• "Паміж радкоў" - камэнтар ад У.Падгола (аўдыё)
  • Audio5.12 MB
  • 04.06.2011

“Наша ніва” друкуе шмат цікавых артыкулаў. Зьміцер Панкавец піша пра “Загадкі Плошчы”. У ім прыводзяцца розныя сцэнары правядзеньня Плошчы, якія рыхтавалі каманды кандыдатаў у прэзыдэнты. Аналізуюцца прычыны таго, што не ўдалося павесьці народ паводле ўзгодненага пляну да Адміністрацыі прэзыдэнта, каб аточыць яго людзкім колам, узяць у аблогу.

Газэта піша пра эканамічны стан у краіне, прыводзіць лічбы: укладчыкі згубілі 1,63 мільярда даляраў з тых, што ляжалі на дэпазытах у банках у выглядзе беларускіх рублёў. “Ніва” прыводзіць супакойваючыя насельніцтва аргумэнты кіраўнічкі буйнейшага банку Надзеі Ермаковай, якія тая агучыла па прэзыдэнцкім тэлеканале: “у мяне даляра няма, бо ён мне не патрэбны. У мяне і ў 90 гады яго не было. А тое, што імпартны абутак стаў даражэйшы – нічога. Зносім замест двух пар чаравікаў – адну”.

“Ніва” падлічыла, што агулам усе актывісты апазыцыі атрымалі 100 гадоў турмы. Мікола Бугай піша невялічкую занатоўку, якую замовіў яму цяжка хворы Віталь Сіліцікі. Яе сэнс у загалоўку: “Хто вывядзе людзей на вуліцы?” Сапраўды, сытуцыя ў рэспубліцы рывалюцыйная, але ніводны лідар ды ніводная палітычная сіла не спрабуе выкарыстаць яе менавіта ў дадзены момант, каб набыць вобраз абаронцы народа, а дыктатара зрабіць ворагам людзей у Беларусі. Гэтую ролю ўзялі на сябе СМІ Расіі. Яны ж могуць у час Х паставіць на месца ўладара краіны свайго чалавека.

Пра тое, што каманда дыктатара напалохана атакамі СМІ Расеі, сьведчыць адзін з тэлерэпартажаў сярэдзіны тыдня па асноўным прэзыдэнцкім тэлеканале. Журналіст – прэзыдэнцкі пагудчык - заехаў на 20 км ад мяжы Беларусі й Расеі ў маленькі гарадок і набраў выказваньняў расейцаў пра тое, што ў Беларусі цудоўнае жыцьцё, што тавары, якія прывозяць зь Беларусі, значна таньнейшыя за мясцовыя. А спрачаўся гэты пагудчык з асноўнымі тэлеканаламі Расеі, якія, паводле яго словаў, усе асноўныя інфармацыйныя перадачы пачынаюць зь сюжэтаў пра Беларусь, дзе адбылася рэкордная дэвальвацыя ды інфляцыя, дзе людзі шалёна зьмятаюць з паліцаў крамаў простыя прадукты, цукар і соль, дзе клянуць улады. Цікава, што ў Беларусі людзі гэтых сюжэтаў на расейскіх тэлеканалах ня бачаць. Іх проста выразаюць дыктатаравы цэнзары! І каб ня гэтыя слова пагудчыка, дык і не даведаліся б...

“Народная воля” за пятніцу друкуе артыкул Калінкінай, дзе яна аналізуе сытуацыю ў Беларусі й меры ўрада ў цэнавай і валютнай палітыцы. Піша Сьвятлана цікава. Прывяду толькі адзін прыклад зь яе тэкста: Лукашэнка правёў нараду й на ёй забараніў цэнам расьці. А на наступны дзень у крамах на цукар сталі падвышацца кошты. Атрымліваецца, што краінай кіруе блазан і хлус, а не ўладар над эканомікай, дзяржавай.

І “Народная воля”, й “Наша ніва” друкуюць зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў дзень 30-годзьдзя свайго сьвятарства адносна сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Яго галоўны сэнс у закліку: “Спыніце праявы нецярпімасьці!”.
“Народная воля” паведамляе пра пазачарговае паседжаньне Нацыянальнай рады па сацыяльных і працоўных пытаньнях. Тэма – сытуацыя ў краіне пасьля дэвальвацыі. У радзе бяруць удзел прадстаўнікі ўрада, афіцыйных прафсаюзаў, і на яе запрасілі Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Ён прапанаваў ураду ў поўным складзе пайсьці ў адстаўку. Лукашэнка да сытуацыі ў краіне быццам бы не прычым...

“СБ” за 3 чэрвеня друкуе вынікі дасьледаваньняў Швэдзкага інстытута палітыкі бясьпекі й развіцьця аб рускамоўных злачынных групоўках Эўропы. Швэды налічылі 300 тысячаў рускіх мафіёзі, і большасьць зь іх месьціцца ў Польшчы й Германіі. Палякі правялі ўласнае дасьледаваньне й заявілі, што сьлядоў рускай мафіі ў сябе не знайшлі.

У чацвер 1-й Нацтэлеканал у асноўнай інфармацыйный перадачы паказаў сюжэт, у якім распавялі пра сустрэчу ў гарадзенскай тэлестудыі прадстаўнікоў Горадні й Польшчы. Быццам бы гэтую сустрэчу маглі глядзець на інтэрнэт-сайтах. Палякі, у якіх пасьля той сустрэчы бралі інтэрвію, хвалілі беларускія ўмовы для разьвіцьця моладзі й ганілі свае польскія. Вось цікавы фрагмэнт з тэлерэпартажа: дыктар з прэзыдэнцкага тэлеканала кажа: “На першы погляд каштоўнасьці маладых беларусаў і палякаў мусяць саўпадаць, а насамрэч яны – розныя”. Уяўляеце польскага маладзёна, які марыць уступіць у БРСМ і агітаваць на выбарах за Лукашэнку? А яшчэ ён, на думку прэзыдэнцкага тэлепагудчыка, марыць служыць у беларускім АМАПе, каб лупцаваць моладзь, якая пратэстуе супроць сфальшаваных выбараў! Вось такі мэнталітэт у маладых супрацоўнікоў дыктатарскага тэлебачаньня...

Уладзімір Падгол

Ад Рэдакцыі: Артыкул прадстаўляе аўтарскія погляды камэнтатара й не адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю АТ “Польскае радыё”.