• Рэдакцыйная дыскусія
  • 08.06.2011

Прыслаў нам ліст Віктар Васілевіч з Салігорска. У допісе слухач апісвае, між іншым, свае ўспаміны, зьвязаныя з Польшчай. Ён дзякуе за прысланы яму запіс з песьнямі гурту "Czerwone gitary" і адзначае:

“Многае з запісанага я чуў ужо даўно й нават у маладосьці сам сьпяваў на танцпляцоўцы ў гарадзкім парку. У той час Польшча была за жалезнай заслонай, як і краіны Захаду, хаця й была суседкай. Памятаю, як нараўне з "Голасам Амэрыкі" лавіў па прыёмніку й польскую радыёстанцыю, дзе ішла перадача "Мэлёдыі нашых сяброў". З яе я чарпаў свае першыя веды пра рок-музыку.  А было гэта амаль 40 гадоў таму. Так што можаце сабе ўявіць, наколькі я стары для вашага пакаленьня.

З вышыні пражытых гадоў я многае пачынаю разумець цяпер, што мы жылі ня так, не па сумленьні, а паводле розуму. Нашым народам трэба было аб’яднацца яшчэ падчас праўленьня Машэрава, калі, дарэчы, дзеля гэтага былі створаны ўсе ўмовы, і нават такая прапанова прагучала з высокай трыбуны – праўда, у аднабаковым парадку з боку тады яшчэ БССР, але, на жаль, гэта засталося толькі прапановай. А калі б мы аб’ядналіся, то жылі б цяпер зусім інакш, і маглі б пайсьці па шляху Вялікага княства Літоўскага, з якім у свой час лічыліся самыя магутныя дзяржавы сьвету. Але, з нашага боку, нам не дазволіў гэтага зрабіць урад СССР, а з вашага боку адказам на прапанову было маўчаньне. Вось так мы і засталіся па розных баках барыкады, дзе, дарэчы, застаемся і дагэтуль, што не перашкаджае нам кантактавацца як па пошце, так і па радыё.

Хачу яшчэ крыху расказаць пра людзей, якія зрабілі на мяне ўражаньне на пачатку 21 стагодзьдзя. Я ўжо пісаў вам пра тэракты ў ЗША з боку арабскага сьвету, тады ўвесь сьвет зразумеў, што нават самая супэр-дзяржава ня можа супрацьстаяць некалькім патрыётам свайго сьвету. Так, Амэрыка была пастаўлена на калені, але гэта ўжо мінулае.

У апошнім часе мяне зьдзіўляе адзін чалавек, які, па супадзеньню, зьяўляецца Прэзыдэнтам краіны, у якой я жыву. Я цудоўна памятаю, як ён прыйшоў да ўлады – абвінаваціўшы Станіслава Шушкевіча ў крадзяжы скрынкі гвазьдзей для будаўніцтва сваёй дачы.  Ён уварваўся на вяршыні славы дзякуючы свай ілжы і баязьлівасьці або слабой волі іншых. Чаму ілжы? А таму, што я бачыў дачу Шушкевіча, калі ён быў прэзыдэнтам – яна была поўнасьцю пабудаваная й даведзеная “да розуму”. Мой сябар зь дзяцінства, аднакласьнік, быў суседам па дачы Шушкевіча, мяне запрашалі ў госьці, дзе я мог бачыць праз звычайную агароджу самога Прэзыдэнта. Трэба сказаць, дарэчы, што ён быў выдатным выкладчыкам у ЭГУ, і многія студэнты таго часу ўспамінаюць яго добрым словам.

А чаму дзякуючы баязьлівасьці іншых? А таму, што наша пакаленьне выхоўвалася на павазе да іншых людзей, і сказаць чалавеку адкрыта, што ён – злодзей, ня кожны адважыўся б, проста ня змог бы. А потым, у далейшым, хлусьня стала намотвацца сама сабою, як маток нітак, і выйсьці з гэтага кола Аляксандар Лукашэнка ўжо ня змог. Дарэчы, згадайце, дзе цяпер ягоныя сябры й паплечнікі, дзе ягоная выбарчая каманда, якая вывела яго ў прэзыдэнты. Побач не засталося ніводнага чалавека, з якім ён пачынаў сваю кар’еру. А так паступаюць толькі тыя людзі, якія чагосьці баяцца. Чалавек баіцца страціць сваю ўладу – паколькі тады ён страчвае ўсё. Гісторыя ўжо прапанавала нам шмат людзей падобнага стылю – дастаткова ўспомніць Сталіна й Гітлера. Ад яго адвярнуліся многія краіны Захаду, з Расеяй ён у пастаянным канфікце. КАЛІ ЁН СТРАЦІЦЬ УЛАДУ, ЯМУ ЦЯЖКА БУДЗЕ ЗНАЙСЬЦІ ПРЫТУЛАК, паколькі ў Беларусі для яго месца няма. А стаць звычайным грамадзянінам сваёй краіны ён ня можа, паколькі тады будзе несьці адказнасьць за свае ўчынкі, як кожны іншы. І яму будзе вельмі крыўдна, што сыстэма, якую ён сам стварыў, ад яго адвярнулася. Вось таму ён рашаецца на розныя правакацыі, фактаў можна прывесьці шмат, але, з іншага боку, ніхто не жадае сур’ёзна супрацьстаяць яму, паколькі вядомы сумны лёс ягоных апанэнтаў. Таму я ўпэўнены, што ён яшчэ доўга будзе кіраваць нашай краінай, ніколі ня выпусьціць уладу са сваіх рук. І гэта мяне шакуе.

З павагай Віктар”

Што ж, у выпадку гэтага допісу я магу толькі сказаць па-ангельску "no komments" і падзякаваць нашаму слухачу за гэтыя разважаньні. Дзякуем вам за лісты, дарагія сябры, і чакаем вашых допісаў на самыя розныя тэмы.  

нг