• Ці рэальна Беларусі ўключыцца ў Балёнскі працэс ў 2012 годзе?
  • Audio3.88 MB
  • 03.06.2011

Беларусь плянуе завяршыць працэдуру ўступленьня ў Балёнскі працэс у 2012 годзе – пра гэта заявіў нядаўна намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук. З такой жа аптымістычнай заявай выступіў і старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі Ўладзімер Здановіч. Ці сапраўды Беларусь гатовая далучыцца да агульнай эўрапейскай адукацыйнай прасторы?  Ці абгрунтаваны такі аптымізм чыноўнікаў? – з гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да спэцыялістаў у галіне адукацыі.

Прадстаўнікі Беларусі хочуць падаць сваю заяўку на далучэньне да Балёнскага працэсу на бухарэсцкім саміце міністраў адукацыі краінаў, якія падпісалі Балёнскую дэклярацыю.
Адзін са стваральнікаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту Ўладзімер Дунаеў  сумняецца, што кандыдытура Беларусі будзе прынятая.

У. Дунаеў: Ёсьць вельмі шмат пытаньняў да нашай сыстэмы адукацыі як у пляне якасьці, так і ў пляне яе структуры. Аляксандар Жук кажа, што ў нас ёсьць двухузроўневая сыстэма адукацыі, але яна нагадвае балёнскую ў такой самай ступені, як панэльная шматпавярхоўка нагадвае Міланскі сабор. Сэртыфікаты якасьці, якія атрымліваюць нашыя ВНУ, ня маюць ніякага пацьверджаньня. Гэта нашыя чыноўнікі самі сябе ацэньваюць.

Галоўная праблема заключаецца ў тым, што рэктарам вядучых ВНУ Беларусі забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Эўрапейскія ўнівэрсытэты наўрад ці згодзяцца супрацоўнічаць з вучэльнямі, якія былі пакараныя за рэпрэсіі супраць ўласных студэнтаў – падкрэсьліў Ўладзімер Дунаеў.

Ані выкладчыкі, ані студэнты не гатовыя да ўваходу ў Балёнскую сыстэму – кажа былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Казулін. Без належнай падрыхтоўкі падаваць заяўку ня мае сэнсу – перакананы былы рэктар.

А . Казулін: Навучальныя установы павінныя рыхтавацца да гэтага на працягу 4-5 гадоў. Калі падрыхтоўкі ня будзе – то й падпісваць Балёнскую дэклярацыю сэнсу няма. У 2000 годзе Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, згодна з пастановай Рады міністраў, у парадку экспэрымэнту перайшоў да шматузроўневай сыстэмы адукацыі. Было б добра, калі б у тыя часы ўсе астатнія ўнівэрсытэты пайшлі за прыкладам БДУ. А цяпер усё трэба пачынаць  спачатку.

Мэта Балёнскага працэсу – стварэньне агульнаэўрапейскай адукацыйнай прасторы. У яе рамках студэнты, якія пачалі вучобу ва ўнівэрсітэце адной краіны, маглі б зь легкасьцю працягнуць навучаньне за мяжой. Балёнская сыстэма прадугледжвае ўвядзеньне ва ўсіх краінах трохузроўневаай сыстэмы адукацыі, а таксама стварэньне агульных стандартаў якасьці навучаньня.

Галоўная заваёва Балёнскага працэсу – гэта мабільнасьць студэнтаў і выкладчыкаў - перакананая прэс-сакратар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Таццяна Рудзінскіне.

Т. Рудзінскіне: Усе прадметы, якія выкладаюцца ў ВНУ, ацэньваюцца пры дапамозе крэдытаў. Гэта робіцца дзеля того, каб студэнту ЭГУ, які вырашыў паўдзельнічаць у міжнароднай праграме абмену, у новым унівэрсытэце зь лёгкасьцю залічылі ўсе прадметы, якія ён прайшоў у нас.

Дзесяткі студэнтаў ЭГУ бяруць удзел у праграмах абмену – такіх як “Erasmus” ці “Campus Europae”.  На жаль, толькі нялічныя беларускія выкладчыкі ці студэнты беларускіх ВНУ маюць такія магчымасьці.

Насуперак заявам чыноўнікаў, новы Кодэкс аб адукацыі, які ўступае ў сілу з 1 верасьня, не набліжае, а аддаляе Беларусь ад эўрапейскіх стандартаў у галіне навучаньня – перакананы Ўладзімер Дунаеў.

У. Дунаеў: Новы кодэкс аб адукацыі замацоўвае адміністрацыйны ціск на ўнівэрсытэты. Гэта супярэчыць прынцыпам эўрапейскага акадэмічнага жыцьця. Ён абгрунтоўвае адсутнасьць унівэрсытэцкай аўтаноміі, якая абсалютна неабходная для ўдзелу ў Балёнскім працэсе.

Каб далучыцца да Балёнскага працэсу, неабходна вярнуць аўтаномію ўнівэрсітэтам і падняць якасьць адукацыі – перакананы Ўладзімер Дунаеў. Калі беларускія ўлады сапраўды хочуць далучыцца да Эўрапейскай адукацыйнай прасторы, яны павінныя адмяніць прымусовае разьмеркаваньне – дадае Аляксандар Казулін.

І той факт, што студэнт, каб выехаць на навучальную праграму за мяжу, павінен прасіць дазвол у самаго міністра адукацыі, ніяк не спрыяе мабільнасьці навучэнцаў – падсумоўваюць спэцыялісты.


Аляксандар Папко