• Расея запатрабавала да Беларусі спыніць шалёную эмісію грошай
  • 10.06.2011

Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў раскрытыкаваў эканамічную палітыку беларускіх уладаў, расказаў, на якіх умовах з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС быў выдзелены крэдыт.

Паводле слоў дыплямата, праграма ўмоваў уключала ў сябе пятнаццаць пунктаў.

Аляксандар Сурыкаў: Выдача крэдыту абумоўленая адпаведным пагадненьнем, у якім пятнаццаць пунктаў. Гэта скарачэньне дзяржрасходаў, у тым ліку дзяжпраграм, скарачэньне дэфіцыту беларускага бюджэту, спыненьне вар’яцкага эмісійнага напаўненьня эканомікі пустымі грашамі, нейкія грошы ад праграмы прыватызацыі. Такіх пятнаццаць пунктаў.

Аляксандар Сурыкаў заўважыў, што краіна “жыла не па сродках”. І гэта прывяло да сур’ёзных эканамічных праблем. Ён нагадаў і пра зьмяненьні ўмоваў пастаўкі ў Беларусь расейскай нафты, калі ад 1995 году мытныя пошліны на нафтапрадукты паступалі выключна ў беларускі бюджэт, а з 2007 году Беларусь стала аддаваць частку пошлін Расеі.
Разам з тым амбасадар нэгатыўна ацаніў цяперашнія дзеяньні ўраду па пераадольваньні крызыснай сытуацыі. Таксама ён зазначыў, што Беларусь не прасіла ў Расеі новы крэдыт памерам 1 млрд даляраў – такую суму “знойдзеных” грошай назваў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей.

Аляксандар Сурыкаў: Я не чапаю таго, чаму адбылася крызысная сытуацыя, хто вінаваты. Гэта вам вырашаць. Хаця чаму – зразумела. Галоўная бяда ў гэтай сытуацыі, што адбылася, гэта – падзеньне рэальных даходаў насельніцтва ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля. Стымуляваньне дзяржаваю росту цэн у гэтай сытуацыі да ўзроўню суседніх краін, я вам прама скажу, насьцярожвае. У 1998 годзе мы, Расея, такім не займаліся. Цэны ў любой эканоміцы, а асабліва ў крызысныя пэрыяды імкнуцца да рынкавых. І роля дзяржавы ў стрымліваньні гэтых цэн, калі яна ня можа пакласьці ў кішэні народу такую ж колькасьць грошай.

Сурыкаў запэўніў, што Расея будзе дапамагаць Беларусі.

Аляксандар Сурыкаў: Расейская Фэдэрацыя дапамагала й будзе дапамагаць Рэспубліцы Беларусь па выхаду з крызысу, бо мы брацкія народы, і нам зусім нецікавая й непатрэбная сацыяльная нестабільнасьць тут у Беларусі. Мы адзіныя, гэта ж і нас можа закрануць, навошта нам гэта?

Пасол Расеі паведаміў, што ў чэрвені могуць завяршыцца перамовы аб продажы Газпрому 50 адсоткаў акцый ААТ “Белтрансгаз”. Раней  50 адсоткаў Белтрансгазу былі прададзеныя Расеі за 2,5 млрд даляраў.

Аляксандар Сурыкаў: Ідуць перамовы з Расейскай Фэдэрацыяй аб магчымасьці набыцьця Газпромам другога пакету акцый Белтрансгазу. Гэта ж прыватызацыя, не нешта такое. Ацэнка Белтрансгазу – рыначная, міжнародная, ня нейкая там. Сама Беларусь уваходзіць у фазу прыватызацыі 244 аб’ектаў. Ужо сёлета будуць выстаўленыя на гандаль 180 аб’ектаў.

Гэтым летам чакаюцца першыя грашовыя траншы ад Расеі на будаўніцтва Беларускай АЭС.

Аляксандар Сурыкаў: Мы чакаем падпісаньня дамовы аб будаўніцтве, напэўна, ужо напрыканцы чэрвеня – пачатку ліпеня. Пасьля гэтага пойдуць траншы крэдыту ўжо на будаўніцтва. Першы куб зямлі пад фундамэнт гэтай станцыі, наколькі я інфармаваны, будзе выняты ўжо ў верасьні.

Аляксандр Сурыкаў нагадаў, што Расея далучылася да нэгатыўнай ацэнкі Рады Эўропы падзей 19 сьнежня мінулага году ў Беларусі, калі сілавымі мэтадамі быў разагнаны пратэстны мітынг.  Аднак эканамічныя санкцыі расейскі бок не падтрымлівае.

Марыя Кароль