• Эканамічны папулізм ці надзвычайны антыкрызысны плян?
  • 09.06.2011

Цэны ўніз, курс даляра не павінен перавысіць парога 5000 рублёў. Учора Аляксандар Лукашэнка раксрытыкаваў урад, даў загады спыніць рост цэнаў ды курсу валюты. Ці гэтыя сродкі дапамогуць стабілізаваць эканамічную сытуацыю ў краіне?

Апошнія эканамічныя дадзеныя зь Беларусі вельмі несуцешныя. Нягледзячы на 56% дэвальвацыю, замежнай валюты ў краіне не зьявілася. Імпарт скарачаецца, але адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага абароту дасягнула рэкорднай лічбы – 20% ВУП. Цэны растуць, што выклікае ўсё большае незадавальненьне людзей. У аўторак цэнтар Менску паралізавалі выступленьні аўтамабілістаў, якія пратэставалі супраць высокіх коштаў на паліва. Учора Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў падчас нарады ад ураду зьнізіць цэны на нафтапрадукты ды не праводзіць больш ніякай дэвальвацыі. У сваю чаргу кіраўнік ягонай адміністрацыі Ўладзімер Макей выступіў супраць рынкавых рэформаў у Беларусі, да правядзеньня якіх неаднаразова заклікалі незалежныя эканамісты. Паводле Мавея, нельга ўсё аддаць на водкуп рынкавай стыхіі, бо невядома, чым гэта скончыцца. Гэтую палітыку ўладаў камэнтуе незалежны экспэрт, эканаміст Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы: Цяпер у Беларусі назіраецца зьяўленьне велізарнай колькасьці адміністратыўных мераў узьдзеяньня на эканоміку, якія прыдумалі ўлады з-за немагчымасьці па палітычных прычынах скарыстацца рынкавымі мэханізмамі. Гэта не вырашае праблемы, але дазваляе запаволіць хуткасьць падзеньня. Цяпер краіна заганяецца ў стан, адкуль будзе вельмі цяжка выйсьці. Грошай, каб перайсьці да адзінага курсу валюты, няма. Зь іншага боку, можна некаторы час захоўваць эканоміку ў цяперашнім стане, але гэта шлях да дэградацыі. Прыняты ўрадам антыкрызысны плян зьяўляецца звычайным наборам адміністратыўных мераў ды забаронаў. Гэта параліч у чаканьні прыходу зьнешняга фінансаваньня.

Больш крытычна эканамічную палітыку беларускага ўраду ацэньвае менскі эканаміст Міхась Залескі. На ягоную думку, сёньня ў краіне крызыс улады.

Міхась Залескі: Сытуацыя тлумачыцца двума словамі – крызыс улады. Усё жывое, толькі галава не працуе. Калі на чале ўсяго стаіць папулізм ды палітычная мэтазгоднасьць, то мы маем тое, што маем. Я сёньня ўважліва выслухоўваю тое, што кажуць людзі, якія кіруюць краінай, але ў сваіх разьліках на будучыню я іх словы ня ўлічваю. Мы засталіся кавалкам СССР, не правялі рэструктурызацыю эканомікм ды пад’ём на новы тэхналягічны ўзровень. Каб уздаражэла прадукцыя, трэба было дадаваць больш вартасьці галавой і рукамі. Гэтага не было зроблена. Сёньня на кожны адсотак утаргоўкі ад экспарту мы атрымліваем дзесяць адсоткаў росту адмоўнага сальда.

Афіцыйны Менск заяўляе пра тое, што ў яго ёсьць дастаткова часу ды рэзэрваў, каб спакойна назіраць за сытуацыяй і прымаць адпаведныя меры. Разам з тым, беларускія ўлады спадзяюцца на зьнешнюю дапамогу: ад ЭўрАзЭС, МВФ ды яшчэ невядомых крыніцаў. Учора Ўладзімер Макей заявіў, што апроч сродкаў з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС Беларусь знайшла яшчэ адзін мільярд даляраў зь іншай крыніцы. Гэтая магчымая крыніца – Кітай, лічыць эканаміст Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы: Крэдытныя сродкі з ЭўрАзЭС і невядомы крэдыт, па ўсёй верагоднасьці, з Кітаю, у сувязі з тым, што на ўчорашняй нарадзе ў прэзыдэнта адсутнічаў прэм’ер Мясьніковіч, які паехаў у Пэкін з экстраным візытам. Відаць, менавіта там удалося знайсьці крэдыт. Гэта ня тыя грошы, якія дазволяць вырашыць сёньняшнія праблемы. Прынамсі яны дазволяць пратрымацца да рашэньня Рады дырэктароў МВФ наконт новай праграмы супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Сапраўды, доўгі час Лукашэнка быў ідэалягічным сябрам, партнэрам Кітаю, нават лідарам па прыцягваньні кітайскіх інвэстыцыяў ва Ўсходнюю Эўропу. Ці зможа Кітай уратаваць рэжым Лукашэнкі? На гэтае пытаньне адказвае палітоляг Радаслаў Пыфэль, кіраўнік дасьледчага Цэнтру Польшча-Азія.

Радаслаў Пыфэль: Мільярд даляраў – гэта няшмат грошай з кітайскай пэрспэктывы. Іхнія валютныя рэзэрвы сягаюць некалькі трыльёнаў даляраў. Калі б гэта магло ўратаваць вялікага сябрука Кітаю Лукашэнку – аўтарытарнага кіраўніка, да таго ж у Эўропе, то мільярд – не вялікая сума. Зь іншага боку, кітайская замежная палітыка вельмі прагматычная. Калі высьветліцца, што пазыцыі Лукашэнкі ў Беларусі слабеюць, яго ўлада хістаецца, то ніхто ня будзе ратаваць яго любым коштам. Найважнейшае значэньне будзе адыгрываць унутраная сытуацыя ў Беларусі. Калі ў Беларусі яго пазыцыя аслабне, ідэалёгія ня будзе мець ніякага значэньня, а чысты прагматызм.

Нягледзячы на ўсе вышайназваныя сумы, гэта ня вельмі дапаможа беларускай эканоміцы пры сёньняшнім курсе ўладаў, лічыць Міхась Залескі.

Міхась Залескі: Сытуацыя можа выглядаць так, што будзе зьедзена ўсё, што поўзае, лётае ды расьце, і ўсё будзе працягвацца. У беларусаў ёсьць магчымасьць адкаціцца ў вёску, у дробны бізнэс ды магчымасьць зьехаць у Расею. Усе гэтыя магчымасьці будуць рэалізаваныя. У гарадах жа, вакол пабудаваных казіно, будзе віцца й круціцца бандытызм, прастытуцыя. Будзе такое дзіўнае ўтварэньне, калі ўсё пойдзе па дрэнным сцэнары.

Беларускія ўлады спынілі імклівае падзеньне ўзроўню жыцьця адміністратыўнымі мэтадамі ў чаканьні на зьнешнюю дапамогу. Аднак, лічаць незалежныя экспэрты, - гэта недастатковы крок.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч