• Рэдакцыйная дыскусія
  • 15.06.2011

Сёньня я прадстаўлю вашай увазе, дарагія сябры, ліст ад нашай пастаяннай і актыўнай слухачкі й аўтаркі лістоў Дануты Крупіцы. Яна са шкадаваньнем паведамляе пра сьмерць нашага вернага сябра й слухача Аляксандра Жалкоўскага зь Ліды, вельмі сьветлага чалавека, купалафіла, якому не было роўных на тэмы літаратуры. Сьветлая яму памяць...

Спадарыня Данута закранае таксама пытаньне адносінаў да вэтэранаў, згадваючы, што праграма на такую тэму была паказана па тэлевізіі ОРТ. Аўтарка піша:

“Хоць мой бацька ўдзельнічаў у ІІ сусьветнай вайне, то калі вярнуўся з вайны, зямлю адабралі, хата згарэла на пачатку вайны, працы не было. Жылі спачатку на плебаніі, потым ў хляве.

Я згодная з прамоўцамі, якія заклікаюць Расею годна паклапаціцца пра вэтэранаў, дзе б яны ні пражывалі. Польшча, напрыклад, ужо даўно спансіруе сібіракоў (якіх саветы вывезьлі ні за што ў Сібір і Казахстан) і ўдзельнікаў вайны – камбатантаў. А, на маю думку, плаціць павінна РСФСР, як правапераемніца СССР. І ў польскіх санаторыях адпачываюць беларускія сібіракі ды камбатанты. Я не хачу галаслоўна разважаць, куды дзяюцца расейскія фінансы, але ўва ўсіх на слыху Лужко-Батурыны тэлеманы і г.д. Дык чаму ж гэта Леонцьеў ды іншыя крыкам крычаць у той час, калі грабіцелі забіраюць у іхніх вэтэранаў мэдалі. Крыкам крычаць на такіх самых удзельнікаў вайны, толькі іншай нацыянальнасьці – нацысты, фашысты. А чаму нашых абаронцаў у 1939 годзе завезьлі ў Катынь ды й там закатавалі? І да гэтага часу з боку Расеі няма вычэрпных адказаў на гэты конт. Цягам 50 гадоў укрывалі, фальшавалі так, што палова насельніцтва СССР ня ведала, як яны (палякі) там апынуліся. Мая знаёмая з абурэньнем казала мне ў мінулым годзе: “А чаго іх бура паперла ў тую Катынь, як яны там апынуліся? Трэба было ня лезьці...”

Аб усім дакладна я сама даведалася ў 50-ую гадавіну той трагедыі. 10 траўня 1990 году мы зьдзейсьнілі тое сумнае падарожжа. Усе прыязджаючыя ўскладвалі кветкі, вянкі каля крыжа, а наступныя наведвальнікі заставалі там спалены крыж і раскіданыя кветкі.

Не, я не заклікаю да сварак, але зь песьні слоў ня выкінеш. Некалі быў такі гімн моладзі (у 60-ыя):

Дети разных народов, мы мечтою об мире живём
В эти грозные годы мы за счастье бороться идём
Песню дружбы запевает молодёжь
Эту песню не задушишь, не убьёшь,
В наши ряды друзья

Увесь час за нешта змагаліся, за сьветлую будучыню, за камунізм. Ленін выбраў з усіх дзясяткаў тэорый разьвіцьця чалавечай цывілізацыі – тэорыю фармацый Карла Маркса й знэйтралізаваў усіх сваіх апанэнтаў, хоць ён вывучаў філязофію й аўтараў цывілізацыйнага падыходу да разьвіцьця чалавецтва – Данілеўскага, Салаўёва і іншых праваслаўных філёзафаў, якія сапраўды аналізавалі й казалі ісьціну на падставе сапраўдных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў – “не забівай”.

А вось што піша Томаш Тэрлікоўскі ў польскім рэлігійным выданьні “Госьць нядзельны”:

Гэта называецца праўдзівая любоў да радзімы, якая іх саміх ніколі не кахала. Праз 80 гадоў выгнаньня стараверцы вяртаюцца ў Расею й толькі тут адчуваюць сябе як дома. Прыехалі з Балівіі зь перасадкай у Парыжы. Дык які быў іх грэх? Пачалося ад канфліктаў паміж праваслаўнымі ерархамі ды царскімі ўладамі. Царскія ўлады жорстка каралі непакорных, высылалі на поўнач, адрубалі далоні, яшчэ горш трактавалі стараверцаў савецкія ўлады.

Сапраўдныя разыходжаньні былі не рэлігійныя, а літургічныя. Зьмены былі ўзятыя на ўзор грэцкай літургіі, была непрыязьнь да рускай традыцыі. Напрыклад, і цар Пётр браў за прыклад немцаў, галяндцаў, а рускіх традыцый не любіў.

Вось так коратка і павярхоўна”.

Відаць, спадарыня Данута хацела закрануць як мага больш тэмаў у адным лісьце, таму напісала свае разважаньні наконт розных справаў – тут і пытаньне адносінаў да вэтэранаў, і трактаваньне рэлігіі расейскімі ўладамі. Я думаю, гэтыя дзьве тэмы пераплятаюцца. Тое, як улады адносяцца да людзей, якія маюць адрозныя погляды, вызначае ступень іх талерантнасьці й адкрытасьці грамадзтва. У сваю чаргу, адносіны да вэтэранаў, здавалася б, вельмі цёплыя, але аказваецца, не да ўсіх, а толькі да тых “правільных”, згодных зь “лініяй партыі”. Дзякуем вам за ліст, дарагая спадарыня Данута, дзякуем таксама іншым нашым слухачам, і чакаем вашых разважаньняў на розныя тэмы, у тым ліку на тэму першых 10-ці гадоў 21-га стагодзьдзя, як вы іх ацэньваеце – гэтага датычыць наш новы конкурс. Да сустрэчы. 

нг