• Кансультацыі ў Парыжы
  • Audio2.61 MB
  • 31.05.2011

Сёньня ў Парыжы праходзіць чарговы раўнд беларуска-францускіх дыпляматычных кансультацыяў на фоне чарговага абвастрэньня паміж афіцыйным Менскам ды Крамлём і завастрэньня пазыцыі Францыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму.

У Парыжы знаходзіцца дэлегацыя беларускага Міністэрства замежных справаў, якая бярэ ўдзел у штогадовых кансультацыях з францускім бокам. Дэлегацыю ўзначаліў кіраўнік галоўнага ўпраўленьня Эўропы МЗС Беларусі Аляксей Скрыпка. Беларусы паехалі ў Парыж з мэтай абмеркаваць шырокі спэктар пытаньняў. Распавядае Яўген Сьцепаненка, першы сакратар Амбасады Беларусі ў Парыжы.

Яўген Сьцепаненка: Гэта чарговы раўнд размоваў, у ім няма нічога асаблівага. У нас з Францыяй кожны год такія размовы праводзяцца. Падчас кансультацыяў будуць абмеркаваныя  пытаньні палытычнага, інвэстыцыйнага ды эканамічнага характару й супрацоўніцтва ў галіне культуры й адукацыі, разьвіцьцё прававой базы. Бакі абмяняюцца меркаваньнямі, дытычнымі стану адносінаў паміж Беларусьсю ды ЭЗ.

Францускі бок прадстаўляе Філіп Лёфор, дырэктар Дэпартамэнта кантынэнтальнай Эўропы. Французы плянуюць абмеркаваць зь беларусамі пытаньні адміністрацыйнага характару. Гаворыць Бэнуа Карн’е з прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Францыі.

Бэнуа Карн’е: Сёньня ў міністэрстве адбываецца цэлы шэраг сустрэч. Міністар замежных справаў Францыі мае заплянаваныя размовы з чэскім, летувіскім бакамі ды з прадстаўнікаім Косава й Мэксыкі. Зь беларускай дэлегацыяй сустракаецца дырэктар Дэпартамэнту кантынэнтальнай Эўропы Лёфор. Гэта сустрэча носіць насамрэч больш адміністратыўны характар, чым палітычны.

Абодва бакі падкрэсьліваюць, што размовы носяць плянавы ды хутчэй тэхнічны характар. Аднак, што цікава, гэтая сустрэча адбываецца на фоне пагаршэньня беларуска-расейскіх адносінаў ды больш жорсткай пазыцыі Парыжа ў дачыненьні да афіцыйнага Менска. Гаворыць палітоляг - эўрапеіст, выкладчык ЭГУ Аляксандар Лагвінец.

Аляксандар Лагвінец: У сёньняшнім стане адносінаў паміж Беларусьсю ды Эўразьвязам – гэта тэхнічная справа, рутынная справа, калі МЗС праводзяць кансультацыі. Спробы размаўляць увесь час робяцца, але мне падаецца, што цяпер дыялёгу няма, а ідзе камунікацыя ў бок беларускіх прадстаўнікоў, каб яны прыслухаліся да голасу аб’яднанай Эўропы. Сёньня Францыя разам зь Нямеччынай выступае за даволі цьвёрдую лінію ў дачыненьні да беларускіх уладаў. Беларускім жа ўладам цікава мець цяпер такія сустрэчы ў сьвятле чарговага вітку канфлікту з Расеяй.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч