• Прэзыдэнт Турцыі ў Варшаве
  • Audio4.01 MB
  • 07.06.2011

Сёньня другі дзень афіцыйнага візыту прэзыдэнта Турцыі ў Варшаву. Абдула Гюль прыехаў шукаць падтрымку для эўразьвязаўскіх памкненьняў сваёй краіны.

Польшча хоча будуваць шчыльныя адносіны з Турцыяй, - запэўніваў Браніслаў Камароўскі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Турцыі Абдулой Гюлем.

Польскі лідар нагадаў, што ў Эўропе няшмат краінаў могуць пахваліцца настолькі станоўчымі й буйнымі дыпляматычнымі кантактамі.

Браніслаў Камароўскі: Дыпляматычныя кантакты паміж Польшчай і Турцыяй неўзабаве складуць 600 гадоў. Гадавіну мы адсьвяткуем у 2014 годзе.

Браніслаў Камароўскі дадаў, што ў сувязі з гэтым лідары абедзьвюх дзяржаваў вырашылі ўзяць 600-годзьдзе кантактаў пад афіцыйны патранаж.

У сваю чаргу прэзыдэнт Гюль падкрэсьліваў, што абедзьве краіны апрача доўгай гісторыі дыпляматычных кантактаў спалучае таксама стратэгічнае супрацоўніцтва.

Адбула Гюль: Нашыя саюзьніцкія кантакты разьвіваюцца нязьменна й станоўча ўжо многія гады. Цяпер мы размаўлялі пра тое, якім чынам мы можам яшчэ больш пашырыць супрацу ў галіне эканомікі. Тым больш, што Польшча й Турцыя разьвіваюцца ў рэгіёне найбольш дынамічна.

- сказаў прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль. 

Падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі адбодвух лідараў у прэзыдэнцкім палацы Бэльвэдэры, Адбула Гюль падзякаваў палякам за падтрымку, якую яны да гэтай пары аказвалі Турцыі падчас чальцоўскіх перамоваў з ЭЗ.

Турэцкі лідар спадзяецца, што тэмп перамоваў аб чальцоўстве Турцыі ў эўрапейскай супольнасьці паскорыцца падчас польскага старшынства ў ЭЗ.

Адбула Гуль: Я спадзяюся, што падчас польскага старшынства ў Эўразьвязе будуць закранацца тэхнічныя справы, зьвязаныя з чальцоўствам Турцыі ў ЭЗ. Мы спадзяемся, што ўвесь пэрыяд польскага старшынства спрычыніцца да прысьпяшэньня гэтага працэсу.

- сказаў прэзыдэнт Турцыі.

У сваю чаргу Браніслаў Камароўскі запэўніваў, што адным з прыярытэтаў польскага старшынства ў ЭЗ зьяўляецца адкрытасьць эўрапейскіx структур. Прэзыдэнт прызнаў аднак, што цяперашні клімат ў Эўропе не спрыяе яе пашырэньню.

Браніслаў Камароўскі: Сёньня ўсе мы ведаем, што гэта не найлепшы пэрыяд для пашырэньня Эўразьвязу, паколькі гэта пэрыяд крызысу й зангажаваньня ў Паўночнай Афрыцы. Тым ня менш, усе разумеюць, што дзеля посьпеху неабходныя намаганьні абодвух бакоў. Неабходна рэфармаваць кандыдацкую краіну й будаваць прыхільнасьць для адкрытага характару ЭЗ.

- лічыць Браніслаў Камароўскі.

Тым ня менш, польскі прэзыдэнт запэўніваў, што Польшча надалей будзе лябаваць за далучэньне Турцыі да Эўразьвязу.

Плян двухдзённага афіцыйнага візыту турэцкага прэзыдэнта ў Варшаву прадугледжваў таксама сустрэчу з прэм’ер –міністрам Дональдам Тускам, старшынямі абедзьвюх палатаў польскага парлямэнту. Учора пасьля поўдня ў Эўрапейскім цэнтры „Натолін” турэцкі прэзыдэнт выступіў з дакладам на тэму чальцоўскіх перамоваў Турцыі з Эўразьвязам.

Вынікам візыту было, між іншым, заключэньне дамовы ад навукова –тэхнічным супрацоўніцтве.

Нагадваем, Турцыя зьяўляецца галоўным гандлёвым партнэрам Польшчы на Блізкім Усходзе й Азіі. Паводле дадзеных за 2009 год, Турцыя была 19-ым па памеры экспарту гандлёвым партнэрам Польшчы. Яе ўдзел у польскім экспарце склаў 1,31%. У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра польскі імпарт, Турцыя займае 20 месца.

Палякі экспартуюць у Турцыю электратэхніку, аўтатэхніку і хімічныя матэрыялы. У сваю чаргу, імпартуюць галоўным чынам тэкстыльныя вырабы. За 2010 год польска-турэцкі гандлёвы абарот склаў 4 мільярды 595 мільёнаў эўра, то бок вырась на 25% у параўнаньні зь 2009 годам.

Цягам трох першых месяцаў 2011 году гандлёвы абмен паміж абедзьвюма краінамі склаў 1 мільярд 395 мільёнаў даляраў. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году ён павялічыўся на 29%.

аз