• Рэдакцыйная пошта: увага - конкурс! (аўдыё)
  • Audio7.62 MB
  • 11.06.2011

Рады вітаць вас, шматпаважаныя слухачы!

Сардэчна дзякую за шматлікую карэспандэнцыю, якая дастаўлена на віцебскую абанэнцкую скрынку.

Некалькі лістоў прыйшло з абласных цэнтраў: з Магілёва (ад Яўгеніі Цюркінай), з Гомеля (ад Уладзімера Баброўніка), з Горадні (ад Івана Раткевіча), зь Віцебска (ад Алясандра Мазго). Апошні зь пералічаных слухачоў таксама адправіў на электронны адрас dopis@tut.by аўдыёфайлы па выніках прыёму перадач. Карэспандэнцыю ад жыхароў абласных сталіц я разгледжу ў наступнай перадачы.

Сёньня пагартаю пісьмы ад нашых прыхільнікаў зь сельскай мясцовасьці й невялікіх гарадзкіх паселішч. Адтуль прыйшло нямала пошты. Пасьля доўгага перапынку зноў напісаў Бярнард Пакульніцкі з гарадзкога пасёлка Гарадзея, што ў Нясьвіжскім раёне Менскай  вобласьці. Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёна Берасьцейскай вобласьці адманіторыў апошнія перадачы й склаў рапарты. Вельмі шмат лістоў выслала Данута Крупіца зь Ліды Гарадзенскай вобласьці. У прыватнасьці, наша слухачка прыслала рапарты аб прыёме, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”, лісты ў перадачу “Рэдакцыйная дыскусія”.

Нягледзячы на тое, што справаздачы аб прыёме няма падстаў пацьвярджаць, бо там ёсьць некалькі недакладнасьцяў, я зачытаю агульныя тэхнічныя заўвагі па чутнасьці. Выглядае на тое, што спадарыня Крупіца слухала Варшаву з 13.30 да 14.30 UTC на частаце 11955 кілягерц. Прыём 20 траўня яна ахарактарызавала такім чынам: “Моц сыгналу выдатная, раз-пораз чутно перашкоды ад іншых станцый і атмасфэрныя шумы”. На наступны дзень сытуацыя маль цалкам паўтарылася. Цытую: “Добрая й выдатная чутнасьць. Моц сыгналу высокая. Перашкоды ад іншых радыё”. Іншая карціна назіралася на той жа частаце 27 траўня. Паслухайма: “Прыём быў выдатны толькі ў другой палове перадачы. Назіраўся кароткачасовы трэск, аднак у цэлым гэта ня паўплывала на чутнасьць”.

Тут хацелася б зьвярнуць увагу на выстаўленьне ацэнак паводле SINPO. Хоць прыём ня быў добры, Данута Крупіца выставіла усе пяць “пяцёрак”. Відавочна, гэтыя адзнакі не адпавядаюць рэальнай сытуацыі, якую слухачка апісала ў тэхнічных заўвагах. Нельга ставіць найвышэйшыя балы за дрэнную якасьць.

Між іншым, нагадаю, што такое сыстэма SINPO. S – гэта моц сыгналу радыёстанцыі. У нашых перадач яна дастаткова высокая на кароткіх хвалях. I – перашкоды ад іншых станцый. Радыё, якое можа быць чутно паралельна з нашай праграмай,  як правіла, працуе на той жа частаце або на суседніх. N – атмасфэрныя шумы. Напрыклад, гэта трэск ад разрадаў маланкі. Прычым навальніца можа быць на адносна вялікай адлегласьці. P – заміраньні. Яны заўважальныя тады, калі сыгнал слабее або часова зьнікае. O – агульная ацэнка чутнасьці.  Дарэчы, зусім неабавязкова, каб яна была сярэдняй ад чатырох папярэдніх. У прынцыпе, апошняя ацэнка павінна адлюстроўваць ўражаньне ад прыёму цягам усёй перадачы.

23, 25, 26 траўня і 1 чэрвеня Мікалай Волчык адманіторыў праходжаньне сыгналу на частаце 15480 кГц з 13.30 да 14.30 UTC. Чутнасьць цягам гадзіны была вельмі добрая або выдатная. Назіраліся нязначныя заміраньні. Якасьць прыёму была ацэнена аднолькава ва ўсе чатыры дні: 55545.
На гэтай жа частаце любіць прымаць нашы трансьляцыі Бярнард Пакульніцкі. У яго чутнасьць крыху горшая. 30 траўня яна выглядала так: 54544. У наступны дзень прыём пагоршыўся: 44434. 1 чэрвеня заміраньняў было менш: усе “чацьверкі” паводле SINPO. 2 чэрвеня чутнасьць значна палепшылася: 54554.

Паважаныя  сябры! Зь нецярпеньнем чакаю ад вас інфармацыі аб прыёме нашых праграм. Нагадваю, што справаздачы аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. У адказ прыйдзе электроннае пацьверджаньне. Справаздачы аб прыёме можна адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі й віцебскі адрасы нашай станцыі. У адказ рэдакцыя вышле QSL па звычайнай пошце.

Сардэчна запрашаю нашых прыхільнікаў выказвацца па тэме вяшчаньня праз тэлекамунікацыйныя спадарожнікі. Калі ласка, адкажыце на пытаньні: Як вы ставіцеся да гэтага сродку сувязі? Ці ёсьць у вас доступ да сатэлітарнай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь наша вяшчаньне па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз “талерку”?
Толькі дваццаць дзён засталося да завяршэньня дыскусійнага конкурсу. Я напамінаю ягоныя ўмовы. Калі ласка, занатуйце.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку й трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны і разважаньні прымаюцца толькі да 1 ліпеня 2011 года. Між іншым, можна напісаць не адну, а некалькі прац. Галоўнае – закранаць тэмы з розных галін жыцьця. Працы прагучаць у межах рубрыкі “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя лісты будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

На хвалях нашага радыё шмат гаварылася пра Кашубскі край. Сёньня першы й адзіны раз я абвяшчаю новы конкурс. Ён накіраваны на маладых слухачоў зь Беларусі. Запрашаем нашых прыхільнікаў ва ўзросьце ад 15 да 25 гадоў удзельнічаць у лясаваньні паездкі ў Кашубскі край. Два тыдні ў жніўні хлопцы й дзяўчаты зь Беларусі й Польшчы будуць знаёміцца з мовай, культурай, гісторыяй абодвух краін. Натуральна, што асаблівы акцэнт будзе зроблены на Кашубіі. Чакаюцца шматлікія экскурсіі па гэтым цудоўным краі, у Сопат і Гданьск.

Хачу адзначыць, што гэты конкурс надзвычай кароткатэрміновы. Ён будзе доўжыцца менш за тыдзень, да наступнай суботы. У пятніцу, 17 чэрвеня, а 24.00 паводле UTC, апошні тэрмін падачы заявак ад нашых маладых слухачоў.  Калі ласка, прысылайце свае лісты на e-mail dopis@tut.by ці на віцебскую абанэнцкую скрынку. Прашу вас пазначаць дакладныя каардынаты для сувязі: адрас, mail, тэлефон. Зразумела, вы павінны давесьці, што зьяўляецеся слухачамі нашых перадач або чытачамі матэрыялаў нашага сайта.

Пражываньне, харчаваньне, культурныя, спартыўныя й адукацыйныя мерапрыемствы ў летніку міжнароднага моладзевага абмену цалкам бясплатныя. Пераможцы конкурсу ўнясуць невялікую аплату за праезд да месца разьмяшчэньня ля вёскі Стэнжыца ў Кашубскім краі.

Шаноўныя сябры! Калі ласка, прысылайце адказы на конкурсы, рапарты аб чутнасьці, водгукі пра радыйны сайт, запоўненыя анкеты, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў” ды лісты на самыя разнастайныя тэмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас вэб-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

Юрась Сьцяпанаў