• Ці стабілізуе эканоміку новы плян ураду?
  • Audio5.19 MB
  • 04.06.2011

У пятніцу ўвечары беларускі ўрад агучыў доўгачаканы плян дзеяньняў “па забесьпячэньні збалянсаванага разьвіцьця эканомікі ва ўмовах зьмяненьня афіцыйнага курса беларускага рубля”. Ці стабілізуе ён курс рубля, цэны, і ці паспрыяе разьвіцьцю эканомікі? Свае ацэнкі пляну прадставілі нам незалежныя эканамісты.

Плян па стабілізацыі эканомікі складаецца з 35 пунктаў. Беларускіх грамадзянаў у бліжэйшыя часы чакаюць павышэньне коштаў жыльлёва-камунальных паслугаў, коштаў транспарту й сувязі. Цэны на спажывецкія тавары павінныя падняцца да ўзроўню расейскіх, каб пазьбегнуць вывазу прадуктаў. Будуць скарочаныя дзяржаўныя выдаткі, у тым ліку выдаткі на будаўніцтва. 30% сваёй валютнай выручкі будуць прадаваць цяпер абсалютна ўсе прадпрыемствы-экспарцёры, я ня толькі некаторыя, як было дагэтуль. Урад абяцае павышаць пэнсіі й заробкі, не уключаючы пры гэтым “друкарскага станка”, а прадпрыемствам загадвае павысіць аб’ёмы экспарту.

Пералічаныя вышэй меры сапраўды сасьпелі – лічыць эканаміст Тацьцяна Манёнак. Іх рэалізацыя можа стабілізаваць эканоміку, аднак плян наўрад ці будзе выкананы – мяркуе эканаміст.

Т. Манёнак: Вельмі цяжка чакаць, што ў сытуацыі, калі рэзка зьнізіўся жыцьцёвы ўзровень беларусаў, урад знойдзе сілы пайсьці на такія непапулярныя крокі, як павышэньне цэнаў на паліва, жыльлёва-камунальныя паслугі ды іншае. Тым больш, ужо заяўлена пра тое, што будуць павышацца пэнсіі й стыпэндыі студэнтам. Урад можа заявіць, што ён увядзе жорсткую эканомію, але апошняе слова застанецца за Лукашэнкам, які арыентуецца на настроі насельніцтва.

Іншае меркаваньне наконт пляну стабілізацыі склалася ў фінансавага аналітыка Сяргея Чалага. Меры, пералічаныя ў дакумэнце, супярэчаць адна адной – кажа экспэрт.

С. Чалы: Гэта плян прыгадве коўдру з абрэзкаў. У ім ёсьць меры, якія павінныя былі стаць часткай нейкага сур’ёзнага стабілізацыйнага пляну. Ёсьць там і пастановы, якія абсалютна супярэчаць рынкавай эканоміцы. Датычаць яны насычэньня ўнутранага рынку таварамі, маніторынгу й кантролю за цэнамі. Да гэтага дададзена кампэнсацыя даходаў насельніцтва, якая можа адбыцца толькі шляхам павелічэньня грашовай масы. Адной рукой урад спрабуе стабілізаваць сытуацыю, а другой – падрывае эфэктыўнасьць прынятых ім самім жа мераў.

На думку Сяргея Чалага, галоўным недахоп урадавага пляну заключаецца ў тым, што ў ім няма ані слова пра маштабныя эканамічныя рэформы, кшталту прыватызацыі й разьняволеньня бізнэсу. Магчыма, іх не магло быць у такім экстрэнным кароткім дакумэнце. Таксама верагодна, што сам плян рыхтаваўся толькі каб стварыць імітацыю дзейнасьці й атрымаць крэдыт ад ЭўрАзЭС ці Міжнароднага валютнага фонду – мяркуе Сяргей Чалы.

С. Чалы: Мяркую, што гэты плян рыхтаваўся як нейкі “авансавы” дакумэнт. Урад дэманструе гатоўнасьць выкарыстоўваць непапулярныя меры, паказвае сур’ёзнасьць нашых намераў выправіць сытуацыю акурат у той час, калі ЭўрАзЭС ці МВФ вырашаюць, даваць нам крэдыт ці не.

Прыватызацыі й маштабных рынкавых рэформаў увогуле чакаць ня варта – лічыць эканаміст Міхась Залескі. Аляксандар Лукашэнка й яго прыбліжаныя на гэта ня поўдуць, бо страцяць уладу – мяркуе эканаміст.

М. Залескі: Прэзыдэнт у нас – выдатны камсамолец, а прэм’ер-міністар – выдатны камуніст. На што яны вучыліся – тое й робяць. Узмацняюць ціск на насельніцтва, ствараюць напружаньне ў працоўных калектывах, “трымаюць і не пушчаюць”. Ва ўнівэрсытэтах марксізму-ленінізму іншых мераў прадугледжана не было. Лукашэнка заявіў, што ніякай прыватызацыі ў нас ня будзе. Бо калі правесьці прыватызацыю, то кім ён будзе кіраваць?

Давайце разгледзім сытуацыю падрабязьней. У нас 200 прадпрыемстваў даюць 95% экспарту краіны. 80 прадпрыемстваў даюць 75% экспарту, а 17 прадпрыемстваў забясьпечваюць 50% экспарту ўсёй Беларусі. Гэтыя 17 прадпрыемстваў Лукашэнка трымае сталёвай рукой. Час ад часу ён саджае іх дырэктараў у турму. Пасьля турмы дырэктар можа перайсьці з аднаго буйнога прадпрыемства на другое. Зьнялі, пасядзеў, паставілі на другі завод. Як пры Сталіне. Улады кіруюць па-сталінску. Пра больш складаныя меры кіраўнікі краіны чулі, чыталі ў кніжках. Яны могуць нават знайсьці маладых хлопцаў, якія атрымалі доктарскія ступені па эканоміцы ў заходніх унівэрсытэтах. Але яны ня хочуць іх прыцягваць, таму што ня будзе чым кіраваць.

Улады робяць стаўку на старыя савецкія мэтады дзяржаўнага рэгуляваньня – лічыць Міхась Залескі. Аднак іх стратэгія пацерпіць няўдачу з-за нізкай кваліфікацыі чыноўнікаў – лічыць эканаміст.

М. Залескі: Іх стратэгія паціху вымалёўваецца. Яна заключаецца ва ўзмацненьні адміністрацыйных мераў. Але выканаўцаў для любой стратэгіі цяпер бракуе, таму што сам прынцып кадравага адбору ў любой таталітарнай дзяржаве вядзе да дэградацыі элітаў. У нас гэтая дэградацыя адбылася вельмі імкліва. Калі ў савецкія часы ад ленінскага палітбюро да брэжнеўскага прайшло 70 гадоў, то ў нас за 15 гадоў якасьць кадраў упала да нуля.

Такім чынам, эканамісты ставяць пад вялікі сумнеў мажлівасьці агучанага ўрадам пляну стабілізаваць эканоміку Беларусі.


Аляксандар Папко.