• "Паміж радкоў": Лукашэнка абяцае шандарахнуць (аўдыё)
  • Audio6.62 MB
  • 18.06.2011

Увесь тыдзень усе СМІ, і ў першую чаргу прэзыдэнцкія, паказвалі й камэнтавалі пагрозу Аляксандра Лукашэнкі, які ў аўторак заявіў, што ўлады не дапусцяць несанкцыянаваных акцый і забастовак.
«У нас сьвядомыя ў Менску, у сацыяльных сетках у Інтэрнэце заклікаюць да забастоўкі, страйкі на мяжы ладзяць. Я так буду глядзець, назіраць, а потым як шандарахну, дык не пасьпеюць за мяжу перабегчы», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў аўторак у Менскай вобласці.
«Ладзяць там забастоўкі, што ім не дазволілі за бесцань вывозіць паліва, цыгарэты, іншыя тавары. Раней такіх называлі спэкулянтамі. Яны ж і ёсьць спэкулянты», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, «гэта — так званая рынкавая эканоміка». «Нідзе гэтага няма, а ў нас гэты рынак насаджаюць», — адзначыў Лукашэнка. «Я што, на гэта глядзець буду?». Паводле яго слоў, «вось сюды трэба прыйсці, на гэта поле…». «І папрацаваць», — падтакнула  кіраўнічка мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Газэта “Наша Ніва” й яе сайт паведамляюць, што ў Беларусі адзначаецца рост сацыяльнай напружанасьці. Як вядома, у выніку дэвальвацыі рубля сярэднія заробкі ўпалі на 60%. У той жа час рост цэнаў вымяраецца дзясяткамі працэнтаў.
У сацыяльных сетках віруе. Людзі арганізуюцца на маўклівыя гуляньні пратэсту на цэнтральных плошчах гарадоў.
Усё пачалося “Вконтакте”. Цяпер жа заклікі выходзіць на плошчу кожную сераду шырацца і ў “Фэйсбуку”. Народныя гуляньні, без транспарантаў і сцягоў — такая форма пратэсту абраная, каб удзельнікаў нельга было зьвінаваціць у масавай акцыі. Патрабаваньні ўдзельнікаў празрыстыя й бяз лёзунгаў — палітычныя й эканамічныя перамены.
У “Фэйсбуку” зьявілася свая суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Яе стваральнік — карыстальнік пад нікам Вольны Змагар. Да яе ўжо далучыліся тысячы чалавек. Наведаць старонку суполкі могуць толькі зарэгістраваныя на “Фэйсбуку” карыстальнікі.
Яна падхапіла ініцыятыву аднайменнай суполкі «Вконтакте», на заклік якой 8 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі адгукнулася каля тысячы чалавек. У Менску на Кастрычніцкую плошчу а 19-й выйшла каля 400 чалавек. У Гомелі на «маўклівую акцыю» сабралася каля 200 чалавек, у Берасьці й Магілёве па сотні чалавек. У Салігорску й Мазыры сходы скончыліся затрыманьнямі на кароткі час.
Ідэя суполкі ў тым, каб прыхільнікі перамен штотыдзень у вызначаны час зьбіраліся на галоўнай плошчы свайго гораду. Пры гэтым арганізатары заклікаюць, каб удзельнікі ня бралі з сабой сымболікі й транспарантаў, каб не было за што затрымліваць, а проста гулялі па плошчы ці проста стаялі на месцы. Першыя акцыі, якія прайшлі на мінулым тыдні, былі малаколькасныя. 8 чэрвеня карціна была якасна іншай. Магчыма, на гэта паўплываў поспех чарговай акцыі «Стоп-бэнзін», якая прайшла днём раней.
Арганізатары маўклівых пратэстаў спадзяюцца максымальна прадухіліць рэпрэсіі ўладатрымальнікаў. Але для паслугачоў уладара паслухмянасьці гэткая форма паводзінаў ня стане бар’ерам. Памятаеце, як у 1996 годзе пасьля Чарнобыльcкага шляху ў Менску міліцыянты затрымалі й зьняволілі глуханямога, напісалі ў пратаколе пра тое, што ён выкрыкваў антыдзяржаўныя лозунгі, лаяўся матам і толькі ў судзе высьвятлілася, што хлопец ад нараджэньня не размаўляе. Год таму адбыўся такі ж самы выпадак.

І вось сайт “Нашай Нівы” паведаміў, што адбывалася ў регіёнах у сераду пад час «Маўклівай рэвалюцыі». У Салігорску на падыходзе да галоўнай плошчы горада затрымалі 19 чалавек. Такія ж затрыманьні адбываліся ў іншых гарадах. Людзей хапалі на падыходзе да месцаў збору.

Абвастрэньне супрацьстаяньня паміж ахоўнікамі антынароднага рэжыму рэгулярна правакуе дыктатар. Так, калі ён абяцаў шарахнуць па мітынгоўцах, там жа ён абураўся людзьмі, якія хочуць купляць валюту й хваліў вяскоўцаў, якія не імкнуцца купляць даляры. І вось я адкрываю прэзыдэнцкую газэту “СБ” за сераду й чытаю на 3-й старонцы артыкул пра праблемы стасункаў паміж банкамі й крэдытаатрымальнікамі. Яны ўзялі валютныя крэдыты на будоўлю кватэры, але ня могуць купіць валюту, каб аддаць крэдыт. Прыводзяцца й прыклады, і прозвішчы. Калі ж людзі хочуць аддаць крэдыты беларускімі рублямі па курсу Нацбанка, тады банкі адмаўляюцца браць беларускія грошы. Такім чынам беларускія рублі нічога ня вартыя як сродак аплаты. З гэтай нагоды ўзьнік анэкдот, які прыводзіць “Наша Ніва”: “Урад забараніў вывозіць за мяжу макулатуру. Ці можна ехаць зь беларускімі рублямі?”

 Забарона вывозіць за мяжу шмат прадуктаў сягнула гратэскавых межаў. Так, калі сям’я зь дзеткамі едзе адпачыць у Крым, то яны амаль нічога ня могуць узяць зь дзіцячага харвачаньня. Уладар дзіцячага харчаваньня, макаронаў і малака, відаць, для свайго сынка Колі бярэ колькі хоча, а вось шэраговым Колям, Віцям і Дзімулям трэба пакідаць сваю ежу дома. Прапагандысты-пагудчыкі дыктатара цьвердзяць, што рост цэнаў выкліканы тым, што трэба выраўняць кошты з замежнымі. І тут усе незалежныя СМІ дагаворваюць: і заробак мусіць быць як у суседзяў.

 “Свободные новости плюс” пішуць пра стан апазыцыі пасьля судовых рэпрэсыяў і хвалі эміграцыі. Аналіз гэтых працэсаў паказвае, што сілы апазыцыі моцна аслабленыя. Але супроць дыктатуры ўздымаецца моладзь, якая ня хоча мець над сабой нялюбага бацьку, а таксама апазыцыйных генэралаў і маршалаў. Яе моц у вольналюбстве. Уладатрымальнікі так напалохаліся маўклівых мітынгаў, што міліцыянты па ўсіх СМІ сталі абвяшчаць пра намеры арганізатараў маўклівых мітынгаў выкарыстоўваць зброю й выбуховыя прыстасаваньні. Відаць, мы ўбачым яшчэ ні адзін выбух кшталту ў мэтро, толькі ён будзе зьдзейсьнены ў маўклівым натоўпе апазыцыйных людзей. Кандыдатуру выбухоўшчыка, відаць, ужо рыхтуюць…

“Наша Ніва” прыводзіць вынікі нядаўняга сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД Манаева. Яго сэнсацыйнасьцю ёсьць некалькі лічбаў: па-першае, у Беларусі фармуецца антылукашэнкаўская большасьць. Большасьць беларусаў ня верыць у афіцыўную вэрсію тэракта й лічыць улады вінаватымі ў валютнай крызе - такіх да 55%. І толькі да 35% уладзе па-ранейшаму давераюць. За рынкавыя рэформы выказаліся 66,6%, і гэта ўжо сымбаль палітычнай сьмерці дыктатара. Бо ягоныя пагудчыкі кожны дзень з усіх СМІ пераконвалі насельніцтва, што толькі дзяржаўнае кіраваньне можа пабудаваць рай у Беларусі. Гэты рай меў і дакладны параметар - заробак у 1000 даляраў, які абяцаў дыктатар на Ўсенародным сходзе напярэдадні выбараў. І вось падман раскрыўся. Уладар 1 000 даляравых заробкаў ня змог утрымаць нават і 500 даляраў, і людзі адчулі падман хваласьпеўшчыкаў моцнай руцэ. Гэтая моц насамрэч можа толькі сеяць страх, але ўраджай будзе такі ж, які сабралі ўсе дыктатары – нянавісць людзей.

Уладзімір Падгол, спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё

Ад Рэдакцыі: артыкул зьяўляецца аўтарскім поглядам камэнтатара й не адлюстроўвае афіцыйнай пазыцыі АТ “Польскае радыё”.