• Рэдакцыйная пошта (аўдыё)
  • Audio7.56 MB
  • 18.06.2011

Добрага часу сутак, дарагія сябры!

Шчыра ўдзячны за вашу пошту. Яна пастаянна прыходзіць з усіх рэгіёнаў Беларусі й тычыцца самых розных тэм. Некаторыя нядаўнія допісы вы пачуеце ў гэтай і ў будучай перадачы “Рэдакцыйная пошта”, а таксама ў ліпені ў “Рэдакцыйнай дыскусіі”.

Сёньня гаворка пойдзе пра карэспандэнцыю, якая тычыцца якасьці прыёму нашай станцыі. Апошнім часам справаздач так многа, што складваецца ўражаньне быццам ідзе чарговы конкурс рапартаў. Тымчасам гэта проста ваш адказны падыход, дарагія слухачы. Я ў захапленьні!

Лідчанін Аляксандар Ендза прыслаў на электронную скрыню dopis@tut.by два рапарты аб чутнасьці. 11 чэрвеня ён злавіў нас на сярэдніх хвалях. Цягам гадзіны рэтрансьляцыя на 1386 кілягерцах даволі добра чулася. Прыёму заміналі невялiкія  атмасфэрныя шумы й замiраньні сыгнала. У выніку атрымаліся такія ацэнкі паводле SINPO: 55444. 14 чэрвеня спадар Ендза слухаў нас на кароткіх хвалях з 13.30 да 14.30 UTC на 15480 кГц. Да 14.04 сыгнал праходзіў зь невялікімі заміраньнямі. А 14.04 UTC ён нечаканана зьнік. Празь дзесяць хвілін пачулася іншая станцыя. Аляксандар Ендза яе ня змог індыфікаваць. Сыгнал Польскага радыё для замежжа аднавіўся толькі а 14.26. Ён праходзiў зь невялiкiм атмасфэрным шумам i замiраньнямі. Перадачу з 13.30 да 14.04 лідчанін ацаніў амаль на ўсе “пяцёркі”: 55545. З 14.26 да 14.30 UTC “чацьверак” паболела: 55444.

Наша даўняя прыхільніца з Магілёва Яўгенія Цюркіна праслухала некалькі перадач. Прадстаўлю вынікі прыёму па аднаму правільна складзенаму рапарту. 4 чэрвеня спадарыня Цюркіна слухала гадзінную  праграму а 13.30 UTC на частаце 11955 кілагерцах. Чутнасьць была ідэальнай: усе пяць “пяцёрак” паводле SINPO.  
      
Аляксандар Мазго зь Віцебска склаў рапарты аб чутнасьці дзьвюх перадач. 29 траўня ён цягам 45 хвілін слухаў выпуск на 15480 кілягерц. Прыём на гэтай частаце выглядаў так: 45544. 6 чэрвеня наш сябра цягам паўгадзіны маніторыў эфір на 11760 кГц. Чутнасьць нашай перадачы была вельмі кепскай: 23542. У тэхнічных заўвагах спадар Мазго занатаваў наступнае: “У пачатку перадачы зьнікаў гук. Перашкаджала станцыя на 11765 кГц на кітайскай мове. А 16.45 UTC сыгнал перастаў быць зразумелым”. Аляксандар Мазго да папяровых справаздач дадаў гукавыя запісы праграм за 29 траўня й 6 чэрвеня.

Паважаныя  сябры! Зь нецярпеньнем чакаю ад вас інфармацыю аб прыёме нашых праграм. Нагадваю, што справаздачы аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. У адказ прыйдзе электроннае пацьверджаньне. Справаздачы аб прыёме можна адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі й віцебскі адрасы нашай станцыі. У адказ прыйдзе QSL па звычайнай пошце.
Дарэчы, на будучым тыдні я распачынаю чарговую рассылку пацьверджаньняў. Сапраўдная хваля QSL павінна прыйсьці да вядучага беларускага DX-іста Сяргея Балбасава, які жыве на Гомельшчыне. Ён атрымае ажно 50 пацьверджаньняў за праслухоўваньне ў апошнія веснавыя й першыя летнія тыдні!
Запрашаю іншых радыёаматараў браць прыклад зь Сяргея Балбасава!

Адгукаючыся на просьбы нашых прыхільнікаў, я аднаўляю міні-рубрыку “Пара слоў для DX-ісістаў”. Як памятаюць сталыя слухачы, у ёй закраналіся разнастайныя пытаньні, зьвязаныя з радыёвяшчаньнем. Гэтаму ж прынцыпу яна будзе адпавядаць і далей.
Як перадало японскае замежнае вяшчаньне, радыё стала важнай інфармацыйнай крыніцай у рэгіёнах, якія 11 сакавіка пацярпелі ад землятрусу й цунамі ў паўночна-ўсходняй частцы Краіны ўзыходзячага сонца. У некаторых раёнах мясцовыя жыхары, якім удалося выжыць падчас стыхійнага бедства, адчынілі спэцыяльныя FM-станцыі для прадастаўленьня неабходнай інфармацыі сваім суседзям.

Сёлета адзначаецца 70 гадоў з моманту стварэньня Міжнароднага радыё Кітая й пяцідзесятая гадавіна з часу заснаваньня першага замежнага клюба слухачоў гэтай станцыі. Каб адзначыць гэтыя ўрачыстыя даты, з 1 чэрвеня па 1 сьнежня арганізуецца спэцыяльнае мерапрыемства “Пяць кантынэнтаў сустракаюць 70-годзьдзе МРК: выбар дзесяці найлепшых замежных клюбаў слухачоў”. Пра яго будуць актыўна казаць па радыё й паведамляць на партале МРК www.cri.cn. У прыватнасьці, у Інтэрнэце будуць разьмешчаны фатаграфіі, артыкулы, відэасюжэты. Тут жа можна будзе выбраць лепшыя клюбы слухачоў. У сьнежні прадстаўнікі пераможцаў прыедуць у Пэкін на цырымонію ўзнагароджаньня й ажыцьцявяць бясплатную экскурсійную паездку па Кітаю.

Наступная рубрыка будзе прысьвечана сытуацыі вакол перадаючага цэнтра Ватыканскага радыё ў Санта-Марыя-дэ-Галерыя.

Менш за два тыдні засталося да завяршэньня дыскусійнага конкурсу. Я нагадваю ягоныя ўмовы. Калі ласка, запішыце.
Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны й разважаньні прымаюцца толькі да 1 ліпеня 2011 года. Між іншым, можна напісаць не адну, а некалькі прац. Галоўнае – закранаць тэмы з розных галін жыцьця. Працы прагучаць у межах рубрыкі “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя лісты будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Шаноўныя сябры! Калі ласка, прысылайце адказы на конкурс, рапарты аб чутнасьці, водгукі пра радыйны сайт, запоўненыя анкеты, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў” ды лісты на самыя розныя тэмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.

Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас вэб-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

З матэрыяламі пра Беларусь можна таксама азнаёміцца на партале польскага грамадзкага вяшчаньня www.polskieradio.pl. Сярод мноства разнастайнай інфармацыі тут знаходзіцца разьдзел “Raport Białoruś”. У ім зьмешчаны навіны, рэпартажы, аналітыка, інтэрвію і блогі журналістаў Польскага радыё для замежжа. “Raport Białoruś” – выдатны польскамоўны мультымэдыйны рэсурс пра беларускія справы. Сардэчна запрашаю чытаць тэксты, слухаць перадачы, глядзець відэа ў гэтым разьдзеле нашага радыйнага партала.

Юрась Сьцяпанаў