• Польшча й Швэцыя распрацоўваюць тактыку ўзьдзеяньня на беларускі рэжым
  • Audio3.73 MB
  • 31.05.2011

Швэцыя будзе дапамагаць Польшчы пры рэалізацыі праграмы „Ўсходняга партнэрства” падчас ейнага старшынства ў ЭЗ, запэўніў швэдзкі прэм’ер-міністар у Варшаве. Учора Фрэдрык Райнфэльт знаходзіўся з працоўным візытам у Польшчы з мэтаю перамоваў з кіраўніком польскага ўраду Дональдам Тускам напярэдадні польскага старшынства ў ЭЗ.

„Усходняе партнэрства” зьяўляецца супольным праектам Польшчы й Швэцыі, мэта якога - пашырэньне сувязяў між Эўразьвязам і ягонымі ўсходнімі суседзямі. 

Па словах польскага прэм’ера, дзякуючы „Ўсходняму партнэрству” 6 былых савецкіх краінаў маюць пэрспэктыву інтэграцыі з ЭЗ. Дональд Туск сказаў, што, ангажуючыся ў рэалізацыю эўрапейскага праекту, усходнеэўрапейскія краіны набліжаюцца да Эўразьвязу.

Дональд Туск: Гэта вельмі моцная падтрымка абедзьвюх краінаў для будучыні мільёнаў людзей, якія адчуваюць сябе эўрапейцамі й патрабуюць пэрспэктывы. Дзякуючы польска-швэдзкай супрацы гэтая пэрспэктыва становіцца ўсё больш рэальнай.

„Усходняе партнэрства” зьяўляецца адным з прыярытэтаў польскага старшынства ў ЭЗ. Пад канец верасьня ў Варшаве адбудзецца саміт краінаў, ахопленых гэтым праектам, а таксама краін-сябровак партнэрства.

Прэм’еры Польшчы й Швэцыі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі. Падчас брыфінгу для журналістаў Дональд Туск зазначыў, што Швэцыя заўсёды праяўляла зацікаўленасьць пытаньнямі, зьвязанымі з падтрымкай беларускай грамадзянскай супольнасьці.  Кіраўнік польскага ўраду дадаў, што разам з Фрэдрыкам Райнфэльтам яны салідарызуюцца з журналістам Анджэем Пачобутам - вязьнем рэжыму Лукашэнкі. Дональд Туск і Фрэдрык Рэйнфэльт заявілі, што іхнія краіны шукаюць мэтадаў ціску на беларускі рэжым.

Польшча й Швэцыя маюць супольную пазыцыю адносна рэалізацыі „Ўсходняга партнэрства”, аднак іх падзяляе падыход да бюджэту супольнасьці на гады 2014-2020. Польшча знаходзіцца ў групе краінаў, якія больш атрымліваюць з супольнага эўрапейскага бюджэту, чым уносяць, таму й выказваецца за павелічэньне бюджэту. Швэцыя знаходзіцца па „супрацьлеглым баку барыкады”, таму прытрымліваецца пазыцыі, што ў часы крызысу неабходна ашчаджаць. Таксама Швэцыя выказваецца за абмежаваньне супольнай аграрнай палітыкі. Фрэдрык Райнфэльт сказаў у Варшаве, што будучы эўрапейскі бюджэт павінен улічваць актуальную эканамічную сытуацыю эўрапейскіх краінаў.

Фрэдрык Райнфэльт: У Эўропе сур’ёзны крызыс, які датычыць шматлікіх краінаў. У сувязі з гэтым неабходна рэфармаваць спосаб фінансаваньня з эўрапейскіх сродкаў. Мы прытрымліваемся пазыцыі, што аграрная палітыка неэфэктыўная, а палітыка разьвіцьця празьмерна канцэнтруецца на багатых заходніх краінах, замест найбяднейшых з групы новых, нядаўна далучаных чальцоў.

Швэдзкі пакітык дадаў, што разам з польскім прэм’ерам маюць падобныя погляды ў справе выклікаў, якія стаяць перад ЭЗ, у прыватнасьці, на пытаньні, зьвязаныя з Шэнгенскай зонай. Дональд Туск дадаў, што вяртаньне кантроляў на межах патрабуе грунтоўнага абмеркаваньня й асьцярожных крокаў.

Дональд Туск: На думку Польшчы, свабода перамяшчэньня на тэрыторыі ЭЗ зьяўляецца вялікай каштоўнасьцю. Мы, палякі, вельмі высока цэнім гэтую рысу ЭЗ, якая стварае магчымасьць грамадзянам свабодна перамяшчацца паміж краінамі, якія выконваюць гэтыя крытэры Шэнгенскай дамовы. Таму я вельмі задаволены, што ў гэтым пытаньні мы згодныя.

Фрэдрык Райнфэльт паабяцаў, што ягоная краіна будзе падтрымліваць Польшчу падчас ейнага старшынства ў ЭЗ у справах, зьвязаных з выхадам з крызысу.

Гэта была чарговая сустрэча кіраўніка польскага ўраду з эўрапейскім калегам у рамках падрыхтоўкі да старшынства ў ЭЗ. Цягам апошніх месяцаў Дональд Туск сустрэўся, між іншым, з прэм’ерамі Галяндыі, Кіпру, Даніі й Вялікабрытаніі.

Караліна Русіновіч