• Акцыя маўклівага пратэсту прайшла ў 29 гарадах Беларусі
  • Audio5.02 MB
  • 16.06.2011

Некалькі тысячаў чалавек прынялі ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту “рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Упершыню людзі сабраліся ня толькі на цэнтральнай плошчы Менску. Акцыя прайшла ажно ў 28 рэгіянальных гарадах Беларусі.

Беларусы ўжо празвалі гэтую акцыю “народнымі гуляньнямі”, нібы іранізуючы над афіцыёзнымі сьвятамі, кшталту “Дажынак”. Ідэя маўклівага пратэсту нарадзілася ў Інтэрнэце некалькі тыдняў таму. Нехта з карыстальнікаў сацыяльных сетак запрапанаваў беларусам зьбірацца на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў а 19 гадзіне кожную сераду й гуляць. Проста прагульвацца, пакуль у Беларусі не надыдуць зьмены. Без сьцягоў і лёзунгаў. Сустракацца з сябрамі, знаёміцца з новымі людзьмі, каб убачыць, як насамрэч многа тых, хто хоча эканамічных і палітычных пераменаў у Беларусі.

Акцыя хутка стала папулярнай. Калі тыдзень таму на Кастрычніцкую плошчу Менску выйшла некалькі соцень чалавек, то гэтым разам ў цэнтры сталіцы прагульвалася ўжо некалькі тысячаў. Настрой у людзей быў самы пазытыўны – распавядае ўдзельніца “народных гуляньняў” Дар’я.

Дар’я: Гэта былі 30 хвілінаў добрага настрою ў нашым ня самым вясёлым горадзе.  Людзі проста хадзілі па вуліцах. Усе машыны сыгналілі, людзі пляскалі ў далоні. Асабліва моцна пляскалі, калі ішоў АМАП ці міліцыя. Калі АМАП адсоўваў людзей з вуліц, ніхто не супраціўляўся. Усе спакойна пераходзілі на іншае месца й пляскалі там. Ва ўсіх быў проста выдатны настрой. Зьявіліся людзі з бубнамі й гітарай. Мы сьпявалі песьню Цоя “Мы ждём перемен”.  Уражаньні самыя пазытыўныя!

У цэнтар Менску былі сагнаныя сотні АМАПаўцаў і міліцыянтаў. Кастрычніцкую плошчу перакрылі мэталічнымі турнікетамі,зачынілі станцыю мэтро “Купалаўская”. Але як можна забараніць людзям прагульвацца? Нават тыя, хто  даведаўся пра акцыю упершыню на вуліцы, ахвотна падтрымлівалі яе й далучаліся – кажа Дар’я.

Дар’я: Нічога ня трэба было нікому тлумачыць. Усё й так зразумела. Ні ад аднаго мінака мы нічулі ніводнага нэгатыўнага слова. Яны пыталіся: “Што гэта такое? Чаму тут столькі людзей?” Мы тлумачылі ім і запрашалі прыходзіць праз тыдзень. Ва ўсіх было адчуваньне еднасьці й пазытыву.

Ашаламляльным фактам зьяўляецца тое, што ў сераду на плошчы выйшлі ня толькі менчукі, але й дзесяткі жыхароў іншых гарадоў. Каля двухсот чалавек выйшла на вуліцы ў Горадні, Магілёве й Гомелі. У іншых гарадах на “шпацыр” выйшлі па некалькі дзесяткаў грамадзян. Больш за 300 чалавек сабраліся на плошчы Леніна ў Берасьці.

Гэта былі людзі розных пакаленьняў – перадае нашая карэспандэнтка Рада Міровіч. Некаторыя прыйшлі цэлымі сем’ямі разам з дзецьмі. “Маўклівая рэвалюцыя” стала самай буйной за апошнія 10 гадоў не арганізаванй дзяржавай публічнай акцыяй у Берасьці.
Некаторыя прысутныя на плошчы рассказвалі, што досыць скептычна ставіліся да гэтай ініцыятывы. Але калькасьць удзельнікаў нашмат перавысіла іх спадзяваньні. Гаворыць Сяргей, адзін з удзельнікаў акцыі. 

СяргейЯ даведаўся пра гэтае мерапрыемства ад сябра, які падзяліўся спасылкай на артыкул з пазамінулай акцыі. Там быў фотаздымак, на якім было вельмі мала чалавек, каля 10. Таму вельмі скэптычна пастваіўся да гэтага мерапрыемства. Але, на гэты раз, калі пад’яжджаў да плошчы, за мэтраў 100 ужо было відаць вялікі натоўп. Ад хваляваньня ў мяне ажно пачалі трэсціся рукі.  Я ездзіў на ровары паміж людзей, і прыемна было паглядзець, бо ўсе людзі былі вельмі цікавыя, зусім не падобныя тых, хто зьбіраецца на сьвяце “Дажынкі”. Людзі абсалютна нічога не рабілі, і міліцыя паводзіла сябе абсалютна спакойна.

У цэнтрах ўсіх буйных гарадоў Беларусі дзяжурылі міліцыя й АМАП, стаялі аўтазакі. Нягледзячы на тое, што міліцыянты ня мелі ніякіх падставаў затрымліваць людзей, каля 140 асобаў былі ўсё-такі затрыманыя. Некалькі гадзінаў пазьней іх адпусьцілі без складаньня пратаколаў. Сярод тых, каго даставілі ў пастарункі, былі 9 журналістаў - у тым ліку супрацоўніца варшаўскага радыё TOK FM Агнешка Ліхнэровіч і расейскі тэлеапэратар Барыс Чарняўскі. Пра акалічнасьці свайго затрыманьня нам распавядае сама журналістка.

А. Ліхнэровіч: Нас прывезьлі ў пастарунак. Я сказала, што ня буду адказваць на пытаньні, таму што яны ня хочуць паведаміць мне, ці зьяўляюся я затрыманай, ці не, што я тут раблю і што са мной будзе далей. Я запатрабавала выклікаць консула. Гэтая абсурдная сытуацыя доўжылася пару гадзінаў, пасьля чаго нас проста выпусьцілі. Без усялякіх тлумачэньняў.

Уладзе становіцца ўсё цяжэй пагасіць абурэньне беларусаў, а пратэстныя настроі будуць нарастаць далей – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Уладам дадасца галаўнога болю. Ня факт, што такія акцыі праз тыдзень-два перарастуць у рэвалюцыю, як у Эгіпце, але рэжым пачувае сябе ўсё болей дыскамфортна. Яму ўжо стае спэцназу й турнікетаў. Ступень напружанасьці будзе нарастаць. Рэжым будзе ўсё больш хістацца.

Такім чынам, нікім не арганізаваная й не кіраваная “маўклівая рэвалюцыя” ўпершыню ахапіла ўсю Беларусь. На “народныя гуляньні” выйшлі людзі ня толькі ў Менску ды ўсіх абласных цэнтрах, але й у Полацку, Салігорску, Кобрыне, Лідзе, Бабруйску, Пінску, Оршы, Ваўкавыску, Мастах, Горках ды іншых гарадах.


Аляксандар Папко