• МВФ патрабуе рэформаў. Улады працягваюць гуляць у СССР
  • Audio4.71 MB
  • 15.06.2011

Міжнародны валютны фонд прапанаваў беларускаму ўраду працаваць разам, каб ставарыць плян выхаду краіны з крызысу. Першым крокам павінна стаць увядзеньне плаваючага курсу рубля. Ён дазволіць уцягнуць у беларускую эканоміку даляры, якія сёньня знаходзяцца на руках насельніцтва, і палегчыць працу фірмам – заявіў старшыня місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Крыс Джарвіс.

К. Джарвіс: Людзі ня хочуць прадаваць замежную валюту па афіцыйным курсе, у выніку ўзьнікае дэфіцыт. На наш погляд, перавагі плаваючага абменнага курсу ў тым, што ўсе будуць ведаць, чаму роўная вартасьць рубля. Курс будзе вызначацца ў выніку попыту-прапановы. Гэта аблегчыць доступ да замежнай валюты. Ураду й Нацбанку будзе прасьцей ацэньваць, наколькі правільную эканамічную палітыку яны праводзяць. Але я падкрэсьліваю, што мы прапануем комплекс мераў. І ён спрацуе, калі будуць рэалізаваныя ўсе прапанаваныя ў ім захады. Нацбанк павінен зрабіць больш жорсткай крэдытную палітыку, падвысіць працэнтныя стаўкі, а дзяржава павінна зрабіць больш жорсткай бюджэтную палітыку.

Пакуль што Нацбанк зрабіў дакладна наадварот. Ён аб’явіў цяперашні афіцыйны курс “адзіным раўнаважным курсам на ўсіх сэгмэнтах унутранага валютнага рынку”.  Гэта вынікае з прэс-рэлізу, апублікаванага на сайце галоўнай фінансавай установы.

Раўнаважным курсам называецца такая цана даляра, пры якой кожны можа свабодна набыць і прадаць валюту. Даляраў у абменьніках, аднак, як не было, так і няма.
Калі ўлады адпусьцяць курс даляра, то ён на некаторы час рэзка узрасьце, але хутка стабілізуецца на ўзроўні прыкладна 6800 рублёў за даляр. Эканоміка зможа працаваць – перакананы эканаміст Міхась Залескі.

Чаму ж тады ўлады ня хочуць уводзіць вольнага курсу рубля? Па першае, не жадаюць псаваць статыстыку заробкаў, а па-другое, хочуць адміністратыўнымі мэтадамі пазьбегнуць далейшага падзеньня ўзроўню жыцьця насельніцтва – тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

С. Чалы: Нават пасьля дэвальвацыі сярэдні заробак у Беларусі выглядае дастаткова рэспэктабельна – каля 300 даляраў. Калі вартасьць рубля панізіцца яшчэ на 25%, то заробкі ўжо ня будуць выглядаць так добра. Зь іншага боку, калі курс даляра вырасьце (а ён павінен вырасьці), то кошты імпарту таксама ўзрастуць, і рэальны ўзровень жыцьця стане ніжэй за той, які мы спрабуем штучна ўтрымаць, абмяжоўваючы цэны ды утрымліваючы курс даляра. 

Ёсьць і трэцяя прычына – савецкая звычка чыноўнікаў усім кіраваць, разьмяркоўваць і жаданьне мець уладу над усімі – кажа эканаміст Міхась Залескі.

М. Залескі: Сыстэма будзе выглядаць мілым для сэрцаў бюракратаў чынам: да іх будуць прыходзіць дырэктары прадпрыемстваў і прасіць грошы на крытычны імпарт. Будуць прыходзіць намесьнікі міністраў аховы здароўя, адукацыі й прасіць грошы на крытычны імпарт. Усе будуць прыходзіць і прасіць грошы на крытычны імпарт. А яны (такое слова толькі ў савецкай намвамове існуе) будуць “изыскивать” і “выделять”.

Апошняе рашэньне Нацбанку сьведчыць пра тое, што ўлады зьбіраюцца далей утрымліваць курс рубля, трымаць на нізкім узроўні цэны ды ўручную кіарваць эканомікай – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. Таксама яны будуць змагацца з перакосамі, выкліканымі такой палітыкай, кшталту дэфіцыту тавараў ці валюты. Наступствы такога курсу будуць трагічныя: паніжэньне ўроўню жыцьця людзей і падзеньне эфэктыўнасьці беларускай эканомікі.

Л. Злотнікаў: Пры такім курсе замежнай валюты да нас ня прыйдуць замежныя інвэстары. Міжнародны валютны фонд будзе ў жалобе, і ніякіх крэдытаў мы не атрымаем. А бязь зьнешняй падтрымкі ўзровень жыцьця можа яшчэ больш панізіцца. Зь Беларусі пачнуцьць уцякаць спэцыялісты – яны паедуць працаваць і атрымліваць нармальныя заробкі і ў Польшчу, і тым больш ў Расею. Сытуацыя будзе дрэнная. Пакуль кіраўніцтва краіны будзе адмаўляцца ад рынкавых рэформаў (маўляў, мы захаваем у сябе сацыялізм і справядлівае разьмеркаваньне) у нас нармальнай эканомікі ня будзе.

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы перакананы, што доўга ўтрымліваць курс валюты й цэны ня ўдасца, бо ўрад усё роўна папросіць крэдыт у МВФ. “Прапановы Міжнароднага валютнага фонду слушныя. Іх трэба выконваць, каб у будучыні жыць нармальна”, – лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. “Беларускае кіраўніцтва ня хоча рэформ”, – перакананы Міхась Залескі. Яно хоча штогод рапартаваць аб 10% росьце ВУП, хоча гуляць у папулізм, у паказчыкі, гуляць у СССР – рэзюмаваў эканаміст. 

Аялксандар Папко