраўднай дэмакратыі ў краіне, аб тым, якімі правамі надзелены на справе прадстаўніцы жаночага пола.” – напісала спадарыня Сьвятлана Шавель.

Сапраўды, сёньняшняя беларуская палітыка – не для жанчын. У ёй над усім трымае кіраўніцтва адзін чалавек, усе ведаюць, як яго імя. Таму няма там месца на плюралізм, дэмакратыю, свабодную палеміку.  Але гэта толькі яскравы прыклад таго, што неабходна, каб у палітыцы было больш жанчын, якія часта ўмеюць лепш разабрацца ў праблеме, дамовіцца з апанэнтамі, прыйсьці да кансэнсусу, чым мужчыны. Вы пішаце, што жанчыны створаны для іншага – нараджаць дзяцей, прадаўжаць род людзкі. Гэта так, мужчыны ня могуць у гэтым замяніць жанчын, але й так пераважна палітыкай пачынаюць займацца сур’ёзна людзі ў сталым узросьце – каля 50 гадоў – паглядзіце, які сярэдні ўзрост дэпутатаў. А жанчыны ў гэтым узросьце як правіла маюць ужо дарослых дзяцей, яны дасягнулі стабільную пазыцыю на рабоце, могуць пачаць шырэй цікавіцца грамадзкімі справамі, магчымасьцямі паляпшэньня жыцьця свайго, сваіх суседзяў, гораду, і, урэшце рэшт, краіны. Але дзеля гэтага неабходная сьпелая дэмакратычная сыстэма ўлады...

Дзякуй вам за лісты, пішыце нам, нагадваем пра новую тэму для разважаньняў – першыя 10 гадоў 21-га стагодзьдзя – якімі яны былі для Вас, чым уразілі, што захавалася ў памяці. Чакаем вашых лістоў.

нг