• Беларуская альтэрнатыўная музыка выходзіць з падпольля ў масы?
  • 28.06.2011

Афіцыйныя беларускія тэлеканалы заахвочваюць рокераў запаўняць эфіры. А некаторыя альтэрнатыўныя музыкі зь іменем адзначаюць, што Беларусь сёньня больш пэрспэктыўная за Піцер – расейскую “Мэку рок-музыкі”.

У пачатку 2000-х прысутнасьць альтэрнатыўнай музыкі, скажам, на БТ была анамальнай зьявай. Рокеры лічыліся спрэс апазыцыйнымі, нядобранадзейнымі элемэнтамі.

Сёньня колішняя тэндэнцыя разьвярнулася на 180 градусаў. На тэлеканале СТБ трансьлююць праграму “Музычны рынг”, дзе нават папсавікі вышушаныя выступаць нажыва, наймаючы вядомых рок-музыкаў у свой бэнд.

Яшчэ далей пайшоў тэлеканал АНТ, які арганізаваў у чэрвені шэраг альтэрнатыўных канцэртаў з удзелам жывых музыкаў. Так званыя “Вечары ў Мірскім замку”.

Лідэр “Троіцы” Іван Кірчук падчас свайго выступу ў Міры адзначыў, што аб’ехаў 80 фэстываляў ад Малайзіі да Партугаліі, і, нарэшце, за што дзякуй, яго запрасіла на буйны фэстывальны выступ беларуская тэлевізія.

Можа быць, і сапраўды альтэрнатыўныя беларускія музыкі адчуваюць сябе ня так і блага, як мы прызвычаіліся думаць? Гэта дае зразумець рок-князёўна Вераніка Круглова, распавядаючы пра сваіх бэрлінскіх калег, як яна запэўнівае, супэрмузыкаў.   А сучасныя тэндэнцыі разьвіцьця альтэрнатыўнай музыкі ў Беларусі Вераніка параўноўвае з расейскім  Піцерам.

Вераніка Круглова: Я прывожу альбом, плякат, і супэрмузыкі дзіву дзівяцца: “Гэта нерэальна!” Я бачу такія тэндынцыі ў Беларусі: гэта круцей, чым зараз у Піцеры.

Па словах Веранікі Кругловай, якая жыве то ў Менску, то ў Нямеччыне, ў Заходняй Эўропе прафэсійным музыкам “прабіцца”  не лягчэй, чым у нас.

Вераніка Круглова: На Захадзе супэрмузыкі граюць паўсюль: на рынках, на мастах, у мэтро. Таму што жэрці няма чаго.

Але што патрэбна беларускай альтэрнатыўнай музыцы, каб гурты сталі па-сапраўднаму вядомымі? Вераніка Круглова дае на гэта празаічны рэцэпт.

Вераніка Круглова: Паменш пантоў, паболей творчасьці, паболей кляснага прадукту. І трэба паважаць кожнага музыку, і сябе таксама.

Прадстаўнік дырэкцыі спэцпраэктаў тэлеканала АНТ падкрэсьлівае, што ў беларускай альтэрнатыўнай музыкі можа быць даволі вялікая аўдыторыя заўзятараў.

Прадстаўнік дырэкцыі спэцпраектаў АНТ:  Мы заўжды за пачынаньне. Калі мы бачым добры, якасны тэлевізійны прадукт, чаму б і не. Калі ў нас ёсьць якасныя гурты, якія граюць якасную музыку, якія пішуць “фанеры” ў добрых студыях, увесь час зьбіраюцца, іграюць, музыка для іх жыцьцё. Вельмі шмат маладых якасных калектываў, якім трэба даць штуршок. У альтэрнатыўнай музыкі таксама знойдзецца свая вялікая аўдыторыя.

Пры гэтым, як адзначыў прадстаўнік тэлеканала АНТ, беларускія альтэрнатыўшчыкі ў жыцьці даволі сьціплыя людзі, без “сюрпрызаў” у райдэрах.

Прадстаўнік дырэкцыі спэцпраэктаў АНТ:  А што тычыцца “зорнасьці”, усе абсалютна нармальныя, аб’ектыўныя людзі, усё выдатна. Авакада нікому не патрэбныя…

Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, пра якія распавядаецца ў гэтым сюжэце, сярод музкрытыкаў хапае тых, якія лічаць, што раскрыць патэнцыял альтэрнатыўнай музыкі ў Беларусі пакуль немагчыма. Няма рынку.
На тым жа тэлебачаньні музыкі граюць “за бясплатна”. А значыцца – альтэрнатыўным гуртам складана паказаць усё тое, на што яны здольныя. І Кіеву з Масквой, куды дагэтуль імкнуцца беларускія альтэрнатыўшчыкі, у Менску пакуль не чакаецца.

Аляксандр Парошын, Менская вобласьць