• Рэдакцыйная пошта (аўдыё)
  • Audio6.29 MB
  • 04.06.2011

Вітаю вас, шматшаноўныя слухачы!

Шчыра дзякую за лісты, якія ў апошнія дні прыйшлі на віцебскую абанэнцкую скрынку. Некалькі допісаў прагучаць у сёньняшняй “Рэдакцыйнай пошце”. Гэтыя лісты прыслалі Данута Крупіца, наша даўняя прыхільніца зь Ліды Гарадзенскай вобласьці, Алесь Шустоўскі, наш пастаянны аўтар з Барысава Менскай вобласьці ды Мікалай Волчык, наш шматгадовы сябра зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёна Берасьцейскай вобласьці.

Лідчанка прыслала тры пісьмы. Адзін, што складзены на шасьці старонках, цалкам ці часткова прагучыць у перадачы “Рэдакцыйная дыскусія”.
У іншым лісьце была надзвычай сумная вестка – памёр адзін з нашых актыўных слухачоў Аляксандар Жалкоўскі. Яму было 79 гадоў. Жыцьцё спадара Жалкоўскага было зьвязана з журналістыкай. Шмат гадоў ён кіраваў мясцовай “раёнкай”. Як піша “Лідзкая газэта”, Алесь Жалкоўскі быў і заўсёды заставаўся творчым чалавекам, “нераўнадушным да падзей, якія адбываюцца навокал. Аляксандар Васілевіч шчыра любіў родны край і сваіх землякоў, беражліва адносіўся да спадчыны”. У прыватнасьці, ён актыўна прапагандаваў гісторыю Заходняй Беларусі.
Страта такога выдатнага чалавека ня можа ня выклікаць вялікае шкадаваньне…

А цяпер пераходжу да іншых тэмаў.
Алесь Шустоўскі свой ліст адрасаваў Валерыю Саўко. Магчыма, рэагаваньне на гэты допіс будзе ў межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Зараз зьвярну ўвагу толькі на адзін момант у карэспандэнцыі. Наш слухач пытаецца, як “дакладна трэба вымаўляць” назву краіны: Славэнія ці Славакія?
Варта адзначыць, што гэта найменьні розных дзяржаў. Абедзьве належаць да славянскага арэалу. Таму й назвы ў іх вельмі падобныя. Яны ўзыходзяць да старажытнага найменьня “славяне”. Як ведама, гэтая моўна-этнічная супольнасьць дзеліцца на тры падгрупы. Славэнцы належаць да паўднёваславянскіх народаў, а славакі – да заходнеславянскіх. Сама назва па-славэнску гучыць “Slovenija”, а па-славацку “Slovensko”. Як чуеце, вельмі падобна. Дарэчы, у славянскім сьвеце мноства такіх прыкладаў. На тэрыторыі Памэраніі, паміж гарадамі Слупск (Штольп) і Лэба (Леба), яшчэ ў першай палове XX стагодзьдзя жылі славінцы. На ўсходзе Харватыі ёсьць гістарычны рэгіён Славонія. Калісьці існавала племя наўгародзкіх (ільменскіх) славенаў. Мяркуецца, што іх першым цэнтрам быў Славенск. Ня выключана, што гэта цяперашні Ноўгарад.   

У мінулай перадачы я пачаў агляд чутнасьці на захадзе Беларусі. Сёньня працяг. 4, 5, 7 і 8 траўня Мікалай Волчык адманіторыў праходжаньне сыгналу на кароткіх хвалях. Чутнасьць на 11760, 11955 і 15480 кілягерцах была вельмі дабрая або выдатная. Напрыклад, 5 і 8 траўня якасьць прыёму на 11955 кГц была ацэнена паводле SINPO на 54544.
     
Дарагія  сябры! Зь нецярпеньнем чакаю ад вас інфармацыі аб прыёме нашых праграм. Нагадваю, што справаздачы аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. У адказ прыйдзе электроннае пацьверджаньне. Справаздачы аб прыёме можна адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі й віцебскі адрасы нашай станцыі. У адказ рэдакцыя вышле QSL па звычайнай пошце.

Сардэчна запрашаю нашых прыхільнікаў выказвацца па тэме вяшчаньня праз тэлекамунікацыйныя спадарожнікі. Калі ласка, адкажыце на пытаньні: Як вы ставіцеся да гэтага сродку сувязі? Ці ёсьць у вас доступ да сатэлітарнай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь наша вяшчаньне па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз “талерку”?

Няшмат часу засталося да завяршэньня дыскусійнага конкурсу. Я напамінаю ягоныя ўмовы. Калі ласка, запішыце.
Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку й трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны й разважаньні прымаюцца толькі да 1 ліпеня 2011 года. Між іншым, можна напісаць не адну, а некалькі прац. Галоўнае – закранаць тэмы з розных галін жыцьця. Працы прагучаць у межах рубрыкі “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя лісты будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.
Прашу прысылаць конкурсныя адказы на віцебскую абанэнцкую скрынку. Яе адрас прагучыць напрыканцы перадачы.

Паважаныя слухачы! Польскае радыё для замежжа вяшчае ня толькі на кароткіх, сярэдніх хвалях і па спадарожніку. Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму запрашаю вас рэгулярна наведваць наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

З матэрыяламі пра Беларусь можна таксама азнаёміцца на партале польскага грамадзкага вяшчаньня www.polskieradio.pl. Сярод мноства разнастайнай інфармацыі тут знаходзіцца разьдзел “Raport Białoruś”. У ім зьмешчаны навіны, рэпартажы, аналітыка, інтэрвію і блогі журналістаў Польскага радыё для замежжа. “Raport Białoruś” – выдатны польскамоўны мультымэдыйны рэсурс пра беларускія справы. Шчыра запрашаю чытаць тэксты, слухаць перадачы, глядзець відэа ў гэтым разьдзеле нашага радыйнага партала.

Шаноўныя сябры! Калі ласка, прысылайце свае водгукі пра радыйны сайт, рапарты аб чутнасьці, адказы на конкурс, запоўненыя анкеты, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў” ды лісты на самыя разнастайныя тэмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Акрамя таго, вы можаце зьвязвацца са мной праз электронны адрас: dopis@tut.by.
Свае лісты вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Па-беларуску адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, паштовая скрынка 46, 00-977, Варшава, Польшча. Па-польску – Redakcja Białoruska Polskiego Radia dla Zagranicy, skrytka pocztowa 46, 00-977 Warszawa, Polska. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.     

Юрась Сьцяпанаў