• Польскія мытнікі пераконваюць: „Не займайся кантрабандай!”
  • Audio3.65 MB
  • 15.06.2011

Улёткі, рэклямы ў СМІ, а таксама плякаты ў памежных парафіях з напaмінам, што контрабанда гэта грэх - так выглядае антыкантрабандная грамадзкая кампанія Мытнай службы ў чатырох ваяводзтвах, распаложаных уздоўж усходняй мяжы Польшчы.

Акцыя працягнецца тры бліжэйшыя тыдні, а яе адрасаты – гэта ня толькі кантрабандысты, але й грамадзяне, якія купляюць ад іх нелягальныя тавары, - гаворыць прэс-сакратар Беластоцкай мытнай палаты Марыюш Сітнічук.

Марыюш Сітнічук: Жыхары атрымаюць улёткі, у якіх нагадваецца пра антызаконнасьць кантрабанды й продаж тавараў зь нелегальных крыніц. Гэта першая такога роду акцыя ў Эўразьвязе, якую праводзіць Мытная служба Польшчы ўздоўж усходняй мяжы, дзе пражываюць жыхары, якія маюць непасрэднае дачыненьне з выпадкамі згаданага злачынства.

Кожны год польскія мытнікі змагаюцца з кантрабандай усё большай колькасьці тавараў. Пры гэтым не зьмяншаецца колькасьць кантрабандыстаў.

Марыюш Сітнічук: Гэта вынікае з узроўню жыцьця людзей, якія пражываюць і па адным, і па другім баку мяжы, а таксама з розьніцы ў цане тавараў у суседніх краінах. У Падляскім ваяводзтве кантрабандай звычайна займаюцца беларусы. Але ўжо на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю, у Вармінска-Мазурскім ваяводзтве кантрабандай займаюцца грамадзяне Польшчы.

- гаворыць прэс-сакратар Беластоцкай мытнай палаты Марыюш Сітнічук.

Як гаворыць каардынатар кампаніі Рышард Худы з Ольшынскай мытнай палаты, нелегальным увозам тавараў празь мяжу часта займаюцца цэлыя сем’і, прычым у грамадзтве згаданая зьява лічыцца нармальным заняткам, які прыносіць даход.

Рышард Худы: Людзі, якія пражываюць на памежжы й займаюцца кантрабандай, самі сябе пераканалі (бо так ім і выгадна), што кантрабанда - гэта нармальны спосаб зарабіць грошы, і што дзяржава зьяўляецца іхным ворагам. Таму пры дапамозе згаданай акцыі мы стараемся патлумачыць, што кантрабанда, гэта злачынства. Калі ты займаешся кантрабандай – ты злачынца!. А мы, дзяржаўная служба, будзем змагацца з парушэньнем заканадаўства.

- заявіў каардынатар кампаніі Рышард Худы з Ольштынскай мытнай палаты.

Дзякуючы кампаніі „Не займайся кантрабандай!” Мытная служба Польшчы хоча памяняць свой вобраз у польскім грамадзтве, - зазначае Марыюш Сітнічук зь Беластоцкай мытнай палаты.

Марыюш СітнічукМытня павінна ня толькі змагацца з кантрабандай, але й праводзіць прафіляктыку, тлумачыць людзям, што гэта злачынны занятак. Нам хацелася б, каб грамадзтва зразумела, што кантрабанда –гэта нелегальны заробак. Спадзяюся, што дзякуючы нашай акцыі ўдасца абмежаваць кантрабанду. 

- лічыць прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Марыюш Сітнічук.

Паводле неафіцыйных ацэнкаў, на Варміі й Мазурах кантрабандай займаецца каля 40 тысячаў чалавек, якія пэрыядычна перасякаюць мяжу з Калінінградзкай вобласьцю. Мытнікі разумеюць, што пры дапамозе інфармацыйнай кампаніі цяжка будзе пераканаць старэйшых людзей адмовіцца ад занятку. І таму яны кіруюць свой пасыл маладому пакаленьню. З гэтай мэтай мытнікі наведаюць мясцовыя школы, а ў паштовыя скрыні трапіць больш за 1 мільён 300 тысячаў улётак.

У акцыю заангажуюцца мясцовыя радыё- і тэлестанцыі, а таксама мясцовыя сьвятары, якія падчас набажэнстваў будуць нагадваць парафіянам, што кантрабанда - гэта грэх.
 
Кампанія „Не займайся кантрабандай!” закончыцца на пачатку ліпеня.

аз