• Паміж радкоў: беларускія рэвалюцыі - камэнтар У.Падгола
  • Audio4.73 MB
  • 11.06.2011

“Наша Ніва” піша, што 7 чэрвеня менскія аўтамабілісты зладзілі акцыю пратэсту супраць падаражэньня паліва.
ДАІ й АМАП былі бяссільныя супраць соцен машын: на некалькі гадзін рух на цэнтральным праспэкце сталіцы быў блякаваны.
Калёна аўто з уключанай аварыйнай сыгналізацыяй і сымболікай акцыі «Стоп бэнзін!» — выявай чалавечка, які «страляе» сабе ў скроню з запраўнага пісталета ці белай стужкай на антэне — разцягнулася ад Галоўпаштамта да Цэнтральнага ўнівэрсама. Насустрач ёй рухалася другая, што займала праспэкт між плошчамі Якуба Коласа й Перамогі.
Трэція групы аўтааматараў выехалі на праспэкт у раёне цырку. Кіроўцы спыняліся, утвараючы лякальныя заторы, падымалі капоты. Хто-ніхто ставіў на дахі аўто пустыя каністры або проста здымаў на мабільнік мора машын.
Крайнюю правую паласу праспэкта Незалежнасьці арганізатары акцыі — грамадзкая ініцыятыва «За аўто» — заклікала пакідаць вольнай для руху грамадзкага транспарту. Не заўжды гэта ўдавалася. Аднак ніхто не перажываў: пасажыры выходзілі з аўтобуса і… апладзіравалі ўдзельнікам акцыі. Гледачоў сабраліся сотні: людзі махалі аўтамабілістам, крычалі «Стоп бэнзін!», пасьля пачалі «ахвяраваць» аўтамабілістам на паліва — на машыны пасыпаліся дробныя рублёвыя купюры. «Гэта ўжо не грошы, а фанцікі, за іх нічога ня купіш!» - казалі яны. Рэпарцёры “Нівы” не зафіксавалі ніводнай нэгатыўнай рэакцыі.
На мост цераз Сьвіслач у знак падтрымкі зьехаліся дзясяткі раварыстаў. Салідарнасць аб’яднала дарожных «праціўнікаў».
Аўтамабілісты блякавалі міліцэйскія эвакуатары, якія спрабавалі адцягнуць машыны, што спыняліся. Дзе-нідзе даішнікі пад агульны сьмех спрабавалі адкаціць іх уручную. ДАІ дзейнічала без агрэсіі, АМОН маўчаў. Каля крамы «Каравай» сумаваў незадзейнічаны аўтазак. У натоўпе на тратуары ля ГУМа апынуліся замежнікі, мяркуючы па акцэнце, немцы. Яны спыталіся ў жанчыны, што стаяла побач з рэпарцёрам «НН»: што адбываецца? Жанчына адказала ім коратка: падаражэньне паліва. «Тут блізка рэзыдэнцыя кіраўніка дзяржавы, — запыталіся немцы, — няўжо беларусы не баяцца пратэставаць?». «Раней баяліся, бо жорстка разганялі, — сказала кабета, — але цяпер сытуацыя ў краіне такая, што страх зьнік». «Давялі народ да крайнасьці», — падсумавала яна.

Акцыя “стоп бэзін!” выклікала страх у дыктатара. Ён на наступны дзень зьявіўся на тэлеэкранах і бэсьціў чыноўнікаў за рэзкае падвышэньне цэнаў на аўтапаліва. Унікальнасьць тэлерэпартажаў была на гэты раз вось у чым. На пачатку асноўных інфармацыйных перадач гледачам паказалі выступ уладара цэнаў і коштаў, дзе той разьюшана дзёўб чынавенства па нэрвах. Асабліва ўражвалі яго кпіны з адказных за кошт даляра. Уладар кошта беларускага рубля дапытваўся ў нейкага чыноўніка, якога тэлекамэра нават не паказвала, пра тое, адкуль яны ўзялі курс у 5 тысячаў рублёў за адзін амэрыканскі даляр. І потым паказалі фрагмэнты канцоўкі нарады, дзе ўладар курса даляра спакойна цьвердзіў пра тое, што курс у 5 тысячаў рублёў мусіць быць.

9-га чэрвеня а 19-й на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сабраліся актывісты суполкі «Вконтакте» «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», блёгеры й іншыя актыўныя інтэрнэт-карыстальнікі. Ідэя суполкі ў тым, каб прыхільнікі дэмакратычных перамен штотыдзень у вызначаны час зьбіраліся на галоўнай плошчы свайго горада. «Проста шпацыруйце, стойце — проста знаходзьцеся там. Ня трэба ніякіх сьцягоў і транспарантаў, ня трэба ніякай сымболікі», — пішуць арганізатары, - “першыя сустрэчы - можа быць мала людзей, але з кожным днём нас будзе рабіцца ўсё болей!».
Акцыя ў Менску, у якой узялі ўдзел некалькі соцен чалавек, прайшла менавіта па такім сцэнары. Праявамі актыўнасьці прысутных можна было назваць хіба плясканьне ў ладкі ды некалькі прасьпяваных пад гітару песень. Праз паўгадзіны ўдзельнікі разышліся, а кіраўніцтва менскай міліцыі, якое таксама прысутнічала на Кастрычніцкай плошчы, так і не наважылася зьвярнуцца да вялікай, але хаатычнай і неарганізаванай групы моладзі.

Расейскі тэлеканал НТВ перадаў рэпартаж пад назовам “Улады Беларусі ўпершыню спалохаліся”.

Сяргей Лінг раскрытыкаваў Нацыянальны банк і ўрад, якія дапусьцілі валютны крызыс у краіне, і назваў пастанову Саўміна № 662 бездапаможнай. Зрабіў гэта Сяргей Сьцяпанавіч 7 чэрвеня на чарговым паседжаньні Рэспубліканскага савета дзелавых колаў.
Інтэрнэт-газета Naviny.by ды “Народная воля” за пятніцу публікуюць вытрымкі з выступу Сяргея Лінга, які ўзначальваў беларускі ўрад у 1996 — 2000 гадах. Вось цытата зь Лінга:

«Цікава, хто распрацоўваў прагноз разьвіцьця краіны на 2010 год? Адказныя людзі, якія ставілі свае візы пад гэтым дакумэнтам, пачынаючы зь Мінэканомікі, яны жывыя, яны на зарплаце, яны працуюць? Трэба спытаць, чаму атрымаўся такі прагноз, які праваліўся яшчэ да завяршэньня першага паўгодзьдзя? Урад зьмяніўся? Але нехта за гэта павінен адказваць! Вы паглядзіце, наколькі бездапаможная гэтая пастанова! Зразумела, урад і ведамствы спрабуюць супакоіць насельніцтва. Але як можна супакоіць насельніцтва, калі чыноўнік высокага рангу проста нахабна хлусіць людзям: маўляў, цукру дастаткова, солі дастаткова, алею дастаткова, крупы досыць, не хапайце, ня трэба… Хапаюць жа не таму, што солі заўтра ня будзе, хапаюць таму, што заўтра будзе даражэйшая і ў людзей ня хопіць грошай! Пра гэта — ні гуку. Потым зноў заяўляюць: цэны на цукар не падвысяцца, на соль не падвысяцца, гэта мы гарантуем. Праходзіць месяц — бах, новыя цэны! Прэзыдэнт гаворыць з трыбуны: зь сёньняшняга дня няма росту цэнаў. На запраўку прыязджаю, каб бак заправіць — трэба ўжо 300 тысяч заплаціць. Прафэсіяналам, навукоўцам, прафэсарам, вядома, лёгка разважаць… А вы схадзіце ў краму з пэнсіяй, якую атрымліваюць нашы людзі - 500-600 тысяч рублёў. Шыя свіная каштуе 35 тысяч, бульба, якую прывезлі з-за мяжы,  14 тысяч рублёў за кіляграм. Я ўжо не кажу пра бананы або яблыкі па 30 тысяч. А на рынку такія ж па 12 тысяч…
Калі цэны адпусьцілі й пачаўся такі вось разбойны падыход да гэтай справы, то нехта павінен і адказаць. Не назіраецца кантралявальных дзеяньняў і эфэктыўных мераў няма.
Супакойваюць нас: вось на 40 відаў тавараў гандлёвыя надбаўкі зьнізіліся. Паглядзіце ўважліва на гэтыя працэнты, і вы ўбачыце, што гэта такое: што знізілася, а што ня зьнізілася. Такімі «выступамі» насельніцтва цалкам не супакойваецца. Напружаньне расьце з кожным днём. Вядома, людзі пакуль церпяць, сябе пакуль кантралююць, каб працу не страціць. Але ўнутры гэтага катла бурленьне можа дайсьці да таго, што й накрыўку сарве. А куды падзеўся наш Нацыянальны банк? Ён жа распрацоўваў гэтыя прагнозы, крэдытна-грашовую палітыку, узгадняў з урадам і прэзыдэнтам, падпісваў гэтыя дакументы, і мы пачынаем паводле іх жыць. Але вось выступае кіраўнік банка й кажа: пакуль я працую, ніякіх пытаньняў і дэвальвацыі не будзе. І мы ўсё яму верым, а калі нехта пляткарыць, то я яму: заторкніся, гэтага ня можа быць! Потым бабах — здараецца. І што? Як можна валютны рынак у краіне аддаць валютчыкам? Атрымліваецца, Нацыянальны банк сышоў з гэтага рынку! Як жа так? Хтосьці сказаў — статыстыка вінаватая… Можна знайсьці й іншага вінаватага, напрыклад, сяржанта міліцыі. Ёсць канкрэтныя адказныя людзі, ёсць становішча, закон, Канстытуцыя, там усё распісана, хто й за што адказвае. Трэба ўзяць адказнасць на сябе. Пазыкі, дэвальвацыя… Што здарылася, чаму? Я ўпэўнены, калі б два-тры месяцы таму выступіў прадстаўнік Нацбанка… Так, Пракаповіч захварэў, дай Бог яму здароўя, ня ён адзін у гэтым вінаваты, але вось ён увесь час казаў, што «будаўніцтва — гэта лякаматыў нашай эканомікі». А калі ацаніць, які прыбавачны кошт у будаўніцтве, у тым ліку й жыльля, то выявіцца, што ніякі гэта не «лякаматыў», гэта вялізарныя рэсурсы, хоць і траціліся яны на высакародныя мэты, але на макраўзроўні гэта трэба было бачыць. І калі б Нацбанк умяшаўся своечасова, правёў дэвальвацыю на 15–20%, ахнулі бы ўсе як мінулым разам, але курс даляра спыніўся б на чатырох тысячах, а не блукаў бы, як сёньня, у раёне васьмі. Урад павінен адказваць за свае справы, Нацбанк — за свае, і няма чаго сядзець як мышы пад венікам. Да людзей трэба ісьці й тлумачыць… Але паглядзіце на гэтую пастанову. Тут такія выразы, што мала вышэйшай адукацыі, каб разабрацца. За кожным радком — рост цэнаў. Я іду плаціць за трохпакаёвую кватэру — плачу 800 тысяч рублёў, за камунальныя паслугі, сьвятло, тэлефон… Ці можа хто-небудзь з простых пэнсіянераў такую суму заплаціць!? Два разы бак машыны заправіць — і двух мільёнаў няма. А як жыць астатнім? Таму лёзунгі, што трэба забраць грошы ў насельніцтва, добрыя для таго, у каго яшчэ можна нешта забраць. А калі нехта з такімі лёзунгамі пойдзе ў народ, то яшчэ невядома, як ён вернецца з гэтага народа. Напружаньне — будзь здаровы, і спытаюцца так, што будзь здаровы. І ўрад адкажа. Ня выключана, што ў гэтай сытуацыі прэзыдэнт наважыцца прынесьці ў ахвяру ўрад і кіраўніцтва Нацбанка. Гэта адна зь мераў, якая можа крыху супакоіць народ. Але калі мы ўсё гэта прафукаем, літасьці нам ня будзе ні тут, ні там…», сказаў у выступленьні Сяргей Лінг.

Лукашэнкаўская газэта “СБ” зя пятніцу друкуе стэнаграму круглага стала эканамістаў, кіраўнікоў бізнэс-структур. Яны крытыкуюць урад і Нацбанк вастрэй, чым гэта робіцца ў незалежным друку. Не называючы прозьвішча дыктара крытыкуюцца й ягоныя цьверджаньні й адзнакі.

Уладзімір Падгол, Менск

Ад Рэдакцыі: артыкул зьяўляецца аўтарскім тэкстам камэнтатара й не адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю АТ "Польскае радыё".