• Ці кіруе апазыцыя грамадзкімі пратэстамі?
  • Audio4.56 MB
  • 09.06.2011

Узровень жыцьця ў Беларусі падае, растуць цэны, ключавыя прадпрыемствы могуць быць прададзеныя ў рукі расейскага капіталу. Людзі адказваюць на гэта спантаннымі акцыямі пратэсту. А што ў гэты час робіць афіцыйная апазыцыя?  Мы вырашылі запытацца пра гэта ў саміх палітыкаў.

Апазыцыя аслабленая рэпрэсіямі апошніх месяцаў. Большасьць партыяў і грамадзкіх арганізацыяў паводзяць сябе вельмі асьцярожна. Акцыі пратэсту кшталту “Стоп бэнзін!” ці “Маўклівай рэвалюцыі” праходзяць незалежна ад апазыцыйных лідараў. Такую выснову можна зрабіць з размовы з шэрагам палітычных дзеячаў.

Найбольшую актыўнасьць у часы крызысу  праяўляе Аб’яднаная грамадзянская партыя. Яе экспэрты-эканамісты распрацавалі антыкрызысную праграму й перадалі яе ва ўрад і Нацбанк. Цяпер лібэралы зьбіраюцца папулярызаваць яе сярод насельніцтва.

А. Лябедзька: Разам зь незалежнымі экспэртамі мы распрацавалі пазытыўную альтэрнатыву для Беларусі й яе грамадзян у форме антыкрызыснай праграмы. Нядаўна мы абмяркоўвалі, як папулярызаваць яе сярод насельніцтва. Гэта цэлы плян, які ўключае працу ў інтэрнэт-прасторы, з незалежнымі СМІ, улёткавую кампанію. Акрамя таго, ва ўсіх рэгіёнах, дзе ёсьць нашыя структуры, ідзе падача заявак на правядзеньня мітынгаў альбо пікетаў.

У гэты час грамадзянская ініцыятыва “Эўрапейская Беларусь”, разам з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, партыяй “Справядлівы сьвет”, прафсаюзамі ды шэрагам іншых левых партыяў зьбіраюцца правесьці па ўсёй краіне Народны сход. Сход заплянаваны на 8 кастрычніка. Пра акцыю распавядае сябра арганізацыйнага камітэту партыі “Беларускі рух” Віктар Івашеквіч.

В. Івашкевіч: Ідэя заключаецца ў тым, каб у Менску ды ўсіх іншых гарадах, дзе гэта ўдасца, правесьці адначасова масавыя сходы, дзе бы людзі сфармулявалі свае патрабаваньні да ўлады, а таксама запатрабавалі іх выкананьня. Што тычыцца іншых акцыяў, такіх як “Стоп бэнзін!” ці “Маўклівая рэвалюцыя”, то мы толькі ўхваляем такія ініцыятывы. Выключна партыйная апазыцыя ня ў стане арганізаваць масавы рух. Павінныя далучацца людзі, якія дагэтуль стаялі ў баку ад грамадзкіх працэсаў.

Рух “За свабоду” да масавых акцыяў не заклікае. Ён інфармуе насельніцтва аб прычынах эканамічнага крызысу й сочыць за сытуацыяй – распавядае намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч.

Ю. Губарэвіч: Мы спрабуем прагназаваць разьвіцьцё сытуацыі. У той момант, калі мы ўбачым, што людзі сапраўды гатовыя масава выйсьці на вуліцы як пад эканамічнымі лёзунгамі, так і з патрабаваньнямі палітычных пераменаў у Беларусі, то мы будзем гатовыя да абвяшчэньня й правядзеньня такіх акцыяў.


Акцыяў пратэсту не плянуе й Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Сябры гэтай партыі зьбіраюцца сканцэнтравацца на абароне правоў грамадзянаў на месцах працы – кажа кіраўнік БХД Віталь Рымашэўскі.

В. Рымашэўскі: Агульнанацыянальнай акцыі пратэсту ані БХД, ані іншая палітычная сіла арганізаваць сёньня ня здольная. Ды й людзі ня здольныя пакуль выйсьці ў масавым парадку. У сувязі з крызысам, як бачыце, на Плошчу 100 тысячаў чалавек не выходзіць. А вось на стыхійныя пратэсты на прадпрыемствах людзі ўжо гатовыя. І вось якраз зь імі трэба быць салідарнымі. Ім трэба дапамагаць.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) фактычна ня мае кіраўніка. Партыйцы не прызнаюць свайго былога старшыню Анатоля Ляўковіча, а Мінюст не прызнае новаабранае кіраўніцтва. Таму калі акцыі пратэсту й праводзяцца, то ладзяць іх мясцовыя актывісты – тлумачыць сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч.

А. Сідарэвіч: Замест таго, каб займацца сацыяльнымі й палітычнымі справамі, абласныя арганізацыі вымушаныя займацца усялякімі арганізацыйнымі паседжаньнямі, сходамі, канфэрэнцыямі. Адным словам, Ляўковіч і ўлады зрабілі так, што партыя ня можа займацца сваёй статутнай дзейнасьцю.

Партыя БНФ апублікавала зварот, у якім асудзіла непразрыстую прыватызацыю. Аднак замест змаганьня за сэрцы грамадзянаў партыя цяпер вымушана змагацца за дах над галавой. Пра гэта распавядае экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў.

Р. Кастусёў: У заяве, прынятай на мінулым сойме, прагучала папярэджаньне расейскім алігархам. Пры зьмене ўлады ўсе аб’екты, якія былі непразрыста перададзеныя ў рукі алігархам, будуць вернутыя назад беларускаму народу. Але самай галоўнай праблемай для нас сёньня зьяўляецца праблема захаваньня офісу. Асноўную ўвагу мы ўдзяляем змаганьню з уладай у судах, каб адстаяць і захаваць офіс, які зьяўляецца ня толькі сядзібай партыі БНФ, але й офісам усёй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

Такім чынам, пратэстныя ініцыятывы, якія нібы грыбы растуць дзякуючы сацыяльным сеткам, маюць мала супольнага з тытульнай апазыцыяй. Зразумела, апазыцыйныя актывісты бяруць у іх удзел, але працэс гэты спантанны й ніякімі лідарамі не каардынуецца.

Аляксандар Папко